Дата нараджэння:
22.02.1903 Дзяніскавічы, в., Жлобінскі раён, Гомельская вобласць
Дата смерці:
26.09.1978 Мінск, г.
Кароткая даведка:
вучоны-фізік, заснавальнік буйных навуковых школ па спектраскапіі, оптыцы, люмінесцэнцыі, лазернай фізіцы, інфарматыцы і інш., педагог, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, Герой Сацыялістычнай Працы (1971), кавалер ордэнаў Леніна (1961, 1971), "Знак Пашаны" (1953)
Варыянты імя:
Сеўчанка Антон Нікіфаравіч
Імёны на іншых мовах:
Севченко Антон Никифорович (руская);
4157 сімвалаў
Даведка
У гісторыю беларускай навукі ўвайшлі імёны шматлікіх выдатных вучоных і таленавітых педагогаў. Віднае месца сярод іх належыць Антону Нічыпаравічу Сеўчанку – ініцыятару развіцця актуальных кірункаў фізікі, заснавальніку буйных навуковых школ па спектраскапіі, оптыцы, люмінесцэнцыі, лазернай фізіцы і інфарматыцы.
Нарадзіўся Антон Нічыпаравіч у в. Дзяніскавічы Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Жлобінскі раён Гомельскай вобласці) у сялянскай сям’і. Вучыўся ў пачатковай і двухгадовай земскіх школах. Пасля заканчэння Рагачоўскага педагагічнага тэхнікума (1926) працаваў настаўнікам фізікі і матэматыкі, дырэктарам у школах Бабруйскага раёна. У 1932 г. скончыў фізіка-тэхнічнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і быў накіраваны ў аспірантуру пры Фізічным інстытуце Акадэміі навук СССР (Ленінград).
З 1934 г. пад кіраўніцтвам акадэміка С.І. Вавілава пачаў працу ў лабараторыі пры Дзяржаўным аптычным інстытуце Народнага камісарыята ўзбраенняў. Асноўным кірункам даследаванняў маладога вучонага сталі пытанні люмінесцэнцыі арганічных і неарганічных рэчываў, якія ляглі ў аснову кандыдацкай дысертацыі, абароненай у 1937 г. У гады Вялікай Айчыннай вайны распрацоўваў і ўкараняў у вытворчасць метады святломаскіроўкі і люмінесцэнтнага асвятлення шкал ваенных аптычных прыбораў. Адначасова з навуковай дзейнасцю чытаў курсы вышэйшай матэматыкі ў Дзяржаўным аптычным інстытуце, агульнай фізікі і балістыкі ў Ваенна-палітычнай акадэміі, рэдагаваў усесаюзны часопіс «Оптико-механическая промышленность». За час працы ў аптычным інстытуце апублікаваў у навуковых выданнях шэраг артыкулаў тэарэтычнага і прыкладнога характару па пытаннях палярызацыі флюарэсцэнцыі ў растворах, люмінесцэнцыі рэдкіх зямель, свячэння ўранілавых солей у растворах і крышталях. У 1952 г. абараніў доктарскую дысертацыю, прысвечаную люмінесцэнцыі і ўранавым злучэнням.
У 1953 г. А.Н. Сеўчанку запрасілі на працу ў Мінск. Ён узначаліў сектар фізікі і матэматыкі Фізіка-тэхнічнага інстытута, быў абраны акадэмікам АН БССР. Пасля стварэння Інстытута фізікі і матэматыкі АН БССР (1955) прызначаны яго дырэктарам. Адначасова выконваў абавязкі акадэміка-сакратара Аддзялення фізіка-матэматычных і тэхнічных навук Акадэміі навук БССР, узначальваў кафедру фізічнай оптыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна, а з 1957 г. быў зацверджаны яго рэктарам. Шмат намаганняў А.Н. Сеўчанка прыклаў для арганізацыі пры ўніверсітэце Навукова-даследчага інстытута прыкладных фізічных праблем, які ўзначальваў у 1972–1978 гг. Кіраваў у ім даследаваннямі спектральных і люмінесцэнтных метадаў вывучэння рэчыва, работамі па сінтэзе новых вадка-крышталічных рэчываў, галаграфіі, фізіцы і тэхніцы паўправаднікоў.
Антон Нічыпаравіч – аўтар больш за 230 навуковых прац, надрукаваных у айчынных і замежных выданнях, а таксама манаграфій «Спектроскопия хлорофилла и родственных соединений» (1968, у суаўтарстве) і «Анизотропия поглощения и испускания света молекулами» (1971, у суаўтарстве). Вялікую ўвагу вучоны надаваў практычнаму выкарыстанню вынікаў навуковых распрацовак. На аснове фундаментальных даследаванняў ім і яго вучнямі створаны высокаадчувальныя метады вызначэння ўрану, плаціны і шэрага рэдказямельных элементаў, унікальныя электронныя інфармацыйна-вымяральныя прылады і інш. Пад кіраўніцтвам вучонага абаронена 10 доктарскіх і больш за 40 кандыдацкіх дысертацый. Сярод яго вучняў – акадэмікі і члены-карэспандэнты Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, лаўрэаты дзяржаўных прэмій. Навуковую і педагагічную дзейнасць А.Н. Сеўчанка спалучаў з актыўнай грамадскай працай. Ён быў удзельнікам шэрага міжнародных арганізацый ААН, з’яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР (1958–1962) і Вярхоўнага Савета БССР (1963–1976).
Шматгадовая плённая навуковая дзейнасць А.Н. Сеўчанкі была высока ацэнена дзяржавай. Яму прысуджаны ганаровыя званні заслужанага дзеяча навукі БССР (1967) і Героя Сацыялістычнай Працы (1971). Вучоны ўзнагароджаны ордэнамі Леніна (1961, 1971), «Знак Пашаны» (1953), медалямі. Яго імя носіць Навукова-даследчы інстытут прыкладных фізічных праблем Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.