Дата нараджэння: 07.10.1932 Задроздзе, в., Лагойскі раён, Мінская вобласць
Дата смерці: 28.07.2016
Кароткая даведка: пісьменнік, заслужаны работнік культуры Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа (1978), кавалер ордэна "Знак Пашаны"
Імёны на іншых мовах: Пташников Иван Николаевич (руская);
Арыгінальная проза Івана Мікалаевіча Пташнікава ўзбагаціла нацыянальную літаратуру і дала штуршок развіццю пісьменніцкіх навацый. Для творчасці гэтага цікавага, самабытнага майстра характэрны пільная ўвага да будзённага жыцця, глыбокі псіхалагізм, паэтычнасць, шматфарбнасць мовы. Дзякуючы таленту І. Пташнікава чытач адкрыў для сябе многія старонкі гісторыі беларускага народа, шматпакутнага лёсу селяніна: убачыў яго ў крывавых варунках вайны, галечы і нішчымніцы пасляваеннага часу, няпростай, пазначанай драматызмам, а то і трагізмам сучаснасці. Раманы, аповесці і апавяданні пісьменніка набылі шырокую вядомасць не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Многія з іх перакладзены на рускую, украінскую, латышскую, польскую, англійскую, балгарскую і іншыя мовы свету.
Нарадзіўся І. Пташнікаў у в. Задроздзе Плешчаніцкага (цяпер Лагойскага) раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Да вайны скончыў тры класы Задроздзенскай пачатковай школы, пасля – Крайскую сямігодку і Плешчаніцкую беларускую сярэднюю школу (1951). Працаваў у раённай газеце “Ленінец”, а таксама настаўнікам пачатковай школы ў в. Лонве. У 1952 г. І. Пташнікаў паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння (1957) працаваў рэдактарам мастацкай літаратуры ў Дзяржаўным выдавецтве БССР (1957–1958), рэдактарам аддзела прозы часопісаў “Маладосць” (1958–1962), “Полымя” (1962–1995). У 1959 г. быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.
Пачынаў свой творчы шлях І. Пташнікаў з вершаў. Упершыню яны з’явіліся ў друку ў 1952 г. на старонках рэспубліканскіх газет “Звязда” і “Чырвоная змена”. Адным з галоўных аб’ектаў мастацкага даследавання ў празаічных творах стала жыццё вёскі ў пераломны перыяд сярэдзіны 1950-х гг. – час вялікіх і складаных змен у грамадстве. Гэта тэма атрымала глыбока нацыянальнае асвятленне. Чароўны свет прыроды, побыт і праца людзей, іх узаемаадносіны, мудрасць, шчодрасць і сціпласць, барацьба за аднаўленне роднага краю фарміравалі духоўны свет аўтара (аповесць “Чачык” (1957), зборнік аповесцей і апавяданняў “Зерне падае не на камень” (1959)). У 1962 г. асобным выданнем выйшаў раман “Чакай у далёкіх Грынях”, у якім І. Пташнікаў праявіў сябе як надзвычай тонкі лірык, асабліва ў пейзажных замалёўках. Многія творы былі прысвечаны дзецям і юнакам, іх асабліваму ўспрыняццю жыцця вёскі і яе ваколіц у цяжкія пасляваенныя гады (“Алені”, “Алёшка”, “Бежанка” (усе 1962 г.) і інш.). Пазней, у 1966 г., некаторыя апавяданні былі аб’яднаны ў добра сустрэты чытачамі і крытыкамі зборнік “Сцяпан Жыхар са Сцешыц”. Пераканаўчая натуральнасць, разнастайнасць падыходаў у стварэнні сацыяльна-псіхалагічных партрэтаў вяскоўцаў характэрны для аповесці “Лонва” (1965). Увогуле ў ранніх творах пісьменніка бачыцца несумненная таленавітасць, выключная назіральнасць, няспыннае імкненне пранікнуць у глыбіні жыцця і чалавечых характараў, настойлівыя, мэтанакіраваныя пошукі самога сябе.
