Кароткая даведка:
паэт, перакладчык, публіцыст, дзяржаўны дзеяч, народны паэт Беларусі, ганаровы акадэмік НАН Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1981), Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы (1968), Літаратурнай прэміі імя Я. Купалы (1959), кавалер ордэнаў Леніна, "Знак Пашаны", імя паэта носяць вуліцы ў Гродне і Мінску
Псеўданімы:
Амельчык П.; Емельянов П.; Загорны Алесь; Конаўка Якуб; Лупаты Я.; Палясоўшчык Тарас; Паляшук; Паляшук Т.; Паляшук Якуб; Тарас; Якуб Конаўка з Ганцавіч
Імёны на іншых мовах:
Панченко Пимен Емельянович (руская);
5431 сімвал
Даведка
Прыхільнікам і аматарам беларускай паэзіі добра вядома імя аднаго з буйнейшых паэтаў XX ст., цудоўнага лірыка, сапраўднага паэта сучаснасці, паэта-грамадзяніна, народнага паэта Беларусі Пімена Емяльянавіча Панчанкі. Адметная, непаўторная і глыбока нацыянальная яго паэзія назаўсёды ўвайшла ў залаты фонд беларускай літаратуры.
Год нараджэння П. Панчанкі супаў з годам рэвалюцыйных падзей у нашай краіне. Нарадзіўся ён у Таліне, куды бацькі, беззямельныя сяляне, выехалі ў пошуках заробку. Пасля рэвалюцыі сям’я вярнулася на Беларусь. Жылі ў Бягомлі, Кіраўску, Талачыне. У Бягомлі будучы паэт скончыў сямігодку. Працаваў рабочым дрэваапрацоўчага камбіната ў Бабруйску і адначасова вучыўся на аднагадовых педагагічных курсах, пасля заканчэння якіх настаўнічаў у розных школах рэспублікі. Завочна скончыў філалагічны факультэт Мінскага педінстытута. З 1939 г. пачалася франтавая эпапея П. Панчанкі. Удзельнічаў у вызваленні Заходняй Беларусі, пасля чаго застаўся на службе ў Чырвонай Арміі. Па дарогах Вялікай Айчыннай вайны прайшоў у якасці франтавога карэспандэнта і завяршыў сваю ваенную службу ў 1945 г. у Іране. Пасля вайны П. Панчанка працаваў у розных перыядычных выданнях: загадваў аддзелам часопіса “Вожык”, быў намеснікам галоўнага рэдактара газеты “Літаратура і мастацтва”, галоўным рэдактарам альманаха “Советская отчизна” (папярэднік “Нёмана”). З 1966 па 1971 г. з’яўляўся сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Займаўся грамадскай дзейнасцю, у тым ліку быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. На грамадскіх пачатках узначальваў Рэспубліканскі Камітэт абароны міру. П. Панчанка – ганаровы акадэмік НАН Беларусі (1994). Быў узнагароджаны ордэнамі Леніна, Айчыннай вайны II ступені, Кастрычніцкай рэвалюцыі, трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума – Знак Пашаны, медалямі і граматамі.
Пісаць П. Панчанка пачаў яшчэ ў юнацтве. Упершыню апублікаваў свае вершы (“Ураджайнае” і “Моладзі”) у 1934 г. у альманаху “Ударнікі”. Як паэт ён пачаўся з лірыкі, аб чым сведчаць яго першыя зборнікі “Упэўненасць” (1938) і “Вераснёвыя сцягі” (1940). У іх знайшоў адлюстраванне рамантычна-ўзнёслы настрой мастака. Паэт услаўляе хараство і багацце роднай зямлі, заваёвы сацыялізма. Паэтычную сталасць П. Панчанку прынеслі вершы, напісаныя ім у час вайны. На франтавых дарогах ён бачыў кроў, смерць, балюча перажываў трагедыю беларускага народа. Яго ваенныя радкі прасякнуты верай у перамогу над ворагам, суперажываннем, спагадай да чужога гора. Адным з лепшых твораў таго часу не толькі ў беларускай, але і ўсёй савецкай паэзіі стаў верш П. Панчанкі “Сінія касачы”. Ваенныя ўражанні паэта склалі зборнікі “Дарога вайны” (1943), “Далёкія станцыі” (1945), “Гарачыя вятры” (1947). Адметнай з’явай у беларускай літаратуры стаў цыкл яго вершаў “Іранскі дзённік” (1944–1947). Ваенная тэма не пакідала паэта на працягу ўсяго яго творчага лёсу. У розныя гады ён напісаў шмат моцных па сіле эмацыянальнага ўздзеяння вершаў на гэту тэму (“Апельсіны”, “Кавуны”, “Камсамолец з Расоншчыны”, “Іх вечныя агні”, “Горкая гордасць”).
