Дата нараджэння: 11.02.1807 Варацэвічы, в., Іванаўскі раён, Брэсцкая вобласць
Дата смерці: 26.04.1883
Кароткая даведка: кампазітар, піяніст, педагог, мастак, творчасць якога звязана з мастацкім жыццём Беларусі, Польшчы, іншых краін свету
Імёны на іншых мовах: Орда Наполеон (руская);
Біяграфія Напалеона Орды ўражвае неверагоднымі і захапляльнымі падзеямі, кожная з якіх уяўляе сабой своеасаблівы прыгодніцкі раман. Зараз усё часцей можна сустрэць у друку публікацыі, прысвечаныя гэтаму таленавітаму чалавеку. Усе яны падкрэсліваюць выключнасць, рознабаковую адоранасць, рашучасць, мэтанакіраванасць нашага земляка.
Нарадзіўся Н. Орда ў радавым маёнтку Варацэвічы (цяпер вёска ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці). У бацькоўскім доме Напалеон атрымаў добрую пачатковую адукацыю і ў 12 гадоў быў прыняты ў вядомую ў той час Свіслацкую гімназію. З 1823 г. вучыўся ў Віленскім універсітэце на фізіка-матэматычным аддзяленні і адначасова наведваў мастацкія кафедры гравюры, скульптуры, жывапісу і малюнка. Скончыць універсітэт яму не давялося – у 1826 г. Н. Орда быў выключаны за прыналежнасць да тайнага студэнцкага таварыства “Заране”, члены якога марылі аб незалежнасці Рэчы Паспалітай. Пасля арышту і 15-месячнага турэмнага зняволення Н. Орда змог вярнуцца ў родныя мясціны, дзе займаўся гаспадаркай і далейшай самаадукацыяй. Акрамя гэтага вызначылася яго прафесійная цікавасць да жывапісу і музыкі.
Напрыканцы 1829 г. Напалеона Орду залічылі ў расійскае войска, у конную гвардыю Літоўскага корпуса. Полк, у якім ён служыў, меў шмат рэвалюцыйна настроеных афіцэраў і салдат, таму невыпадкова, што яны прынялі бок паўстанцаў у 1830 – 1831 гг. За ўдзел у адной з бітваў Н. Орда быў узнагароджаны залатым крыжам Virtuti Militari і атрымаў чын капітана. Пасля падаўлення паўстання Н. Орда быў вымушаны эмігрыраваць. Прайшоўшы праз Аўстрыю, Італію, Швейцарыю, ён у 1833 г. апынуўся ў Парыжы, які ў гэты час стаў цэнтрам польскай рэвалюцыйнай эміграцыі.
Галоўнай мэтай для Напалеона Орды ў Парыжы стала вучоба. Плённа склалася яго сяброўства з А. Міцкевічам, Ф. Шапэнам, Ф. Лістам, Ю. Крашэўскім і іншымі дзячамі навукі і культуры. У Парыжы Н. Орда сістэматычна займаўся музыкай пад кіраўніцтвам Ф. Шапэна, з вялікім задавальненнем вучыўся ў яго кампазітарскаму майстэрству, дасягнуў асаблівых поспехаў у ігры на фартэпіяна. У 1838 г. менавіта Ф. Шапэн прапанаваў Напалеону выдаць свае музычныя творы. Так у адным з парыжскіх выдавецтваў пабачыў свет “Альбом твораў польскіх кампазітараў”, куды былі ўключаны некалькі фартэпіянных мініяцюр Орды. Праз некаторы час былі выдадзены яго ўласныя танцавальныя мініяцюры (паланэзы, вальсы, серэнады, мазуркі, калыханкі), ухваленыя Ф. Шапэнам і Ф. Лістам; выйшлі ў свет рамансы і песні Н. Орды на словы С. Вітвіцкага і А. Плуга. Лепшыя музычныя творы кампазітара, асабліва паланэзы, вылучаюцца віртуозным стылем, меладычнасцю. У некаторых пераважае песенны, лірычны пачатак. Пра высокі аўтарытэт Н. Орды ў музычных і тэатральных колах Парыжа, шырокае прызнанне яго творчых і арганізатарскіх здольнасцей сведчыць той факт, што ў 1847 г. яго запрасілі на пасаду дырэктара тэатра Італьянскай оперы ў Парыжы, аднаго з самых вядомых музычных тэатраў (у наступным годзе з-за рознагалоссяў сярод членаў праўлення тэатр быў закрыты).
