Дата нараджэння:
22.02.1932 Чамяры, в., Слонімскі раён, Гродзенская вобласць
Кароткая даведка:
скульптар, народны мастак Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1977), прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва (2014), кавалер ордэна Францыска Скарыны (2023)
Варыянты імя:
Місько Іван Акімавіч
Імёны на іншых мовах:
Misko Ivan Yakimavitch (не вызначана); Миско Иван Якимович (руская);
4516 сімвалаў
Даведка
У кожнага чалавека ёсць дарагі сэрцу куток зямлі – малая радзіма. Для Івана Якімавіча Міско гэта в. Чамяры Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці. Тут жылі яго прадзеды, дзяды, бацькі; тут ён нарадзіўся, пайшоў у школу, дзе захапіўся маляваннем. У 1950 г. І. Я. Міско паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча. Пасля першага курса прызвалі ў армію, але і там ён займаўся любімай справай: спачатку быў мастаком у армейскім клубе, потым маляваў для акружной газеты. Завочна скончыў вучылішча пры Усесаюзным доме мастацкай творчасці імя Н. К. Крупскай у Маскве. Пасля службы працягваў вучобу ў Мінску. Дыпломная работа “Юнацтва” (1957) стала пачаткам творчай біяграфіі мастака. Ён прымаў удзел у рэспубліканскіх і ўсесаюзных выстаўках, тройчы працаваў на міжнародных пленэрах па скульптуры ў ГДР. У 1961 г. І. Я. Міско паступіў у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Прыняты ў Саюз мастакоў БССР, калі быў яшчэ студэнтам (1965). Праз год Іван Якімавіч закончыў інстытут. Яго скульптурная кампазіцыя “Суровыя гады” (1966) падвяла вынікі вучобы. Гэта работа стала своеасаблівым водгаласам на абпаленыя вайной дзіцячыя гады мастака.
Амаль 20 гадоў І. Я. Міско працаваў у Дзяржаўным мастацкім музеі Беларусі. Гэта быў надзвычай плённы перыяд для творчасці. Работа ў музеі дала магчымасць удасканаліцца ў прафесіі. Узбагачала, служыла прыкладам, напаўняла творчасць новым зместам і сумесная праца з такімі славутымі скульптарамі, як А. К. Глебаў, А. А. Бембель, З. І. Азгур. Добра працавалася і ў творчым калектыве з калегамі і аднадумцамі А. М. Заспіцкім, М. А. Рыжанковым, архітэктарам А. Р. Трафімчуком. У плённай садружнасці нарадзіўся манумент у гонар маці-патрыёткі ў Жодзіне (1975), яе правобразам стала А. Ф. Купрыянава, пяцёра сыноў якой загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. За гэту працу аўтарскі калектыў атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР у 1977 г.
Сярод работ І. Я. Міско шмат скульптурных партрэтаў і кампазіцый. Гэта помнікі Герою Савецкага Саюза І. Кабушкіну ў Баранавічах (1973), заснавальніку беларускага тэатра І. Буйніцкаму ў в. Празарокі Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці (1976), пісьменніку М. Горкаму ў Мінску (1981), мастаку І. Рэпіну ў Здраўневе каля в. Койтава Віцебскага раёна (1990), пісьменніку І. Аксакаву (2010) у с. Надзеждзіна Белябееўскага раёна (Башкірыя). Ён аўтар мемарыяльных дошак В. Вуячычу (2004) і І. Шамякіну (2006) у Мінску. Плённа працаваў і працуе І. Я. Міско над вобразамі сучаснікаў – гэта героі працы, акадэмікі, дзяржаўныя дзеячы, дзеячы беларускай літаратуры і мастацтва, славутыя спартсмены. Не адну гадзіну ў майстэрні скульптара правялі актрыса С. Станюта, пісьменнік Я. Маўр, акцёр М. Яроменка, алімпійскі чэмпіён А. Мядзведзь і інш.
Вялікую цікавасць уяўляюць творы І. Я. Міско, прысвечаныя касманаўтыцы. Ён працаваў над бюстамі касманаўтаў Ю. Гагарына (1968), П. Клімука (1978), У. Кавалёнка (1980) і інш. Мастаком выканана цэлая галерэя скульптурных партрэтаў касманаўтаў розных краін – ЗША, Англіі, Францыі, Аўстраліі, Афганістана, Румыніі, Германіі і інш. Касмічнай тэме прысвечаны многія кампазіцыі скульптара: “Саюз-Апалон” (1985), “Да зорак”, “У будучыню” (абедзве 1994), “Космас”, “Рэпартаж з космасу” (абедзве 1999). У 2000 г. І. Я. Міско быў запрошаны на Міжнародны сімпозіум па скульптуры ў Ліван, дзе высек з мармуру і пакінуў у падарунак г. Алія кампазіцыю “Космас”. Ён таксама аўтар рэльефу “Космас” (2006) для Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Касмічную тэму І. Я. Міско адлюстраваў і ў жанры дробнай пластыкі. Мастаком выканана серыя медалёў у гонар дваццатай і трыццатай гадавін палёту Ю. А. Гагарына. Яны ўручаны тым, хто стаяў ля вытокаў асваення космасу. За адданасць касмічнай тэме І. Я. Міско неаднаразова адзначаўся дыпломамі, прызамі і памятнымі знакамі Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў. Федэрацыя касманаўтыкі Расіі ўзнагародзіла скульптара медалём “За заслугі”, які даецца толькі касманаўтам. У 2002 г. ён атрымаў медаль Францыска Скарыны.
Сваё жыццё І. Я. Міско не абмяжоўвае адной майстэрняй. Ён ганаровы акадэмік Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі і Міжнароднай акадэміі інфармацыйных працэсаў і тэхналогій. Быў сакратаром праўлення Саюза мастакоў Беларусі, шмат гадоў узначальваў Рэспубліканскі мастацка-экспертны савет па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве, цяпер – намеснік старшыні. Іван Якімавіч Міско з тых творчых людзей, якія не толькі самі актыўна працуюць, але і дбаюць пра тое, каб справа, якой яны прысвяцілі сябе, паспяхова развівалася.