Кароткая даведка:
вучоны-гісторык, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і двума ордэнамі "Знак Пашаны"
Імёны на іншых мовах:
Кравченко Иван Сергеевич (руская);
4181 сімвал
Даведка
Арганізатар беларускай гістарычнай навукі і адзін з першых даследчыкаў гісторыі Беларусі перыяду Вялікай Айчыннай вайны, Іван Сяргеевіч Краўчанка нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў в. Дзмітраўка Варонежскай губерні (Расія). З ранняга ўзросту быў вымушаны працаваць батраком у гаспадарках на Доне. У гады грамадзянскай вайны ўступіў у партыю бальшавікоў, з’яўляўся сакратаром пярвічнай партыйнай арганізацыі ў Паўночна-Каўказскім краі. Адукацыю атрымаў у Паўночна-Каўказскім камуністычным універсітэце (Растоў-на-Доне) і Інстытуце чырвонай прафесуры (Масква). Адначасова з вучобай працаваў выкладчыкам гісторыі СССР у Інстытуце народаў Усходу і Маскоўскай абласной камуністычнай вышэйшай навучальнай установе. Некаторы час з’яўляўся намеснікам начальніка палітаддзела Буйвалінскай машынна-трактарнай станцыі ў Паўночна-Каўказскім краі.
З 1934 г. жыццё Івана Сяргеевіча звязана з Беларуссю: працаваў у Магілёўскай вобласці начальнікам палітаддзела Глускай машынна-трактарнай станцыі і першым сакратаром Глускага раённага партыйнага камітэта КП(б)Б, выкладаў у Мінскім педагагічным інстытуце і ўзначальваў гістарычны факультэт у ім (1938–1940), быў дырэктарам педагагічнага інстытута і сакратаром па прапагандзе абкама КП(б)Б у Беластоку (1940–1941). У ваенныя гады І.С. Краўчанка працягваў займацца палітычнай работай: уваходзіў у склад франтавога палітычнага ўпраўлення, узначальваў спецшколу № 1 пры ЦК КП(б)Б па падрыхтоўцы кадраў для партызанскага руху ў тыле ворага, служыў у Беларускім штабе партызанскага руху, займаў пасаду першага намесніка загадчыка аддзела прапаганды ў ЦК КП(б)Б.
У 1948 г. І.С. Краўчанка скончыў Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК ВКП(б) і абараніў кандыдацкую дысертацыю пра падпольны антыфашысцкі друк на акупіраванай тэрыторыі Беларусі ў 1941–1944 гг. У гэты ж час быў прызначаны на працу ў Інстытут гісторыі АН БССР: з’яўляўся намеснікам дырэктара (1948–1953), выконваючым абавязкі дырэктара (1953–1954), дырэктарам (1955–1964), загадчыкам сектара (1965–1974), старшым навуковым супрацоўнікам-кансультантам (1974–1979). У 1959 г. абраны членам-карэспандэнтам АН БССР (з 1969 г. – акадэмік). У 1977 г. яму прысвоена званне заслужанага дзеяча навукі БССР. За дзейнасць у ваенныя гады і плённую працу ў мірны час вучоны ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі (1943), «Знак Пашаны» (1944, 1949), медалямі.
Навуковыя працы І.С. Краўчанкі прысвечаны барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, партыйнаму кіраўніцтву, палітычнай дзейнасці ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У 1959 г. даследчык абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Палітычная работа Кампартыі Беларусі ў тыле нямецка-фашысцкіх акупантаў у гады Вялікай Айчыннай вайны (1941–1944 гг.)». Іван Сяргеевіч з’яўляецца аўтарам каля 100 навуковых работ, у тым ліку 2 манаграфій. Сярод іх – «Падпольны бальшавiцкi друк у Беларусi ў гады Вялiкай Айчыннай вайны» (1950), «Камуністычная партыя Савецкага Саюза – кіруючая і накіроўваючая сіла савецкага грамадства» і «Як жылі і змагаліся за сваё вызваленне працоўныя Беларусі ў царскай Расіі» (1953), «Камсамол Беларусі ў барацьбе супроць нямецка-фашысцкіх акупантаў у гады Вялікай Айчыннай вайны (1941–1944 гг.)» (1958), «Работа Кампартыi Беларусi ў тылу ворага (1941–1944 гг.)» (1959), «Партизанская война белорусского народа против фашистских оккупантов в Великую Отечественную войну, 1941–1944» (1963) і інш.
Пры непасрэдным удзеле І.С. Краўчанкі Інстытутам гісторыі АН БССР была створана дакументальная база для вывучэння падполля і партызанскага руху, падрыхтаваны і выдадзены зборнікі ўспамінаў падпольшчыкаў, партызан, воінаў-франтавікоў «Из истории партизанского движения в Белоруссии (1941–1944 гг.)» і «Героическая оборона Брестской крепости» (1961), «Буг в огне» (1965) і інш. Ён з’яўляўся ініцыятарам складання і адным з рэдактараў зборніка дакументаў «Всенародное партизанское движение в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны» (т. 1–2, 1967–1973). Вучоны ўнёс значны ўклад у напісанне «Гісторыі Беларускай ССР» у 2 тамах (1954–1958), «Гісторыі Беларускай ССР» у 5 тамах (1972–1975), 10-га тома «Гісторыі СССР» у 12 тамах (1966–1980). Ён галоўны рэдактар і адзін з аўтараў кнігі «Гісторыя Мінска» (1957).