Дата нараджэння: 18.02.1922 Звянячы, в., Талачынскі раён, Віцебская вобласць
Дата смерці: 08.11.2010
Кароткая даведка: жывапісец, народны мастак Беларусі і СССР, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, акадэмік НАН Беларусі, Акадэміі мастацтваў СССР і Расійскай Акадэміі мастацтваў, Герой Беларусі (2006), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1973), Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1970, 1980, 1996), Міжнароднай прэміі Фонду Святога Усяхвальнага апостала Андрэя Першазванага (1999), прэміі Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі ў галіне літаратуры і мастацтва (2004), кавалер ордэнаў Леніна (1982), "Знак Пашаны" (1967), Францыска Скарыны (1997), ганаровы грамадзянін г. Мінска, дзяржаўны дзеяч Беларусі
Імёны на іншых мовах: Savitsky Mikhail Andreevitch (не вызначана); Савицкий Михаил Андреевич (руская);
Міхаіл Андрэевіч Савіцкі ўвайшоў у гісторыю беларускай культуры як адзін з самых знакамітых майстроў жывапісу. Яго карціны – гэта своеасаблівы эмацыянальна-выразны летапіс падзей, што адбываліся на працягу XX ст. Яны адрозніваюцца глыбокім пранікненнем у сутнасць з’яў мінулага і сучаснага, філасофскім асэнсаваннем, сцвярджэннем вечных духоўных каштоўнасцей.
Нарадзіўся М. Савіцкі ў в. Звянячы Аршанскага павета Віцебскай губерні (цяпер Талачынскі раён Віцебскай вобласці) у сялянскай сям’і. Мастацтвам захапіўся яшчэ ў школьныя гады, калі дапамагаў афармляць кабінеты Коханаўскай сярэдняй школы, якую скончыў у 1940 г. Восенню гэтага ж года быў прызваны ў Чырвоную Армію і накіраваны на службу на Паўночны Каўказ. Вялікая Айчынная вайна застала М. Савіцкага ў Махачкале, дзе фарміравалася 345-я стралковая дывізія для дэсантавання ў Севастопаль. Там, на пасадзе намесніка камандзіра асобнага батальёна сувязі, ён прыняў першы бой. Да апошняга патрона (250 дзён) чырвонаармейцы абаранялі горад. У ліпені 1942 г. М. Савіцкі разам з іншымі воінамі трапіў у палон. Цяжкія выпрабаванні, што выпалі на долю будучага мастака, пачаліся спачатку ў сімферопальскай турме, потым у перасылачным лагеры ў Бахчысараі і Нікалаеве. Ён зведаў доўгі і галодны этап у нацысцкую Германію, паднявольную працу на вагонабудаўнічым заводзе ў Дзюсельдорфе, дзе ўваходзіў у падпольную групу. Пасля няўдалых уцёкаў быў адпраўлены ў Бухенвальд, потым у Мітэльбау-Дора бліз Нордхаўзена. Працаваў на каменяломні ў Цюрынгіі, прайшоў праз штрафныя ізалятары канцлагера Дахау пад Мюнхенам. 29 красавіка 1945 г. вязняў вызвалілі саюзнікі. Міхаіла Савіцкага знайшлі ў карцары тыфознага барака і адправілі ў шпіталь. У 1945 г. ён быў залічаны мастаком-афарміцелем у 6-ю гвардзейскую зенітна-артылерыйскую дывізію. У снежні 1946 г. дэмабілізаваўся. У 1947 г. М. Савіцкі паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча, потым працягваў вучобу ў Маскоўскім мастацкім інстытуце імя В.І. Сурыкава (курс прафесара Д. Мачальскага). Пасля яго заканчэння працаваў у Мінску. З 1957 г. прымаў удзел у рэспубліканскіх, усесаюзных і замежных выстаўках. З 1980 г. кіраваў Творчымі майстэрнямі жывапісу Акадэміі мастацтваў СССР у Мінску (з 1991 г. Творчыя акадэмічныя майстэрні жывапісу, графікі і скульптуры Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь).
