Дата нараджэння: 25.01.1903 Каўшова, в., Мастоўскі раён, Гродзенская вобласць
Дата смерці: 18.07.1964
Кароткая даведка: рэжысёр, актрыса, педагог, арганізатар і галоўны рэжысёр Беларускага тэатра юнага гледача (1963–1964), заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі
Імёны на іншых мовах: Мозолевская Любовь Ивановна (руская);
Адметнай старонкай у станаўленні тэатра і гісторыі развіцця нацыянальнага сцэнічнага мастацтва з’яўляецца творчая дзейнасць Любові Іванаўны Мазалеўскай.
Нарадзілася яна ў в. Каўшова Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці ў заможнай сям’і. Вучылася ў Гродзенскай жаночай гімназіі. У час грамадзянскай вайны добраахвотна ўступіла ў Чырвоную Армію. Працавала работнікам па ліквідацыі непісьменнасці чырвонаармейцаў, арганізоўвала мастацкую самадзейнасць, наладжвала спектаклі, у якіх сама была актрысай, рэжысёрам, мастаком і дэкаратарам. Так прыйшоў першы педагагічны і тэатральны вопыт, а з ім узнікла жаданне іграць на прафесійнай сцэне. У 1922 г. паступіла ў Беларускую драматычную студыю ў Маскве, якую скончыла ў 1926 г.
Пачатак прафесійнай творчай дзейнасці Л. Мазалеўскай звязаны са сцэнай БДТ-2 (цяпер Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я. Коласа). Адной з найбольш значных роляў, якія выконвала актрыса ў тыя часы, была роля Любові Яравой у спектаклі па аднайменнай п’есе К. Транёва. Гэты вобраз мужнай патрыёткі вельмі імпанаваў Л. Мазалеўскай, бо шмат у чым супадаў з яе ўласнай біяграфіяй. У тэатры актрысе давялося выканаць не адну цікавую ролю: Агаты і Паланеі (“Паўлінка” і “Прымакі” Я. Купалы), Караліны (“Вайна вайне” Я. Коласа), Сцепаніды (“Пагібель воўка” Э. Самуйлёнка). У час Вялікай Айчыннай вайны Л. Мазалеўская была на фронце ў складзе брыгады тэатра. Пасля вайны скончыла аддзяленне ўдасканалення рэжысёраў Дзяржаўнага інстытута тэатральнага мастацтва імя А. В. Луначарскага ў Маскве. І зноў сцэна тэатра імя Я. Коласа, толькі цяпер у якасці рэжысёра, дзе яна паставіла шэраг спектакляў, найбольш удалымі з якіх былі “Закон Лікурга” паводле Т. Драйзера, “Аксамітны сезон” М. Пагодзіна, “На тым баку” А. Бар’янава, “Напярэдадні” паводле І. Тургенева, “Яе сябры” В. Розава, “Атэстат сталасці” Л. Гераскінай і іншыя, што вызначаліся жыццёвай праўдай, мэтанакіраванасцю і падрабязнай распрацоўкай характараў герояў.
Рэжысёр і актрыса тэатра Л. Мазалеўская знялася ў шэрагу карцін беларускай кінастудыі. Большасць з роляў, якія давялося сыграць у кіно, былі эпізадычнымі. Але і тыя нешматлікія вобразы прыцягвалі да сябе ўвагу сваёй надзвычайнай жыццёвай дакладнасцю. Актрыса іграла з поўнай самааддачай, сапраўдным творчым запалам. Увасабляла вобразы жанчын простых, звычайных, нічым асаблівым не прыметных, але раскрывала іх характары з глыбокай пранікнёнасцю і душэўнай шчодрасцю. Дакладнае веданне жыцця свайго народа, вялікі і мудры талент актрысы спрыялі стварэнню вобразаў яркіх і самабытных. Любоў Мазалеўская ўмела раскрыць нацыянальныя рысы, асаблівасці характараў сваіх герояў. Упершыню яна з’явілася на экране ў 1932 г. у кінакарціне “Баям насустрач” (“Пераможцы”), якую паставіў рэжысёр Э. Аршанскі. Затым былі ролі ў карцінах “Жанчыны” (сцэнарый І. Іванова, рэжысёр Я. Дзіган), “Дзеці партызана” (сцэнарый Г. Калтунова, рэжысёры Л. Голуб і М. Фігуроўскі), “Шчасце” (сцэнарый В. Салаўёва, М. Таўбэ, рэжысёр А. Файнцымер) і інш.