Актыўнай была і педагагічная дзейнасць Н. Орды. У сярэдзіне 1850-х гг. ён напісаў “Граматыку польскай мовы для французаў” і выдаў яе ў 1856 г. у Парыжы, затым у 1858 г. у Берліне, а ў 1874 г. у Варшаве.
Шмат часу Н. Орда аддаваў грамадскай і сацыяльнай дзейнасці. Вядома, што ён быў сябрам Камісіі эміграцыйнага фонду, створанай яшчэ на пачатку 1830-х гг. Свой першы ганарар ад выдання “Альбома твораў польскіх кампазітараў” ён накіраваў на дапамогу збяднелым эмігрантам. З 1838 г. становіцца сябрам Парыжскага гісторыка-літаратурнага таварыства. У 1839 г. стаў членам Польскага літаратурнага таварыства, што дазволіла яму бліжэй пазнаёміцца з А. Міцкевічам. Разам з жонкай паэта Н. Орда наладжваў у іх доме цудоўныя музычныя вечары. А. Міцкевіч часта выступаў з паэтычнымі імправізацыямі ў літаратурных салонах, а яго чытанні неаднойчы суправаджаліся ігрой на фартэпіяна Н. Орды.
Мастацкую адукацыю Н. Орда атрымаў у студыі П’ера Жырара, майстра архітэктурнага пейзажа. Са свайго першага творчага падарожжа па гістарычных мясцінах Францыі і Рэйнскай зямлі Н. Орда прывёз дзесяткі малюнкаў і акварэлей, напісаных на вуліцах старых гарадоў, замалёўкі руін на фоне аліўкавых гаёў, палацаў, пастаялых двароў. Яго работы набывалі ў прыватныя калекцыі, друкавалі ў краязнаўчых, гістарычных часопісах і навуковых выданнях. Варшаўскі часопіс “Tygodnik ilustrowany” шмат гадоў вёў пастаянную рубрыку “З папкі Н. Орды”. Па дамоўленасці мастак аб’ехаў літаральна палову Еўропы: пабываў у Англіі і Шатландыі, Галандыі і Партугаліі, Алжыры… Многія з малюнкаў Н. Орды і сёння ўпрыгожваюць турыстычныя даведнікі.
Пасля аб’яўлення амністыі ў 1856 г. Н. Орда вярнуўся ў Варацэвічы. Згодна з даўнім рашэннем суда маёнтак быў канфіскаваны і прададзены. І ўсё ж, нягледзячы на цяжкасці, перыяд жыцця на радзіме аказаўся для Н. Орды самым плённым. Менавіта тут ён ажыццявіў сваю запаветную мару і стварыў унікальную энцыклапедыю ў малюнках многавекавой гісторыі Радзімы. Мэтай мастака Орды, яго творчым крэда было жаданне пакінуць нашчадкам дакументальна-мастацкую памяць аб багацейшай гісторыка-культурнай спадчыне роднага краю і суседніх краін яго часу: Літвы, Польшчы, Украіны, занатаваць “рэшткі былой цывілізацыі”. Яго малюнкі – гэта іканаграфічныя дакументы гісторыі архітэктурыі і для ўсіх даследчыкаў цяпер гэта агульнадаступная каштоўная крыніца інфармацыі.
Сёння дакладна вядома, што калекцыя арыгінальных малюнкаў Н. Орды, якія дайшлі да нас, складаецца з 1060 адзінак, у тым ліку 989 захоўваецца ў Кракаўскім нацыянальным музеі, 30 – у Нацыянальным музеі Варшавы, 30 – у бібліятэцы імя В. Стафаніка Нацыянальнай акадэміі навук Украіны і яшчэ некалькі адзінак – у іншых фондасховішчах.
Найбольшую вядомасць і папулярнасць мастак набыў пасля выпуску “Альбомаў відаў…”, вырашыўшы, што паказаць свае палотны для вялікай колькасці людзей зможа толькі праз іх серыйнае выданне. За дзесяцігоддзе (1873–1883) былі выдадзены 8 буйнафарматных серый-альбомаў, якія ўтрымлівалі 260 літаграфічных малюнкаў. Выдадзены альбомы былі ў Варшаве ў друкарні Максіміліяна Фаянса. Літаграфіі выконваў Алоіз Місурэвіч.
