Дата нараджэння:
14.02.1937 Сычын, в., Слаўгарадскі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерці:
23.08.1987
Кароткая даведка:
пісьменнік, перакладчык, крытык, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы (1988)
Варыянты імя:
Стральцоў Міхась
Імёны на іншых мовах:
Стрельцов Михаил Леонтьевич (руская); Стрельцов Михась (руская);
3574 сімвалы
Даведка
Міхась (Міхаіл Лявонавіч) Стральцоў належыць да таго пакалення пісьменнікаў, якія жылі і працавалі ў другой палове XX ст. Яго творчасць вызначаецца непаўторнай індывідуальнасцю, адметным стылем, сваім падыходам да асвятлення рэчаіснасці, уласным светабачаннем і светаразуменнем.
Нарадзіўся М. Стральцоў у в. Сычын Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці ў сям’і настаўніка. Вучыўся ў Нова-Ельненскай сярэдняй школе (Краснапольскі раён), затым паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна, якое скончыў у 1959 г. Працаваў у рэдакцыях газеты «Літаратура і мастацтва» (1959–1961, 1969–1972), часопісаў «Полымя» (1961–1962), «Маладосць» (1962–1968). З 1984 г. быў загадчыкам аддзела крытыкі часопіса «Нёман».
Друкавацца М. Стральцоў пачаў яшчэ ў школьныя гады. Першыя яго вершы, напісаныя на рускай мове, былі змешчаны ў вучнёўскім рукапісным часопісе «Прамень» і ў газеце «За Радзіму» (1952). Празаічны дэбют адбыўся ў 1957 г. (апавяданне «Дома» надрукавана ў часопісе «Маладосць», № 1). Першая кніга апавяданняў «Блакітны вецер» выйшла ў 1962 г. У гэтым зборніку М. Стральцоў праявіў сябе тонкім псіхолагам, знаўцам чалавечай душы, побыту вёскі і горада. Вобраз блакітнага ветру – спроба ў слове пераадолець аднастайнасць жыцця. Гэта метафара, з дапамогай якой выяўляецца ўменне ў звычайным знайсці незвычайнае. Галоўнае месца ў кнігах «Сена на асфальце» (1966), «Адзін лапаць, адзін чунь» (1970), «Падарожжа за горад» (1986), кнізе выбраных твораў «На ўспамін аб радасці» (1974) займаюць лірызм, суб’ектыўна-аўтарскія адносіны да рэчаіснасці. Для твораў пісьменніка характэрнымі з’яўляюцца дакладнасць апісання ўнутранага стану чалавека, набліжэнне да праўды жыцця, пакутлівыя развагі і думкі, светлыя надзеі і спадзяванні. Адначасова з прозай М. Стральцоў пісаў поўныя роздуму і глыбокага пачуцця лірычныя вершы, якія ўвайшлі ў зборнікі «Ядлоўцавы куст» (1973), «Цень ад вясла» (1979), «Яшчэ і заўтра» (1983), «Мой свеце ясны» (1986). За апошні зборнік паэзіі аўтару ў 1988 г. была прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я. Купалы. Пісьменнік праявіў сябе як сапраўдны эксперыментатар: сустракаюцца вершы-споведзі, філасофскія мініяцюры, замалёўкі і іранічныя вершы-экспромты. Яднаюць іх тэмы душэўнай чысціні, сувязі сучаснага з мінулым, вечнасці і несупыннасці жыцця і інш. Усеагульным прызнаннем карыстаўся М. Стральцоў і як таленавіты крытык. Яго праблемныя артыкулы па пытаннях літаратуры і мастацтва, эсэ, творчыя партрэты пісьменнікаў увайшлі ў зборнікі «Жыццё ў слове» (1965), «У полі зроку» (1976) і інш. Навуковай грунтоўнасцю, эстэтычнасцю, культурай думкі, разуменнем лёсу паэта ўражвае адзін з творчых партрэтаў – эсэ «Загадка Багдановіча» (1969).
Міхась Стральцоў пераклаў на беларускую мову асобныя творы рускіх, украінскіх, італьянскіх, іспанскіх, лацінаамерыканскіх паэтаў, прозу Ч. Айтматава, Б. Пастарнака, Л. Лявонава і інш. Яго творы таксама перакладалі на рускую, англійскую, балгарскую, венгерскую мовы. Пісьменніку прысвячалі вершы А. Пысін, У. Караткевіч і іншыя паэты розных пакаленняў. Пра М. Стральцова і яго творы з глыбокай павагай пісалі Я. Брыль, Д. Бугаёў, А. Вярцінскі, А. Сямёнава і інш.
Па словах пісьменніка, ён заўсёды імкнуўся захаваць у літаратуры нацыянальныя традыцыі і ў той жа час падняцца да ўзроўню сучаснага стану мастацкай і філасофскай думкі. Тыя настрой і спачуванне, якія выклікаюць творы М. Стральцова, садзейнічаюць духоўнаму развіццю чытача, развіваюць успрымальнасць да праўды і дабра.