Касцюшка Андрэй Тадэвуш Банавентура, сын Людвіка Тадэвуша
Дата нараджэння:
ахрышчаны 12.02.1746 Івацэвіцкі раён, Брэсцкая вобласць
Дата смерці:
15.10.1817
Кароткая даведка:
дзяржаўны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай, генерал-лейтэнант, кіраўнік нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 г. у Польшчы, Беларусі і Літве, удзельнік вайны за незалежнасць ЗША
Імёны на іншых мовах:
Kościuszko Andrzej Tadeusz Bonawentura (польская); Костюшко Андрей Тадеуш Бонавентура (руская);
3569 сімвалаў
Даведка
Адным з самых вядомых беларусаў свету з’яўляецца Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка – генерал-лейтэнант войска Рэчы Паспалітай, ганаровы грамадзянін Францыі, нацыянальны герой Злучаных Штатаў Амерыкі, Польшчы і Беларусі.
Нарадзіўся ён у шляхецкай сям’і ў фальварку Мерачоўшчына Слонімскага павета Навагрудскага ваяводства (цяпер Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці). Пачатковую адукацыю атрымаў дома, з 1755 г. вучыўся ў Любяшоўскім піярскім калегіуме. Пасля смерці бацькі пакінуў вучобу і некалькі гадоў правёў дома, дапамагаючы маці ў кіраванні гаспадаркай. У 1765 г. паступіў у Варшаўскі кадэцкі корпус, дзе рыхтавалі высокаадукаваных афіцэраў. Акрамя спецыяльных прадметаў тут выкладаліся сусветная і айчынная гісторыя, матэматыка, філасофія, права, эканоміка, польская, лацінская, нямецкая і французская мовы. Пасля заканчэння навучання ў чыне капітана з вайскова-інжынернай спецыялізацыяй Т. Касцюшка, як адзін з самых лепшых выпускнікоў, быў накіраваны ў Францыю для працягу адукацыі (1770). Слухаў лекцыі і наведваў бібліятэкі вайсковых акадэмій Парыжа, вучыўся маляванню і жывапісу ў Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры.
Вярнуўшыся ў Рэч Паспалітую і не знайшоўшы тут прымянення сваім ведам, Т. Касцюшка ў 1776 г. выехаў у Паўночную Амерыку, дзе ў той час ішла вайна за незалежнасць (1775–1783). Ён паступіў на службу ў амерыканскую армію ў чыне палкоўніка і ў якасці ваеннага інжынера займаўся фартыфікацыяй гарадоў і вайсковых лагераў. У 1783 г. Кангрэс ЗША прысвоіў Т. Касцюшку званне брыгаднага генерала. Ён таксама быў узнагароджаны ордэнам Цынцыната, атрымаў амерыканскае грамадзянства, пажыццёвую пенсію і зямельны надзел каля г. Калумбус (штат Агайа). У 1784 г. вярнуўся на радзіму і на працягу некалькіх гадоў займаўся гаспадаркай у фальварку Сяхновічы (зараз вёска Малыя Сяхновічы ў Жабінкаўскім раёне Брэсцкай вобласці). З 1789 г. служыў у войску Рэчы Паспалітай. У час вайны з Расіяй 1792 г. паказаў сябе здольным камандуючым у баях пад Зелянцамі (цяпер Украіна) і Дубенкай (цяпер Польшча), за што атрымаў званне генерал-лейтэнанта і быў узнагароджаны ордэнам Віртуці Мілітары.
Пасля капітуляцыі Рэчы Паспалітай Т. Касцюшка выйшаў у адстаўку і некаторы час вандраваў па Еўропе. Яго адданасць ідэям свабоды і роўнасці, змаганне за незалежнасць радзімы высока ацэнены Заканадаўчым сходам Францыі, які надаў яму званне ганаровага грамадзяніна (1792). Далучыўшыся да групоўкі, якая планавала паўстанне ў Рэчы Паспалітай, Т. Касцюшка актыўна ўключыўся ў яго падрыхтоўку і неўзабаве стаў яго кіраўніком. Пасля абвяшчэння акта паўстання вясной 1794 г. ён амаль увесь свой час праводзіў у войсках і асабіста камандаваў ваеннымі дзеяннямі. Пасля шэрага паспяховых аперацый у кастрычніку гэтага ж года ў баі з рускімі войскамі пад Мацяёвіцамі (цяпер Польшча) Т. Касцюшка быў цяжка паранены і ўзяты ў палон. На працягу двух гадоў утрымліваўся ў Петрапаўлаўскай крэпасці ў Санкт-Пецярбургу, пасля чаго адпушчаны на свабоду.
Апошнія гады жыцця Т. Касцюшка правёў у вандраваннях. Яго віталі як героя ў Швецыі, Германіі, Францыі, Злучаных Штатах Амерыкі. Памёр у Швейцарыі, пахаваны ў Кракаве, дзе ў яго гонар у 1820–1823 гг. насыпаны курган. Тадэвушу Касцюшку пастаўлены помнікі ў Польшчы, ЗША, Швейцарыі, яго імем названа самая высокая гара ў Аўстраліі, адна з акруг штата Індыяна, горад у штаце Місісіпі, астравы на Алясцы (ЗША). Імем героя названы вуліцы ў Гродне, Брэсце, Косаве, устаноўлены мемарыяльныя знакі ў Гродне і Косаве. У адноўленым сядзібным доме ў Мерачоўшчыне адкрыты Мемарыяльны музей-сядзіба Т. Касцюшкі.