У пачатку творчай дзейнасці М. Савіцкі пісаў жанравыя і бытавыя карціны, у якіх, пачынаючы з дыпломнай работы «Песня» (1957), адлюстроўваў уражанні дзяцінства. Сярод ранніх работ – «Размовы», «Ля пераезда», «Гонар абавязку» (1958), «Партрэт жонкі Маргарыты Савіцкай» (1959), «Абавязацельства» (1960) і інш. Яны былі высока ацэнены крытыкамі, шырока экспанаваліся на выстаўках, а іх аўтар у 1958 г. стаў членам Саюза мастакоў БССР. Арганічна ўвабраўшы асаблівасці беларускай і рускай мастацкіх школ, М. Савіцкі імкнуўся да праяўлення ўласнага індывідуальнага стылю, фарміраванне якога адбывалася паміж 1962–1969 гг. У гэты перыяд былі напісаны карціны, у якіх ярка і вобразна ўслаўляецца чалавек працы. Сярод найбольш вядомых – «Хлеб», «На бульбяным полі», «Сцелюць лён», «Льнаводы», «Дзяўчынка з капустай» (усе 1962), «Ураджай» (1966), «Хлябы» і «Рабочыя» (1968). У 1960-я гг. мастак пачаў працаваць над галоўнай тэмай сваёй творчасці – тэмай Вялікай Айчыннай вайны. Карціна «Партызаны» (1963) стала адной з першых работ, якая ўвайшла ў цыкл твораў, прысвечаных барацьбе беларускага народа супраць гітлераўскіх захопнікаў. Потым з’явілася знакамітае палатно «Партызанская мадонна» (1967), дзе ўпершыню ў савецкім выяўленчым мастацтве ўвасоблены сімвал шматпакутнай і мужнай Беларусі, паказаны таксама неўміручая мацярынская любоў і самаахвярнасць. Атрымалі ўсеагульнае прызнанне, сталі летапісам партызанскай барацьбы і наступныя творы: «Віцебскія вароты», «Аршанскія партызаны», «Партызаны. Блакада» (усе 1967), «Пакаранне смерцю» (1968), «Клятва» (1969), «Дзеці вайны», «Забойства сям’і партызана», «Бежанцы», «Маці партызана» (усе 1972), «Плач па загінуўшых героях» і «Поле» (1974), «Партызанская мадонна (Мінская)» (1978) і інш. Апагеем творчасці М. Савіцкага стаў цыкл з 16 карцін «Лічбы на сэрцы» (1974–1987), якія адлюстравалі тое, што іх аўтар перажыў у гітлераўскім палоне. Кожнае палатно цыкла напісана рукой вялікага майстра, які здзіўляе дакладнасцю кампазіцыі, выразнасцю пластыкі, трагічным каларытам, магутным малюнкам, сілай праўдзівых фактаў. У 1986 г. М. Савіцкі пачаў працаваць над серыяй «Чорная быль». У карцінах «Крыж надзеі» (1987), «Плач аб зямлі» і «Рэквіем» (1988), «Эвакуацыя», «Доля», «Пакінутыя», «Відушчы», «Чарнобыльская мадонна», «Настальгія» (усе 1989), «Забароненая зона» (1993), «Алегорыя Чарнобыля» (1998) з высокай мастацкай пераканаўчасцю адлюстравана шматграннасць чарнобыльскай катастрофы. Галоўнае месца ў творчасці мастака ў 1990–2001 гг. займае хрысціянская тэматыка. У вялікім цыкле «Запаветы блажэнства» ён акцэнтуе ўвагу на дабрыні і міласэрнасці, на тым, што складае аснову жыцця. Палотны «Сялянская п’ета» (1991), «Пахаванне Ефрасінні Полацкай» (1992), «Зняцце з крыжа» (1993), «Уцёкі ў Егіпет» і «Спакушэнне Іуды» (1995), «Нясенне крыжа» (1996) і іншыя сцвярджаюць асноўныя запаведзі хрысціянства, якія выхоўваюць у чалавека глыбокую маральнасць, духоўнасць, прыстойнасць, дабрачыннасць і прыгажосць. Святлом і надзеяй прасякнуты карціны «Касачы» (1991), «Чыстыя сэрцам» (1996); палотны «Без весткі прапаўшыя» (1991), «Вяртанне» (1998), «Сейбіт» (1999), «ХХ стагоддзе – забойства праўды» і «Прыбранае поле» (2001) вылучаюцца вобразнасцю, філасофскай фундаментальнасцю, глыбокім сацыяльным зместам. Шмат працаваў М. Савіцкі і ў партрэтным жанры. Яго работы «Сейбіты» (1972), «Віленскія сустрэчы» (1976), «Янка Купала» (1979), «Сям’я» (1980), «Пушкін і Ганчарова» (1986), «Дастаеўскі» (1988), «Філосафы» (1994), «Аўтапартрэт» (1995), «А. Пушкін і А. Міцкевіч» (2000) і іншыя характарызуюцца не павярхоўным знешнім падабенствам, а тым, што ў іх раскрываецца глыбінная сутнасць асобы.
Міхаіл Савіцкі выразна адлюстраваў у творчасці сучаснасць і гісторыю Радзімы. Сілай уласнага таленту здолеў вывесці мастацтва Беларусі на сусветную арэну. Яго імя знаходзіцца ў шэрагу найбуйнейшых мастакоў-рэалістаў ХХ ст. Работы М. Савіцкага, акадэміка, лаўрэата шматлікіх прэмій, ардэнаносца, ганаровага грамадзяніна г. Мінска, знаходзяцца ў Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В. Масленікава, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, фондах Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі, Беларускага саюза мастакоў, Нацыянальнай галерэі ў г. Сафіі (Балгарыя) і інш. Пра жыццёвы і творчы шлях М. Савіцкага створаны дакументальны фільм «Апаленая памяць» («Беларусьфільм», 1974, рэжысёр А. Канеўскі).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г.