У 1952 г. Л. Мазалеўская з мужам, якога запрасілі на працу ў Беларускі тэатр імя Я. Купалы (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы), прыехала ў Мінск. Да 1955 г. яна рэжысёр-пастаноўшчык тэатра. Паставіла спектаклі па творах “Макар Дубрава” А. Карнейчука, “В добрый час!” В. Розава, “Чайка” А. Чэхава. Выдатнай рэжысёрскай работай вызначаўся спектакль “Даходнае месца” па камедыі А. Астроўскага, які быў паказаны ў Маскве, Кіеве, Варшаве. Працу ў тэатры Л. Мазалеўская сумяшчала з выкладчыцкай дзейнасцю ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.
У 1955 г. Любові Іванаўне прапанавалі арганізаваць Беларускі тэатр юнага гледача (ТЮГ). Тэатральны калектыў быў сфарміраваны з выпускнікоў інстытута, з акцёрскага курса, якім яна кіравала. За кароткі тэрмін змагла стварыць калектыў аднадумцаў і дакладна вызначыць кірунак яго мастацкіх пошукаў. Тэатр адкрыўся ў 1956 г. спектаклямі “Як гартавалася сталь” паводле М. Астроўскага, “Горад майстроў” Т. Габэ, “Каханне Ані Бярозкі” У. Пісталенкі і інш. Настаў плённы і стабільны ў жыцці тэатра перыяд: творчая рабочая атмасфера, збалансаваная рэпертуарная афіша, разлічаная на гледачоў розных узростаў і адначасова на мастацкі рост калектыву, імкненне да нацыянальнай адметнасці. Клопат Л. Мазалеўскай творча падзяляў дырэктар тэатра У. Стэльмах: кіраўнікі разам вызначалі асноўныя пастановачныя і педагагічныя прынцыпы, імкнуліся зрабіць тэатр удзельнікам духоўнага жыцця моладзі рэспублікі, а таксама заявіць пра яго існаванне. Калектыў выязджаў на гастролі ў Ленінград, Кіеў, Рыгу і іншыя гарады. Вялікая заслуга Л. Мазалеўскай у стварэнні беларускага нацыянальнага рэпертуару. Яна ставіла розныя п’есы – і класічныя, і сучасныя. Але перавагу аддавала маладзёжным. Асабліва плённай была праца над пастаноўкай твораў маладых беларускіх драматургаў. Разам з аўтарамі дапрацоўвала тэксты, набліжала іх да сцэнічнай завершанасці. Так набылі вядомасць І. Козел, Я. Пасаў, У. Хазанскі, Ю. Багушэвіч, В. Зуб і інш. Адметнае месца ў рэпертуары заняў спектакль “Папараць-кветка” I. Козела. Ён вырашаны як народная легенда, з выкарыстаннем абрадавых сцэн, народных песень, танцаў, стаў этапным у творчасці тэатра, прадэманстраваў патэнцыял маладога калектыву. У 1958 г. на Фестывалі дзіцячых тэатраў у Маскве спектакль быў узнагароджаны дыпломам I ступені, а рэжысёр Л. Мазалеўская стала лаўрэатам фестывалю. Затым былі пастаўлены п’есы “Аркадзь Жыгалкін” Я. Пасава, “Юныя мсціўцы” А. Гутковіча і У. Хазанскага, “Не верце цішыні” I. Шамякіна, “Рэвізор” М. Гогаля (з Л. Біруковай), “За лясамі дрымучымі” А. Вольскага і П. Макаля, “Дзяўчына з вяснушкамі” А. Успенскага і інш. Яркай нацыянальнай своеасаблівасцю вызначалася п’еса І. Козела ў пастаноўцы Л. Мазалеўскай “Над хвалямі Серабранкі”, якая падагульняла вынікі пяцігадовай працы тэатра і карысталася заслужаным поспехам у гледачоў. Любоў Іванаўна паспела ажыццявіць яшчэ дзве пастаноўкі – “Гардзячка” паводле Т. Ян і “Свае людзі – паладзім” паводле А. Астроўскага. У 1964 г. яе не стала.
Дасягненні таленавітай і па-сапраўднаму адданай мастацтву жанчыны заўсёды высока ацэньваліся тэатральнымі дзеячамі. У 1957 г. Л. Мазалеўскай было прысвоена званне заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі. З 1992 г. Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Беларускім саюзам тэатральных дзеячаў за лепшыя пастаноўкі ў галіне тэатра для дзяцей і юнацтва прысуджаецца прэмія імя Л. Мазалеўскай. У 2003 г. у паштовае абарачэнне ўведзена паштовая картка з арыгінальнай маркай, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння актрысы.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.