Дата нараджэння:
03.08.1926 (сапраўдная), 03.09.1927 (па пашпарту) Канюхі, в., Капыльскі раён, Мінская вобласць
Дата смерці:
26.01.1994
Кароткая даведка:
пісьменнік, крытык, літаратуразнавец, грамадскі дзеяч, член-карэспандэнт НАН Беларусі, лаўрэат прэміі Міністэрства абароны СССР (1974), Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа (1976), кавалер ордэна "Знак Пашаны" (1977)
Варыянты імя:
Адамовіч Алесь
Імёны на іншых мовах:
Адамович Александр Михайлович (руская); Адамович Алесь (руская);
4438 сімвалаў
Даведка
Літаратуразнавец, пісьменнік і публіцыст Алесь Адамовіч аднолькава належыць да дзвюх культур — беларускай і расійскай. Чалавек чыстага сумлення, ён увесь свой талент свядома скіроўваў на барацьбу за праўду, ісціну і справядлівасць.
Нарадзіўся Аляксандр Міхайлавіч у вёсцы Канюхі Капыльскага раёна Мінскай вобласці ў сям’і ўрачоў. Праз год сям’я пераехала ў пасёлак Глуша Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці. Пятнаццацігадовым юнаком пайшоў у партызаны, радавым байцом змагаўся ў атрадах Бабруйшчыны. Пасля вайны скончыў філфак БДУ і аспірантуру. Значная частка жыцця А. Адамовіча звязана з працай у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы, дзе ён прайшоў шлях ад навуковага супрацоўніка да загадчыка сектара ўзаемасувязей літаратур. Абараніў доктарскую дысертацыю (1962), стаў прафесарам (1971), быў абраны членам-карэспандэнтам Акадэміі навук (1980). У 1962 — 1966 гг. і з 1987 г. жыў у Маскве, дзе вучыўся на Вышэйшых сцэнарных курсах, выкладаў беларускую літаратуру ў МДУ, а ў апошнія гады працаваў дырэктарам Усесаюзнага НДІ кінамастацтва Міністэрства культуры СССР.
А. Адамовіч быў глыбокім вучоным-літаратуразнаўцам і крытыкам, адным з вядучых на Беларусі. Дарэчы, і пачынаў ён творчую дзейнасць у 50-я гады менавіта як крытык. Яго пяру належаць такія вядомыя працы, як “Беларускі раман. Станаўленне жанру”, “Маштабнасць прозы. Урокі творчасці К.Чорнага”, “Здалёк і зблізку”, “Браму скарбаў сваіх адчыняю...”, шматлікія літаратурна-крытычныя зборнікі. Ім апублікавана пятнаццаць манаграфій, шмат літаратуразнаўчых і крытычных артыкулаў.
Маючы ўжо ўсесаюзны аўтарытэт крытыка і літаратуразнаўца, А. Адамовіч выступіў і як празаік, даўшы выхад пачуццям, перажыванням, роздуму, што насіў у душы з гадоў вайны, — напісаў дылогію “Партизаны” (раманы “Война под крышами” (1960) і “Сыновья уходят в бой” (1963)). Уступіўшы ва ўладанні мастацкай прозы пісьменнікам ваеннай тэматыкі, А. Адамовіч, хоць і цікавіўся праблемамі сучаснасці (аповесці “Асия” і “Последний отпуск”), ужо не змог адарвацца ад тэмы вайны. У 1972 г. з’яўляецца “Хатынская повесть” (лаўрэат прэміі Міністэрства абароны СССР (1974) і Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Коласа (1976)). Энергічнасць натуры Аляксандра Міхайлавіча, накіраваная на самаадданае служэнне перадавым імкненням часу, выклікала ў яго частую незадаволенасць сабою. Яму ўяўлялася, што толькі жывы факт утрымлівае ў сабе ўсю паўнату выяўлення душы чалавека і часу. І тады з’явіліся дакументальныя кнігі, напісаныя сумесна з Я. Брылём і У. Калеснікам (“Я з вогненнай вёскі...” (1975) пра вынішчэнне ў вайну беларускіх вёсак), Д. Граніным (“Блокадная книга” (1979)) пра ленінградскую блакаду). Аповесць “Каратели” (1981) як бы працягвае і дапаўняе тэму “Хатынской повести”. Пісьменнік узяў на сябе нялёгкую задачу паказаць пачварнасць фашызму зблізку, зазірнуць туды, дзе ў нармальнага чалавека павінна быць душа. Гэты твор — мастацка-дакументальны, шмат чаго ў ім заснавана на фактычных падзеях. Мастацкая спроба аўтара адлюстраваць жыццё на Зямлі пасля атамнай вайны зроблена ў аповесці “Последняя пастораль” (1986).
Каб атрымаць шырэйшую магчымасць звяртацца да мільённых мас людзей, з нястрымным запалам А. Адамовіч захапляўся публіцыстыкай і грамадскай дзейнасцю. Ён быў рэалістам не толькі ў творчасці, але і ў грамадзянскай пазіцыі; у першую чаргу ў страсных, пякучых, ярасных артыкулах і эсэ напрыканцы 80-х — 90-х гадоў у абарону міру, за ядзернае раззбраенне: “Выбери — жизнь” (1986); “Моление о будущем” (1987); “Додумывать до конца” (1988); “Отвоевались!” (1990); “Мы — шестидесятники” (1991). У апошнія гады ён увесь у віры гарачых падзей палітычных будняў. Беларускі народ удзячны А. Адамовічу за пазіцыю, занятую ім у адносінах да чарнобыльскай катастрофы. Усе свае нарысы, артыкулы, інтэрв’ю і іншыя матэрыялы, прысвечаныя Чарнобылю, ён сабраў у кнізе публіцыстыкі “Апакаліпсіс па графіку” (1992). Апошні твор, што выйшаў з друку пры жыцці аўтара, — аповесць-успамін “Vixi” (“Пражыта”) (1993) з дакладнай і важкай, як само наканаванне, назвай. Пісьменнік падводзіць вынік свайго жыцця, глядзіць на сябе як бы звонку, ацэньваючы сябе даволі жорстка, з уласцівай яму самаіроніяй. Літаральна за тыдзень да сваёй раптоўнай смерці 26.01.1994 г. А. Адамовіч перадаў часопісу “Нёман” рукапіс новага твора — “Путешествия из Минска в Москву и обратно”, твора вострага і надзённага, які прымушае думаць, аналізаваць, рабіць вывады, як і ўся папярэдняя творчасць пісьменніка.