Кароткая даведка:
пісьменнік, перакладчык, публіцыст, народны пісьменнік Беларусі, ганаровы член НАН Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1952), Літаратурнай прэміі імя Я. Коласа (1964), Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа (1982), кавалер ордэнаў "Знак Пашаны", Дружбы народаў, ганаровы грамадзянін Карэліцкага раёна
Псеўданімы:
Асцюк І.; Асцюк Ів.; Бобрык Сымон; Брыль Янка; Дубец Пятрусь; Лапцік Рыгор Іванавіч; Лупаты Я.; Прышчэпа Ілюк; Пчала Я.; Сведка Іван
Варыянты імя:
Брыль Янка
Імёны на іншых мовах:
Bryl Ivan Antonavich (не вызначана); Bryl Yanka (не вызначана); Брыль Иван Антонович (руская); Брыль Янка (руская);
Крыптанімы:
Я. Б-ль; Янка Б.
5795 сімвалаў
Даведка
Імя выдатнага мастака роднага слова, народнага пісьменніка Беларусі, лаўрэата дзяржаўных і літаратурных прэмій, ганаровага акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджанага баявымі ордэнамі і медалямі, Янкі (Івана Антонавіча) Брыля добра вядома не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Амаль 70 год жыцця аддаў літаратуры гэты карыфей беларускай прозы.
Нарадзіўся Я. Брыль у Адэсе ў сям’і рабочага-чыгуначніка. У 1922 г. бацькі будучага пісьменніка вярнуліся на сваю радзіму ў вёску Загор’е (Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці), якая ў той час уваходзіла ў склад буржуазнай Польшчы. У 1931 г. Я. Брыль скончыў польскую сямігодку і паступіў у Навагрудскую гімназію, але не змог вучыцца з-за матэрыяльных цяжкасцей. У сакавіку 1939 г. ён пачаў служыць у польскай арміі. Вайна застала юнака пад Гдыняй. У выніку капітуляцыі польскіх войскаў ён трапіў у нямецкі палон, адкуль уцёк восенню 1941 г. У 1942 г. Я. Брыль стаў сувязным партызанскай брыгады імя Жукава Баранавіцкага злучэння, а ў 1944 г. – разведчыкам партызанскай брыгады “Камсамолец”. Рэдагаваў газету “Сцяг свабоды” Мірскага падпольнага райкома партыі і сатырычны лісток “Партызанскае жыгала”. Пасля вызвалення Беларусі працаваў рэдактарам мірскай раённай газеты, літаратурным супрацоўнікам газеты-плаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”, загадваў аддзелам рэдакцыі часопіса “Вожык”. У розныя гады Я. Брыль быў намеснікам рэдактара часопісаў “Маладосць” і “Полымя”, працаваў рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі, быў сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, вёў актыўную работу па ўмацаванню сувязей беларускай літаратуры з літаратурамі народаў СССР і краін сацыялістычнай садружнасці. Шмат сіл Я. Брыль аддаваў працы ў якасці старшыні Беларускага таварыства “СССР – Канада”. Двойчы выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.
Пісаць Я. Брыль пачаў з чатырнаццаці год, але ўпершыню выступіў у друку толькі ў 1938 г. Пачалася творчая дзейнасць пісьменніка з вершаў, якія асаблівага поспеху аўтару не прынеслі, і з апавяданняў, у якіх талент пісьменніка праявіўся вельмі ярка і шматгранна. У 1946 г. выйшла з друку першая кніга Я. Брыля пад сціплай назвай “Апавяданні”, у якую ўвайшлі некалькі апавяданняў і невялікая аповесць “У сям’і”, прысвечаныя жыццю заходнебеларускай вёскі. Мастацкі летапіс любага сэрцу пісьменніка Наднямоння працягваюць яго другі зборнік “Нёманскія казакі” (1947), а таксама аповесці “Сірочы хлеб”, працу над якой ён пачаў яшчэ да вайны, “У Забалоцці днее” (1950, Дзяржаўная прэмія СССР 1952) і “На Быстранцы” (1955). Ужо гэтыя першыя творы вылучылі Я. Брыля як арыгінальнага майстра лірыка-псіхалагічнай прозы, добрага знаўцу народнай мовы. Шмат разоў перакладалася ў розных краінах свету пранікнёна лірычнае апавяданне Я. Брыля “Галя” (1953), у якім на фоне жыцця заходнебеларускай вёскі раскрыты пачуццёвы свет галоўнай гераіні, яе глыбокая чалавечая драма.
