Кароткая даведка:
кампазітар, педагог, народны артыст Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1976) і Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1998), узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў, "Знак Пашаны", медалём Ф. Скарыны
Імёны на іншых мовах:
Вагнер Генрих Матусович (руская);
4402 сімвалы
Даведка
У культурнае жыццё нашай краіны дзякуючы балетнай музыцы трывала ўвайшло імя Генрыха Матусавіча Вагнера – аднаго з самых вядомых беларускіх кампазітараў ХХ ст.
Нарадзіўся ён у г. Жырардаў (Польшча) у сям’і музыканта. У 1933 г. паступіў у Варшаўскі музычны інстытут імя С. Манюшкі. Высокі ўзровень фартэпіяннага майстэрства дазволіў юнаку паступіць у Варшаўскую кансерваторыю, але закончыць яе не паспеў. Вучобу абарвала фашысцкае нашэсце на Польшчу ў 1939 г. Ён вымушаны быў пакінуць радзіму і працягнуць вучобу ў Мінску ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі). Вялікая Айчынная вайна спыніла вучобу, і ў 1943 г. Г. Вагнер апынуўся ў эвакуацыі ў Таджыкістане, дзе працаваў канцэртмайстрам у філармоніі Душанбэ. Там і з’явіліся яго першыя творы – песня “Колыбельная”, а таксама “Студенческий вальс”. Працаваў у Першым франтавым тэатры Таджыкістана пад кіраўніцтвам рэжысёра Г. Менглета. Тут высветліўся яшчэ адзін бок прыроднай адоранасці Г. Вагнера – яго артыстызм. Пасля вайны вярнуўся ў Мінск, дзе закончыў фартэпіянны (1948), потым кампазітарскі (1954) факультэты Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі.
Вядучае месца ў творчасці Г. Вагнера займае ваенна-патрыятычная тэма. Менавіта Вялікая Айчынная вайна пакінула шрамы на сэрцы і чырвонай ніткай прайшла праз усю творчасць. Памяці ахвяр фашызму ён прысвяціў вакальна-сімфанічную паэму “Вечна жывыя” (1959). Другое буйное сачыненне гэтага жанру – “Героям Брэста” (1975) на вершы Р. Барадуліна (прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976). Подзвіг абаронцаў цытадэлі натхніў Г. Вагнера і на шэраг іншых твораў, сярод іх – опера “Сцежкаю жыцця” (1980). Якія б трагічныя калізіі ні разгортваліся ў гэтых творах, у фінале святло заўсёды перамагае цемру. І колькі ў гэтым святле асабістага – характару, душы, светаадчування кампазітара, аптымізм якога заўсёды прыцягваў да яго людзей.
Творчыя інтарэсы Г. Вагнера разнастайныя. Ён аўтар тэлеоперы “Ранак” (1967) па матывах паэмы А. Куляшова “Песня аб слаўным паходзе”. Музыкантам створаны першы беларускі балет камедыйнага плана “Падстаўная нявеста” (1958), які вабіць кантраснай драматургіяй, выразным меладычным матэрыялам, свежай і самабытнай гармоніяй, шырокай жанравай палітрай танцаў. Сапраўдны поспех і вялікі грамадскі рэзананс атрымалі балеты “Святло і цені” (1963) па матывах рамана П. Броўкі “Калі зліваюцца рэкі” на вельмі актуальную для тых часоў антырэлігійную тэму і “Пасля балю” (1971) па аднайменным творы Л. Талстога. Гэтыя спектаклі, якія краналі гледачоў драматычнай напружанасцю, захаплялі вастрынёй кантрастаў, увайшлі ў гісторыю нацыянальнага балета як класічная спадчына. Балетныя творы Г. Вагнера самыя розныя па сваім вобразным змесце. У іх ёсць жарт і гратэск, глыбокае эмацыянальнае хваляванне і пранікнёная лірыка, грамадзянскі пафас і гераізм.
Генрых Вагнер лічыцца адным са стваральнікаў беларускай інструментальнай музыкі. Ён аўтар чатырох сімфоній, трох канцэртаў для фартэпіяна з аркестрам, канцэрта для віяланчэлі з аркестрам, канцэртнай фантазіі для скрыпкі з аркестрам. Менавіта ў жанры канцэрта кампазітар найбольш поўна раскрыў выразныя і тэхнічныя магчымасці музычнага інструмента. У 1983 г. упершыню ў беларускай музыцы з’явілася сачыненне для саліруючага кларнета з аркестрам. Агульны настрой інструментальных канцэртаў Г. Вагнера аптымістычны і жыццесцвярджальны, а ў іх музыцы адчуваецца нацыянальны каларыт, бляск выкладання інструментальных партый.
Адным з самых цікавых аспектаў творчасці кампазітара з’яўляецца музыка для дзяцей. Генрых Вагнер напісаў некалькі дзіцячых альбомаў, зборнікаў п’ес для юных скрыпачоў, сімфанічных твораў. Ён унёс значны ўклад і ў жанр масавай і харавой песні, стварыў музыку да тэатральных спектакляў і кінафільмаў, радыёпастановак і эстрадных прадстаўленняў.
На працягу ўсёй сваёй творчай дзейнасці Г. Вагнер знаходзіўся ў цэнтры музычна-грамадскага жыцця. З 1963 па 1973 г. ён быў адказным сакратаром праўлення Саюза кампазітараў Беларусі. Атрымаў званні залужанага дзеяча мастацтваў Беларусі (1963), народнага артыста Беларусі (1988), лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1998). Многа гадоў займаўся педагагічнай работай, з’яўляўся прафесарам кафедры музыкі Беларускага педагагічнага ўніверсітэта, выхаваўшы цэлую плеяду музыкантаў. І сёння творчая спадчына майстра знаходзіць дарогу да сэрцаў слухачоў.