Дата нараджэння: 12.02 ці 29.02.1872 Бялыніцкі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерці: 18.06.1957
Кароткая даведка: беларускі і расійскі жывапісец-пейзажыст, народны мастак Беларусі і Расіі, ганаровы акадэмік НАН Беларусі, правадзейны член Акадэміі мастацтваў СССР, акадэмік жывапісу, імя якога нададзена Магілёўскаму мастацкаму музею, вуліцам у г. Магілёве і г. п. Бялынічы
Імёны на іншых мовах: Бялыницкий-Бируля Витольд Каэтанович (руская);
Вітольд Каятанавіч Бялыніцкі-Біруля ўвайшоў у гісторыю беларускага і расійскага мастацтваў XIX і XX стагоддзяў як самабытны і таленавіты пейзажыст.
Нарадзіўся ён у сям’і дробнага арандатара ў сядзібе Крынкі Аршанскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Бялыніцкі раён Магілёўскай вобласці). Па службовых абавязках бацькі сям’я часта мяняла месца жыхарства, дзякуючы чаму будучы мастак пабываў у многіх маляўнічых кутках Беларусі. Атрыманыя ў раннія гады ўражанні значна паспрыялі развіццю творчай натуры хлопчыка, які рана зацікавіўся малюнкам. Пачатковую адукацыю ён атрымаў у Кіеве ва Уладзімірскім кадэцкім корпусе, адначасова ў 1885–1889 гг. наведваў заняткі ў рысавальнай школе М. Мурашкі. У 1889–1896 гг. В.К. Бялыніцкі-Біруля вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства ў такіх славутых мастакоў, як С. Каровін, В. Паленаў, І. Пранішнікаў, М. Неўраў і інш. Творчае асяроддзе садзейнічала хуткаму росту прафесійнага майстэрства маладога мастака. Ужо ў 1892 г. у час правядзення адной з вучнёўскіх выставак яго карціна «З ваколіц Пяцігорска» была набыта для ўласнай галерэі калекцыянерам П.М. Траццяковым.
Пасля заканчэння навучання В.К. Бялыніцкі-Біруля пачаў актыўна экспанаваць свае работы на расійскіх і міжнародных выстаўках, шмат вандраваў па краінах Еўропы, пераймаючы вопыт вядомых заходніх жывапісцаў і вывяраючы свой шлях у мастацтве. З часам стаў прызнаным майстрам веснавога пейзажа, на тэму якога стварыў больш за 200 палотнаў – «Вясна ідзе» (1899), «Сакавіцкае змярканне» (1903), «Вясенні дзень» (1904), «Квітнеючы сад» (1907), «Напрыканцы зімы» (1907) і інш. Яго карціны пачалі набываць вядомыя музеі – Траццякоўская галерэя, Рускі музей, Музей Акадэміі мастацтваў і інш. У 1904 г. Вітольд Каятанавіч стаў членам Таварыства перасоўных выставак, у 1908 г. – акадэмікам Імператарскай акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу.
Наступныя гады творчай працы былі цесна звязаны з адасобленымі маляўнічымі мясцінамі ля возера Удомля ў Цвярской губерні (цяпер Калінінская вобласць, Расія). У 1912 г. В.К. Бялыніцкі-Біруля набыў зямлю і пабудаваў тут сядзібу – дачу «Чайка», якая стала месцам адпачынку, творчых сустрэч і крыніцай натхнення. Прыгажосць ваколіц «Чайкі» адлюстравана ў карцінах «Час цішыні» (1911), «Шэры дзень» (1926), «Талыя воды» (1927), «Від з тэрасы» (1932), «Сад» (1934), «Бэз» (1935), «Паводка. Прычал да берага» (1947) і інш. Акрамя таго, мастак арганізаваў на яе тэрыторыі першыя ў Расіі Вольныя дзяржаўныя мастацкія майстэрні (1919–1922) і мастацкую школу для навучання сялянскіх дзяцей.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі В.К. Бялыніцкі-Біруля стаў адным з арганізатараў Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыйнай Расіі. У гэты перыяд у сваіх работах шмат увагі аддаваў так званаму мемарыяльнаму пейзажу. Памятным мясцінам вядомых суайчыннікаў прысвечаны карціны «Пакой, у якім жыў і памёр У.І. Ленін» (1927), «Міхайлаўскае. Домік няні А.С. Пушкіна» (1936), «Клін. Сад П.І. Чайкоўскага» (1942) і інш. Да гэтага ж часу адносіцца вялікі цыкл карцін аб поспехах сацыялістычнага будаўніцтва, калектывізацыі і індустрыялізацыі краіны – «Рабочы пасёлак з элеватарам. Саўгас “Гігант”» (1930), «Кіраўск. Узбагачальная фабрыка» (1933), «На варце савецкай краіны» і «Кіраўскі апатытавы руднік» (1937) і інш. У гады Вялікай Айчыннай вайны мастак працаваў у складзе калектыву над стварэннем патрыятычнай панарамы «Абарона Царыцына», прыняў удзел у выстаўках «Сем старэйшых савецкіх мастакоў» і «Вялікая Айчынная вайна». У 1947 г. В.К. Бялыніцкі-Біруля наведаў Беларусь, дзе стварыў серыю карцін з мясцовымі краявіда-мі – «Мінскія ваколіцы. Белая дача», «Беларусь. Пачатак лета», «Яблыні ў квецені», «Зноў заквітнела вясна», «Зялёны май», «Старая беларуская вёска» і інш. Апошнія гады жыцця ён правёў на дачы «Чайка». Сярод работ гэтага перыяду – «Першынцы вясны» (1950-я гг.), «Прыйшла вясна» (1951), «Блакітнай вясной» (1952), «Пуні. “Чайка”» (1954) і інш.
Мастак пакінуў багатую спадчыну – каля 2000 жывапісных палотнаў, эцюдаў і эскізаў, якія знаходзяцца ў розных музеях і прыватных калекцыях свету. Больш за 450 карцін майстра захоўваюцца ў Беларусі – у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі В.К. Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве, Мастацкім музеі імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі ў Бялынічах і інш. Выдатныя творчыя дасягненні і плённая мастацка-грамадская дзейнасць былі высока ацэнены дзяржавай. Вітольду Каятанавічу прысвоены званні заслужанага дзеяча мастацтваў РСФСР (1937), народнага мастака БССР (1944) і народнага мастака РСФСР (1947). Ён выбраны правадзейным членам Акадэміі мастацтваў СССР і ганаровым акадэмікам Акадэміі навук БССР (1947). Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1943, 1952), медалямі. Памяць выдатнага мастака ўшанавана ў назвах школ і вуліц у Магілёве, Бялынічах, Цяхціне. На беразе р. Друць на месцы былой сядзібы Крынкі ў яго гонар усталяваны мемарыяльны знак. У 2001 г. Бялыніцкі райвыканкам заснаваў спецыяльную прэмію імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі, якая штогод прысуджаецца за ўклад у эстэтычнае і духоўнае выхаванне, актыўную асветніцкую дзейнасць на Бялыніччыне.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г.