Семнаццаць апошніх гадоў жыцця, якія прайшлі на радзіме, для Напалеона Орды былі напоўнены бурлівай творчай дзейнасцю. Менавіта на зямлі продкаў Орда стварыў свае лепшыя мастацкія і музычныя творы. Бліскучым узорам яго творчасці гэтага перыяду стала яшчэ і падрыхтоўка падручніка для музыкантаў-аматараў “Gramatyka muzyki” (“Граматыка музыкі…”), завершаная ў 1870 г. (выдадзена ў Варшаве ў 1873 г.). Гэту працу, якая лічылася адной з лепшых у шэрагу вучэбных дапаможнікаў шмат дзесяцігоддзяў, аўтар прысвяціў С. Манюшку.
У 1883 г. па справах выдання сваіх альбомаў Н. Орда ў апошні раз наведаў Варшаву. Там 26 красавіка спыніўся яго жыццёвы шлях. Згодна з тастаментам Н. Орду пахавалі на радзіме, у Янаве (цяпер г. Іванава), у сямейным склепе.
Імя Напалеона Орды, папулярнае пры жыцці, у ХХ стагоддзі было ўжо амаль забытае. Адраджэнне яго імені было распачата з польскага боку. У 1964 г., у Польшчы, упершыню экспанаваліся малюнкі Н. Орды на выстаўцы “Архітэктурныя пейзажы ў польскім мастацтве 1870–1880 гг.”, арганізаванай Нацыянальным музеем Варшавы. У 1975 г. у Варшаве выдадзены “Каталог малюнкаў архітэктурных аб’ектаў са збораў Нацыянальнага музея ў Кракаве. Малюнкі Напалеона Орды”. У Беларусі ў гэты час да праблемы вяртання імя славутага ўраджэнца Беларусі звяртаюцца вядомыя даследчыкі беларускай культуры А. Мальдзіс, М. Кацэр, Л. Дробаў. Распачалі пошукавую работу творчая інтэлігенцыя і карэнныя жыхары Іванаўскага раёна – землякі Н. Орды. 31 жніўня 1997 г. у Іванаве адбылося ўрачыстае свята адкрыцця першага ў Еўропе бронзавага помніка Напалеону Орду (скульптар І. Голубеў). Імя мастака нададзена адной з вуліц Іванава (1992), а ў 1996 г. яно прысвоена Іванаўскай дзіцячай школе мастацтваў. У 2001 г. упершыню выдаецца і ў 2004 г. перавыдаецца альбом з літаграфіямі Н. Орды, на якіх адлюстраваны ўнікальныя аб’ екты гісторыі і культуры Беларусі.
Восенню 2005 г. у Парыжы адбылася ХХХІІІ сесія Генеральнай асамблеі ЮНЕСКА, на якой 200-гадовы юбілей мастака і кампазітара Напалеона Орды быў унесены ў спіс памятных дат планеты 2007 г. Годна і на высокім узроўні былі праведзены ўсе міжнародныя, рэспубліканскія, абласныя і раённыя мерапрыемствы. 12 лютага 2007 г. у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзентацыя альбома “Напалеон Орда”, складзенага мастаком Дз. Герасімовічам і пісьменнікам В. Чаропкам і прэзентацыя кампакт-дыска “Спадчына Напалеона Орды” (з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, 1807–2007), у які былі ўключаны алічбаваныя паўнатэкставыя выданні кніг Орды, 188 літаграфій і бібліяграфія работ аб яго жыцці і творчасці. Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі сумесна з Нацыянальнай камісіяй Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА і Міністэрствам культуры краіны правёў Міжнародную навуковую канферэнцыю, у рабоце якой бралі ўдзел амаль 40 вучоных Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны. 14 лютага ў родных Варацэвічах на Брэстчыне адбылося адкрыццё карціннай галерэі; 27 сакавіка у Францыі, у штаб-кватэры ЮНЕСКА, была разгорнута выстаўка, прысвечаная жыццю і творчасці Н. Орды; 28 сакавіка, у самым цэнтры Парыжа, непадалёку ад будынка “Опера Гарнье”, на доме № 9 па вуліцы Луі ле Гран была адкрыта першая ў Францыі памятная дошка ў гонар нашага суайчынніка. У гэтым жа годзе імя славутага Напалеона Орды было прысвоена адной з вуліц г. Мінска.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2006 г., актуалізаваны ў 2011 г.