Асабліва важнае месца ў творчасці І. Пташнікава належыць ваеннай тэме. Жахі і боль ваеннага ліхалецця назаўсёды ўвайшлі ў яго памяць. У вядомай аповесці “Тартак” (1967; аднайменны фільм беларускага тэлебачання паводле сцэнарыя аўтара, 1974) празаік звярнуўся да тых жудасных падзей, паказаў трагедыю беларускіх вёсак, спаленых нямецка-фашысцкімі акупантамі. Рэальная фактычная аснова твора – лёс в. Дальвы ў час адной з самых страшных блакад на тэрыторыі Беларусі ў 1944 г. Для І. Пташнікава характэрны псіхалагічная дакладнасць і глыбіня ў выяўленні мужнасці і самаахвярнасці звычайнага чалавека. Трагізм вайны ў аповесці “Тартак” паказаны не праз колькасць знішчаных вёсак, а праз жахлівыя душэўныя пакуты людзей, якія адчуваюць надыход нечага немінучага. Пісьменнік расказвае пра ўнікальнасць кожнага героя, дае магчымасць зразумець, што ў кожным з іх памірае і што ў выніку страчваецца. Суровая праўда ў паказе драматычных абставін уласціва таксама аповесці “Найдорф” (1975), дзе галоўнай тэмай стала гераічная і самаадданая барацьба партызан і жыхароў Беларусі супраць гітлераўскага нашэсця. “Найдорф” – сур’ёзнае мастацкае даследаванне глыбінных крыніц народнай сілы, мужнасці, любові да сваёй зямлі і нянавісці да ворага, роздум пісьменніка над прызначэннем чалавека ў свеце, услаўленне стваральнага пачатку і пратэст супраць вайны і смерці. Менавіта за гэту аповесць І. Пташнікаву ў 1978 г. была прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР імя Я. Коласа. У “Найдорфе” (як і ў многіх іншых творах пісьменніка) назіраюцца ўмелае карыстанне дэталізацыяй, кампазіцыйная разнапланавасць. У раманах “Мсціжы” (1970) і “Алімпіяда (Воблакі шасцідзесятых)” (1985; аднайменны тэлеспектакль, 1989) адлюстравана жыццё беларускай вёскі ў 1960–1980-я гг. Прысвечаны адносінам чалавека да роднай зямлі, яго клопатам аб захаванні прыроды раман “Мсціжы” прадэманстраваў вяршыню творчага майстэрства аўтара. Лёс галоўнай гераіні рамана “Алімпіяда (Воблакі шасцідзесятых)”, жанчыны-маці, самаадданай працаўніцы, раскрыты ва ўсёй сваёй глыбіннай сутнасці і прыгажосці. У ёй у асабліва сканцэнтраваным выглядзе засяроджаны духоўныя якасці, уласцівыя народнаму характару ў яго ідэальным увасабленні. Станоўчую і вызначальную ацэначную характарыстыку атрымліваюць не толькі зайздросная гаспадарлівасць, але і здольнасць да сацыяльна значных учынкаў. У 1987 г. з’явілася апавяданне “Львы” – першы ў беларускай літаратуры празаічны твор пра чарнобыльскую бяду. У наступныя гады І. Пташнікаў пашырыў жанравыя магчымасці апавядання ўвядзеннем новага матэрыялу, а таксама за кошт паглыблення вобразнай сістэмы. Прыкладам могуць з’яўляцца творы “Францужанкі” (1997), “Тры пуды жыта” (1998), “Пагоня” (1999) і інш. У першых двух расказваецца пра драматычныя старонкі народнага жыцця, звязаныя з неабгрунтаванымі палітычнымі рэпрэсіямі. Змест твора “Тры пуды жыта” – гэта гісторыя аднаго жыцця, за якім бачыцца ва ўсёй сваёй сіле і важкасці лёс беларускай жанчыны, трагічны і самаахвярна-гераічны. Апавяданне “Пагоня” скіравана супраць самазнішчэння ў прыродзе і грамадстве. Шырокі ахоп падзей, паказ рэчаіснасці і чалавека праз багацце падрабязнасцей і выразных дэталей дамінуюць у творах больш позніх гадоў (“Ненапісаная аповесць” (2002), “Асколак да зоркі” (2004)). У “Ненапісанай аповесці”, звяртаючыся да вечных, асноватворных ісцін, І. Пташнікаў пераконвае, што толькі чалавечнасць можа ўратаваць людзей на тым пагібельным шляху, на які яны ступілі. Змест апавядання “Асколак да зоркі” (2004) звязаны з той сучаснасцю, выток і вынік якой – у ваенным мінулым.
Увага даследчыкаў і чытачоў да прозы І. Пташнікава з кожным годам павялічваецца. Раманы, аповесці, апавяданні пісьменніка адметныя багатай і разнастайнай лексікай, глыбокай народнасцю мовы. Асабліва важную, у многіх адносінах вырашальную ролю адыгрываюць у творах яркія, выразныя, эмацыянальна насычаныя сімвалічныя карціны прыроды. Вобразнасць, аналітычнасць стылю, умелы падбор дэталей, канкрэтнасць прозы, яе пластычнасць, дынаміка вылучаюць І. Пташнікава як сапраўднага майстра, жывапісца слова, тонкага псіхолага.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.