Імёны на іншых мовах:
Горецкий Максим Иванович (руская);
4495 сімвалаў
Даведка
Да ліку выдатных дзеячаў беларускай культуры належыць Максім Іванавіч Гарэцкі – пісьменнік, публіцыст, руплівы даследчык і навуковец. Яго самабытная і рознабаковая творчая спадчына з’яўляецца змястоўным укладам у гісторыю нацыянальнага прыгожага пісьменства.
Максім Гарэцкі нарадзіўся ў вёсцы Малая Багацькаўка на Мсціслаўшчыне. Скончыў царкоўна-прыходскую школу, настаўніцкія класы пры ёй. У 1909–1913 гг. быў навучэнцам Горацкага каморніцка-агранамічнага вучылішча, пасля заканчэння якога некаторы час працаваў на Віленшчыне.
У 1914 г. М. Гарэцкі стаў салдатам, ваяваў на франтах Першай сусветнай вайны, быў цяжка паранены. У 1916 г. быў курсантам Паўлаўскага пяхотнага ваеннага вучылішча, у 1916–1917 гг. зноў знаходзіўся на фронце. Пасля цяжкай хваробы быў дэмабілізаваны. Кастрычніцкую рэвалюцыю М. Гарэцкі сустрэў у Смаленску, праз некаторы час разам з іншымі супрацоўнікамі газеты “Звязда” пераехаў у Вільню. Тут М. Гарэцкі займаецца творчасцю, працуе ў Віленскай беларускай гімназіі, на настаўніцкіх курсах, дзе выкладае беларускую мову і літаратуру. У гэты перыяд у яго з’яўляецца ўласная сям’я: жонка Леаніла Усцінаўна, дачка Галіна і сын Леанід. У 1922 г. пісьменнік двойчы падвяргаўся арышту і прыняў рашэнне пакінуць Вільню.
У 1923 г. М. Гарэцкі пераехаў у Мінск, дзе прысвяціў сябе творчай і грамадскай дзейнасці: выкладаў беларускую мову і літаратуру у розных навучальных установах, вёў даследчую работу ў Інбелкульце, друкаваўся. Творчая праца была прыпынена новым арыштам. На працягу 5 гадоў пісьменнік жыў у расійскім горадзе Вятка. Пасля заканчэння тэрміну ссылкі працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры, чытаў лекцыі, займаўся літаратурнай дзейнасцю. Арышт у лістападзе 1937 г. скончыўся для пісьменніка трагічна.
Літаратурным дэбютам М. Гарэцкага стала апавяданне “У лазні”, апублікаванае на старонках “Нашай Нівы” пад псеўданімам Максім Беларус у 1913 г. Неўзабаве адно за адным пачалі з’яўляцца новыя апавяданні пісьменніка, большасць з якіх увайшла ў яго зборнік “Рунь” (1914), станоўча адзначаны крытыкай.
Раннія творы М. Гарэцкага напісаны з пазіцый новага героя – вясковага інтэлігента, які ўсведамляе сваю адказнасць за лёс народа. Пісьменнік стаў адкрывальнікам новых пластоў жыцця, чалавечых характараў. Часам незвычайнага творчага ўздыму стаў 1916 г., калі з-пад яго пяра выйшлі такія выдатныя літаратурныя творы, як “Маці”, “Хадзяка”, “Амерыканец”, “Дзве сястрычкі”.
Падзеі Першай сусветнай вайны, франтавога жыцця М. Гарэцкі асвятляў як псіхолаг-гуманіст. Яго апавяданні “Літоўскі хутарок”, “Рускі”, “Генерал”, “На этапе”, аповесць “Ціхая плынь” маюць антываенны характар, а кніга “На імперыялістычнай вайне” стаіць ля вытокаў дакументальнага жанру ў нацыянальнай прозе.
Пісьменнік адным з першых беларускіх літаратараў звярнуўся да адлюстравання гістарычнай тэматыкі, паказу мінулага (зборнікі “Досвіткі”, “Люстрадзён”, “Сібірскія абразкі”). Самым галоўным для М. Гарэцкага творам на гэтую тэму павінна была стаць “Камароўская хроніка”, аднак з-за заўчаснай смерці пісьменніка кніга так і не была скончана.
У аповесці “Дзве душы” М. Гарэцкі зрабіў спробу даць мастацкае вытлумачэнне народжаных рэвалюцыяй працэсаў грамадскага жыцця, раскрыць ролю інтэлігенцыі як абаронцы гуманістычных ідэалаў. Гэтай жа тэме прысвечаны і раман “Віленскія камунары” – адзін з буйнейшых у нашай даваеннай літаратуры твораў, дзе створана аб’ектыўная карціна рэвалюцыйнага стану ў Беларусі і Літве.
Значны ўклад пакінуў М. Гарэцкі ў гісторыі беларускага літаратуразнаўства і мовазнаўства. Ён – аўтар “Гісторыі беларускае літаратуры”, “Хрэстаматыі беларускае літаратуры: ХІ век – 1905 г.”, беларуска-рускіх слоўнікаў.
Максім Гарэцкі выступаў і як публіцыст, пісаў артыкулы па гісторыі кнігадрукавання, тэатра, пытаннях вывучэння фальклору, займаўся перакладчыцкай дзейнасцю. Яго ўласныя творы перакладаліся на рускую, украінскую, літоўскую, латышскую, польскую і нямецкую мовы.
Творы пісьменніка доўгі час не друкаваліся. У канцы 1950-х гг. М. Гарэцкі быў рэабілітаваны, і ў 1960 г. з’явілася невялікая кніжка выбраных твораў, куды ўвайшла аповесць “Ціхая плынь” і шэраг апавяданняў. У 1960–1970-я гг. выйшла з друку некалькі кніг М. Гарэцкага. У 1984–1986 гг. быў выдадзены чатырохтомнік яго літаратурных твораў. З канца ХХ ст. раманы, аповесці і апавяданні М. Гарэцкага друкуюцца амаль штогод, яго працамі цікавяцца сучасныя даследчыкі. З 1992 г. штогод праводзяцца навуковыя чытанні, прысвечаныя жыццю і дзейнасці сям’і Гарэцкіх.