У пасляваеннай паэзіі П. Панчанкі часцей гучаць грамадзянскія матывы: барацьба за мір, услаўленне сацыялістычнага ладу, палёты ў космас, інтэрнацыянальныя сувязі. Адзін за другім выходзяць зборнікі паэта “За шчасце, за мір” (1950), “Шырокі свет” (1955), “Кніга вандраванняў і любові” (1959), “Нью-Йоркскія малюнкі” (1960), “Тысяча небасхілаў” (1962). Напісаная ў гэтыя гады лірыка-публіцыстычная паэма “Патрыятычная песня”, у якой паэт выказваў шчырае прызнанне ў любві да Радзімы, да людзей, была ў 1959 г. узнагароджана Літаратурнай прэміяй імя Янкі Купалы. Прыкметнай з’явай у літаратурным жыцці Беларусі стала і кніга яго вершаў “Пры святле маланак” (1966, Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я. Купалы 1968). Пачынаючы з гэтай кнігі, светаразуменне паэта становіцца больш заглыбленым, па-філасофску засяроджаным, разважлівым. Паэтычныя зборнікі П. Панчанкі “Снежань” (1972), “Крык сойкі” (1976), “Вячэрні цягнік” (1977) насычаны непакоем, роздумам над глабальнымі праблемамі сучаснасці, над будучыняй чалавецтва. У іх гучыць гарачая любоў да роднай зямлі, да чалавека працы. Глыбокім лірызмам прасякнуты зборнік П. Панчанкі “Дзе начуе жаўранак” (1983). На рускай мове кніга была выдадзена ў 1979 г. у Маскве і атрымала Дзяржаўную прэмію СССР 1981.
У канцы 1980 – пачатку 1990-х гг. у творчасці паэта ўзмацніліся публіцыстычнасць, палемічная вастрыня, сатырычны пафас. Вершы грамадзянскага гучання склалі зборнікі “І вера, і вернасць, і вечнасць” (1986), “Прылучэнне” (1987), “Горкі жолуд” (1988), “Неспакой” (1988), “Высокі бераг” (1993). Вялікі грамадзянскі рэзананс выклікала ў свой час “Паэма сораму і гневу”. Пасля смерці паэта з друку выйшлі яго кнігі “Зямля ў мяне адна” (1996) і “Жытнёвы звон” (2002), у якіх сабраны творы розных гадоў. П. Панчанку належаць шматлікія публіцыстычныя артыкулы і эсэ, успаміны пра вядомых беларускіх пісьменнікаў і падзеі літаратурнага жыцця. Ён аўтар кнігі літаратурна-крытычных артыкулаў “На паэтычным небасхіле” (1977). Перакладаў на беларускую мову творы А. Міцкевіча, М. Нагнібеды, Я. Райніса, Ф. Шылера і інш.
Паэт і публіцыст, крытык і перакладчык П. Панчанка шмат зрабіў для беларускай літаратуры, але асноўнае ў яго творчай спадчыне – яго вершы, якія былі выразнікамі дум і спадзяванняў эпохі, вершы, у якіх ніколі не было фальшы, але заўсёды адлюстроўвалася багатая гама чалавечых пачуццяў.