Настойліва звяртаўся пісьменнік і да тэмы Вялікай Айчыннай вайны, тэмы народнага подзвігу. Класікай беларускай літаратуры стала яго апавяданне “Маці” (зборнік “Надпіс на зрубе”, 1958) – гімн беларускай жанчыне, маці, якая не пабаялася ў час Вялікай Айчыннай вайны даць прытулак знясіленым чырвонаармейцам. Тэма вайны знайшла адлюстраванне і ў апавяданнях Я. Брыля са зборніка “Працяг размовы”, які ў 1963 г. атрымаў Літаратурную прэмію імя Я. Коласа. У пачатку 60-х гг. з’явіўся ў друку славуты раман Я. Брыля “Птушкі і гнёзды”. Гэты адзін з самых аўтабіяграфічных твораў пісьменніка быў прынцыпова новым словам у жанры рамана, які сам аўтар назваў “кнігай адной маладосці”. Стылёвыя пошукі Я. Брыля нарадзілі арыгінальнае спалучэнне эпічных і лірыка-псіхалагічных элементаў, тую напружана-эмацыянальную плынь, якая была незвычайнай для традыцыйнай рэалістычнай прозы тых часоў. Унікальнай у сусветнай літаратуры стала і створаная Я. Брылём разам з А. Адамовічам і У. Калеснікам дакументальная аповесць “Я з вогненай вёскі…” (1975) – жудасныя ўспаміны ўцалелых жыхароў спаленых вёсак Беларусі, жорсткая, няўмольная, крывавая праўда пра вайну, пра фашызм. Яркай адметнасцю вылучаюцца такія выдатныя аповесці Я. Брыля, як “Ніжнія Байдуны” (1975) і “Золак, убачаны здалёк” (1978, Дзяржаўная прэмія БССР імя Я. Коласа 1982) – творы глыбінна нацыянальныя, у якіх яскрава выяўляецца маральнае здароўе, высакароднасць і прыродная мудрасць беларусаў. Аповесць “Ніжнія Байдуны” ад першай да апошняй старонкі ўспрымаецца як своеасаблівая паэтычная песня пра блізкіх аўтару людзей, яго землякоў. Уласцівы творчасці Я. Брыля аўтабіяграфізм асабліва адчуваецца ў гэтым творы. Аповесць “Золак, убачаны здалёк” – пра дзяцінства ў заходнебеларускай вёсцы. Крытыка адзначае, што ў беларускай літаратуры гэты твор практычна не мае роўных.
Трывалае месца ў творчасці Я. Брыля займаюць лірычныя мініяцюры, якія ён пачаў друкаваць з сярэдзіны 60-х гг. і якія склалі кнігі “Жменя сонечных промняў” (1965), “Вітраж” (1972), “Акраец хлеба” (1977), “Сёння і памяць” (1985), “Пішу як жыву” (1994), “Вячэрняе” (1994), “Дзе скарб ваш” (1997), “Сцежкі, дарогі, прастор” (2001), “Блакітны зніч” (2004), “Парастак” (2006). Мініяцюры Я. Брыля грунтуюцца на звычайных канкрэтных фактах, якія пісьменнік не проста ўзнаўляе, а перадае свае ўражанні ад іх, сваё глыбокае, заўсёды непаўторна-асабістае, арыгінальнае іх разуменне. Менавіта ў жанры лірычнай мініяцюры адчуваў сябе пісьменнік найбольш раскаваным. Мініяцюры былі своеасаблівай кнігай яго жыцця, лірычнай споведдзю прызнанага майстра пра сябе і свет, пра самых блізкіх людзей, пра светлыя і сумна трагічныя праявы быцця.
Уся творчасць Я. Брыля прасякнута глыбокім, чыстым пачуццём да сваёй радзімы. Шчырае, сумленнае служэнне роднай зямлі, роднаму народу было галоўнай мэтай і сэнсам яго жыцця.