Дата нараджэння: 14.02.1913 Радзеева, в., Буда-Кашалёўскі раён, Гомельская вобласць
Дата смерці: 11.06.1993
Кароткая даведка: жывапісец, педагог, народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1967)
Імёны на іншых мовах: Tsvirka Vital Kanstantsinavitch (не вызначана); Цвирко Виталий Константинович (руская);
Адным з заснавальнікаў традыцый беларускай мастацкай школы XX ст. быў выдатны мастак Віталь Канстанцінавіч Цвірка.
Нарадзіўся ён у в. Радзеева Гомельскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Буда-Кашалёўскі раён Гомельскай вобласці) у сям’і настаўнікаў. Бацька будучага мастака любіў маляваць і перадаў гэта захапленне сыну. Пазней сям’я пераехала ў Гомель, а затым – у Мінск. Жаданне атрымаць мастацкую адукацыю прывяло В. Цвірку ў Віцебскі мастацкі тэхнікум, дзе вучыўся на жывапісным аддзяленні з 1929 па 1932 г. у вядомых педагогаў-жывапісцаў І. Ахрэмчыка і В. Руцая. Пасля яго заканчэння малады мастак вярнуўся ў Мінск, выкладаў малюнак і чарчэнне ў педагагічным вучылішчы і чыгуначнай агульнаадукацыйнай школе. У 1935 г. паступіў у Маскоўскі мастацкі інстытут імя В. Сурыкава. У Маскве адбылося першае сур’ёзнае выступленне В. Цвіркі як мастака на выстаўцы беларускага выяўленчага мастацтва, дзе экспанаваўся пейзаж “Квітнеючы сад”. У час Вялікай Айчыннай вайны ён разам з інстытутам быў эвакуіраваны ў Самарканд. Творы, напісаныя ў гэты перыяд, – “Узбекскі дворык”, “Узбекскі матыў”, “Самарканд”, “Раніца ў кішлаку”, “Узбекская дзяўчына” – перадаюць адчуванне своеасаблівасці нацыянальнага пейзажу. Яны лірычныя, сонечныя, поўныя экспрэсіі і святла. У 1944 г. В. Цвірка вярнуўся ў Мінск і атрымаў заказ Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны на серыю мемарыяльных пейзажаў і партрэтаў. У 1946 г. уступіў у Саюз мастакоў БССР. На працягу многіх гадоў В. Цвірка займаўся педагагічнай дзейнасцю. Выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы, Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). З 1958 па 1960 г. быў рэктарам гэтага інстытута.
Выдатны беларускі мастак, заснавальнік сучаснай айчыннай школы пейзажнага жывапісу В. Цвірка быў універсалам у сваёй творчасці. Яму аднолькава былі падуладны як жанравая разнастайнасць – пейзаж, нацюрморт, тэматычная карціна, партрэт, – так і розныя тэхнікі выканання – алейны жывапіс, тэмпера, акварэль, якімі валодаў па-майстэрску. Мастак стаў выдатным наватарам у сучасным беларускім жывапісе, і тэма беларускай прыроды паступова зрабілася пераважнай у творчасці. У беларускі пейзажны жывапіс В. Цвірка ўнёс сваю эстэтыку, вызначальнай рысай якой стала арганічнае спалучэнне панарамнасці кампазіцыі, эпічнасці пейзажа са свабоднай жывапіснай манерай і тонкай каларыстычнай палітрай. Яго каларыстычны метад выклікаў шырокае прызнанне, і гэтым мастак унёс вялікі ўклад у развіццё еўрапейскіх традыцый каларыстыкі камернага лірычнага пейзажа. Творчасць В. Цвіркі адрозніваецца своеасаблівай жывапіснай манерай – імкненнем да свежасці ўражанняў, непасрэднасцю адлюстравання свету, уменнем убачыць незвычайны стан прыроды і падаць яго так, каб глядач з максімальнай лёгкасцю мог пранікнуцца задумай. Сярод работ майстра – пейзажы “Сакавік. Халодны дзень”, “Сакавік” (абедзве 1947), “Каля млына” (1954), “Хата рыбака” (1956), “Вясна” (1958), “Мая Радзіма” (1961), “Нёман” (1962), “Мой край родны” (1968), “Беларускі краявід” (1974), “Зімка” (1984) і інш. Звыклыя з’явы мастак падаваў як істотныя рысы свету, характэрныя сацыяльна-псіхалагічныя асаблівасці часу і выказваў гэта ў адпаведнай пластычнай форме – праз экспрэсію мазка, дэталёвую прапрацоўку першага плана. Уменне па-свойму ўбачыць прыроду, адчуць у ёй тонкія лірычныя матывы і на іх аснове стварыць яркае вобразнае рашэнне – асноўная якасць, якая вызначае творчае аблічча майстра. Прырода ў палотнах В. Цвіркі жыве мякка і насычана, і глядач вольна адчувае сябе ў прасторы яго мастацтва. У 1967 г. за серыю пейзажаў “На зямлі беларускай” майстру была прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР. Яго трыпціх “Вясна”, “Лета”, “Восень” па праву заняў пачэснае месца ў гісторыі беларускага мастацтва.
Шматбаковасць таленту В. Цвіркі праявілася ў тэматычных карцінах “Няскораныя” (1947), “Сельская настаўніца” (1948), “Жыццё адраджаецца” (1949), “Паўстанне рыбакоў на возеры Нарач” (1957). Работы апошніх гадоў – нацюрморты “Палявыя кветкі” (1980), “Нацюрморт з фруктамі” (1981), “Хлеб” (1982), “Нацюрморт з люстэркам” (1982), “Гранаты” (1983) – вызначаюцца маштабнасцю, уласцівай майстру.
Вялікая творчая спадчына народнага мастака Беларусі В. Цвіркі не перастае выклікаць шчырае захапленне, атрымлівае ўсё новых прыхільнікаў і з’яўляецца адным з выдатнейшых і самабытных дасягненняў сучаснага беларускага жывапісу. Карціны знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі і Беларускага саюза мастакоў, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў Маскве, краязнаўчых музеях Беларусі. За свае працы мастак быў узнагароджаны залатым медалём ВДНГ СССР (1969), ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1971), ордэнам Дружбы народаў (1983), медалём Ф. Скарыны (1993). У 2007 г. у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшоў I Міжнародны фестываль пейзажа, прысвечаны творчасці В. Цвіркі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.