Дата нараджэння: 08.02.1921 Глінішча, в., Хойніцкі раён, Гомельская вобласць
Дата смерці: 09.08.1976
Кароткая даведка: пісьменнік, грамадскі дзеяч, народны пісьменнік Беларусі, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Я. Коласа (1962), Ленінскай прэміі (1972), Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа (1976), кавалер ордэна "Знак Пашаны", удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, імя якога носяць вуліцы ў Мінску, Гродне, Лельчыцах, Хойніках
Імёны на іншых мовах: Мележ Иван Павлович (руская);
Асноўнае месца ў творчасці Івана Паўлавіча Мележа, аднаго з самых прызнаных беларускіх пісьменнікаў, займае проза. Яго раманы, аповесці і апавяданні вызначаюцца вострай праблематычнасцю, глыбінёй пачуццяў, багаццем зместу, веданнем роднага слова.
Нарадзіўся І. Мележ у в. Глінішча Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння ў 1938 г. сярэдняй школы працаваў у Хойніцкім райкоме. У 1939 г. паступіў у Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры імя М.Г. Чарнышэўскага і адразу быў прызваны ў армію. Пачынаў служыць у Данбасе, затым у Карпатах. Удзельнічаў у вызваленні Паўночнай Букавіны і Бесарабіі. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны
І. Мележ знаходзіўся на фронце. У чэрвені 1942 г. у баі пад Растовам быў цяжка паранены. Пасля лячэння адпраўлены ў тыл. Жыў у г. Бугуруслан (Арэнбургская вобласць, Расія), дзе з лістапада 1942 г. выкладаў ваенную падрыхтоўку і завочна вучыўся на літаратурным факультэце Малдаўскага педагагічнага інстытута. У 1943–1944 гг. працаваў у Беларускім дзяржаўным універсітэце (БДУ), які ў той час знаходзіўся на станцыі Сходня пад Масквой. У 1944 г. І. Мележ прыехаў у Мінск. Праз год скончыў філалагічны факультэт БДУ. Адукацыю працягваў у аспірантуры і працаваў у рэдакцыі часопіса «Полымя», потым выкладаў беларускую літаратуру ў БДУ. З жніўня 1950 г. па верасень 1951 г. быў кансультантам аддзела прапаганды і агітацыі па пытаннях літаратуры ў апараце ЦК КП(б)Б. З 1966 г. сакратар, у 1971–1974 гг. намеснік старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. Іван Мележ быў старшынёй праўлення Беларускага аддзялення таварыства «СССР – Францыя», старшынёй Беларускага камітэта абароны міру, членам Сусветнага савета міру, выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.
Літаратурную дзейнасць І. Мележ пачынаў з вершаў, якія друкаваліся ў 1930-я гг. у рэспубліканскіх і раённых газетах. Першым празаічным творам лічыў свой франтавы дзённік, дзе апісваў жорсткія баі на Збручы, пад Уманню, на Дняпры. У 1943 г. у газеце «Бугурусланская правда» было надрукавана яго апавяданне «Последняя операция». Першае апавяданне на беларускай мове «Сустрэча ў шпіталі» апублікавана ў 1944 г. у газеце «Звязда». Раннія творы І. Мележа вызначаліся жыццёвай праўдай, глыбокім абгрунтаваннем чалавечых учынкаў, вастрынёй сацыяльнага і духоўнага бачання рэчаіснасці. Аўтар тонка адчуваў і перадаваў прыгажосць прыроды Палесся, услаўляў чалавека-працаўніка, яго любоў да роднай зямлі. У 1946 г. быў надрукаваны першы зборнік апавяданняў пісьменніка ў «У завіруху», потым «Гарачы жнівень» (1948). Паступова жанравыя рамкі творчасці І. Мележа пашыраліся. У канцы 1940-х – пачатку 1950-х гг. ён працаваў над буйным творам – раманам «Мінскі напрамак», які стаў адным з першых у беларускай літаратуры панарамным палатном, прысвечаным вызваленню Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў летам 1944 г. у ходзе aпepaцыі «Бaгpaцiён». У рамане дзясяткі герояў – aд paдaвыx caлдaт i пapтызaн дa вoпытныx кaмaндзipaў, cмeлыx вoeнaчaльнiкaў. Аcaблiвa нaпpyжaнa пpaцaвaў пicьмeннiк нaд вoбpaзaм I. Чapняxoўcкaгa, кaмaндyючaгa 3-м Бeлapycкiм фpoнтaм. У 1960–70-я гг. раман быў перапрацаваны (стаў больш шматпланавым і маштабным па ахопе падзей, багатым на сапраўдныя народныя характары, праз якія паказана героіка і трагедыя вайны). У 1950-я гг. пісьменнік зноў звярнуўся да малых эпічных твораў. Былі выдадзены зборнікі «Блізкае і далёкае» (1954), «У гарах дажджы» (1957), «Што ён за чалавек» (1961), напісана некалькі п’ес – «Пакуль вы маладыя» і «У новым доме» (1956), «Дні нараджэння» (1958), «Хто прыйшоў уночы» (1959). Аналізуючы аповесці і апавяданні з гэтых зборнікаў, крытыкі адзначалі, што празаік звярнуўся да новых вобразаў, паглыбілася яго майстэрства ў раскрыцці псіхалогіі і духоўнага свету герояў. Найбольш ярка гэтыя якасці праявілася ў апошнім зборніку пісьменніка «Белыя вішні і яблыні» (1976). Самым значным творам І. Мележа стала трылогія «Палеская хроніка», якая складаецца з раманаў «Людзі на балоце» (1961), «Подых навальніцы» (1964–1965) і «Завеі, снежань» (1976). У чарнавым варыянце засталіся ненапісанымі раманы «За асакою бераг» і «Свята вясны». У «Палескай хроніцы» празаік апісвае падзеі, якія адбываліся ў вёсках на Палессі ў гады калектывізацыі. Па значнасці і мастацкай вартасці гэту трылогію параўноўваюць з «Новай зямлёй» Я. Коласа, раманамі К. Чорнага, «Ціхім Донам» М. Шолахава. На працягу ўсёй літаратурнай дзейнасці ў І. Мележа была глыбока прадуманая, вывераная эстэтычная пазіцыя, якая выкладзена ў кнізе «Жыццёвыя клопаты» (1975), дзе змешчаны артыкулы, эсэ і інтэрв’ю пісьменніка.
Творы І. Мележа пераведзены на многія мовы свету. У 1972 г. празаіку было прысвоена ганаровае званне народнага пісьменніка БССР. Ён з’яўляецца лаўрэатам Літаратурнай прэміі імя Я. Коласа (1962), Ленінскай прэміі (1972), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Коласа (1976), узнагароджаны некалькімі ордэнамі і медалямі. Жыццю і творчасці пісьменніка прысвечаны два дакументальныя фільмы «Іван Мележ» (1978, 1990). У 1980 г. Саюзам пісьменнікаў БССР была ўстаноўлена літаратурная прэмія імя І. Мележа. У яго гонар названы вуліцы ў Мінску (і ўстаноўлена мемарыяльная дошка), Гомелі, Кобрыне, Хойніках, Лельчыцах. Імя І. Мележа прысвоена беларуска-славянскай гімназіі і гарадской бібліятэцы ў Гомелі, у Мазыры – драматычнаму тэатру. У 1983 г. у в. Глінішча адкрыты мемарыяльны дом-музей і ўсталяваны бюст. У Хойніках у 2010 г. устаноўлена скульптурная кампазіцыя «Людзі на балоце».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г.