Дата нараджэння:
01.01.1923 Сенькава, в., Магілёўскі раён
Дата смерці:
10.07.2019
Кароткая даведка:
жывапісец, педагог, народны мастак Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Польшчы, ганаровы член НАН Беларусі, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1998), Міжнароднай прэміі імя М. Шолахава (2010), кавалер ордэна Францыска Скарыны (2013)
Імёны на іншых мовах:
Gramyka Viktar Aliaxandravitch (англійская); Громыко Виктор Александрович (руская);
5043 сімвалы
Даведка
У беларускае выяўленчае мастацтва Віктар Аляксандравіч Грамыка ўвайшоў як майстар гісторыка-гераічнай карціны, буйнамаштабнага эпічнага пейзажа і псіхалагічнага партрэта. Яго творам уласцівы арыгінальныя кампазіцыйныя рашэнні, яснасць сюжэта, сэнсавая значнасць, наяўнасць маральнага кантэксту, узвышанасць і высакароднасць, драматургічнаcць зместу.
Нарадзіўся В. Грамыка ў в. Сенькава Горацкага раёна Магілёўскай вобласці ў сям’і служачых. У 1941 г. скончыў сярэднюю школу ў Оршы. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна адразу ўключыўся ў барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Ён быў членам падпольнай брыгады К. Заслонава, кулямётчыкам і разведчыкам у Смаленскім палку асобага прызначэння, камісарам партызанскага атрада, адказным сакратаром газеты «Народныя мсціўцы», удзельнічаў у Лепельска-Ушацкім прарыве. За баявыя заслугі ўзнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны 1-й ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі «За адвагу», «Партызану Айчыннай вайны» 1-й ступені.
Пасля вызвалення Беларусі В. Грамыка працаваў у рэдакцыі маладзёжнай газеты «Сцяг юнацтва», некаторы час быў мастаком Дзяржаўнага выдавецтва БССР, мастацкім рэдактарам часопіса «Маладосць». З 1947 г. вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы. У 1953 г. паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Яго педагогамі былі І. Ахрэмчык, В. Волкаў, В. Цвірка. Пасля заканчэння (1959) застаўся ў інстытуце, дзе працаваў да 1997 г. Быў выкладчыкам, дацэнтам, дэканам мастацкага факультэта, кіраваў персанальнай творчай майстэрняй. У 1982 г. стаў прафесарам. На працягу многіх гадоў В. Грамыка займаўся грамадскай дзейнасцю: выконваў абавязкі адказнага сакратара праўлення Саюза мастакоў БССР (1963–1967), у 1968–1973 і 1977–1982 гг. з’яўляўся старшынёй праўлення. У 1970 г. атрымаў званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, у 1991 г. – народнага мастака Беларусі. У 2000 г. быў выбраны ганаровым членам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
З 1947 г. В. Грамыка прымаў актыўны ўдзел у мастацкіх выстаўках. Працаваў у станковым жывапісе, жанры пейзажа і партрэта. У першыя пасляваенныя гады былі напісаны дзясяткі эцюдаў, якія адлюстроўваюць канкрэтныя рэаліі жыцця, паказваюць пачатак станаўлення адметнага почырку мастака, нараджэння галоўных матываў яго пазнейшай творчасці. Ужо ў ранніх работах – карцінах «Дарогамі мсціўцаў» (1959), «Юнацтва» (1960–1961), «Гудуць трактары» і «Браслаўшчына» (1964) – праявілася яркая творчая індывідуальная манера майстра. Яе асноўныя рысы – маштабнасць пошуку, эпічная, манументальна абагульненая трактоўка, экспрэсіўнасць каляровых рашэнняў, глыбіня псіхалагічных характарыстык – адлюстраваны ў творах ліра-эпічнага плана. Сярод іх – «Ільны беларускія» і «Чырвоныя землі Полаччыны» (1970), «На радзіме Я. Купалы» і «Глубелька – сэрца блакітных азёраў Беларусі» (1975), «Якое надвор’е будзе заўтра» (1988), «Над старымі акопамі цішыня» (1995), «Успамін пра Нарачанскую пераправу» (2008) і інш. У творчасці В. Грамыкі шырока прадстаўлена тэма Вялікай Айчыннай вайны. Ён унёс у беларускае мастацтва сваё асэнсаванне трагізму яе страт і героікі барацьбы. Асноўныя работы – палотны «Салдаты» (1967), «1941 год. Над Прыпяццю» (1970), «Жанчынам Вялікай Айчыннай прысвячаецца» (1972), «Яблыкі ўраджаю 1941 года» (1987), «Памяці разведчыкаў майго палка» (2009) і інш. У гэтых карцінах выяўленчымі вобразнымі сродкамі мастак паказаў праўду пра тую вайну, праз якую прайшоў сам. Ён не толькі адлюстраваў рэальныя абставіны і ўчынкі герояў сваіх карцін, але перадаў уласныя думкі і пачуцці. Значнае месца ў творчасці мастака належала пейзажу. Яго карціны «Ружовы сакавік» (1974), «Полымя кастрычніка» (1977), «Над ракой Бобр крычаць жураўлі» (1985), «Ліпень пахне травамі» (1990), «На схіле дня» (1996), «Чырвоная вясёлка» (2011) і іншыя адрозніваюцца гарманічнымі каляровымі пабудовамі, мяккім лірызмам, паэтычнасцю. Валоданне рэалістычным майстэрствам выявілася ў партрэтах мастака, у якіх ён выступае майстрам тонкага псіхалагічнага аналізу. Сярод асабліва яркіх і выразных – цыкл «Людзі цаліннага краю» (1963), партрэты бацькі (1977), В. Быкава (1984, 2011), аўтапартрэт (1988) і інш. Віктар Грамыка з’яўляецца аўтарам роспісу «Песня аб маім атрадзе» (2006) у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
Творчая дзейнасць мастака адзначана залатым медалём ВДНГ СССР і сярэбраным імя М. Грэкава (1978), медалём Ф. Скарыны (1996), ордэнам Айчыны ІІІ ступені (2003) і іншымі, а таксама ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР і Вярхоўнага Савета РСФСР. Ён лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1998), Міжнароднай прэміі імя М. Шолахава (2010), кавалер ордэна Францыска Скарыны (2013). Творы В. Грамыкі знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В. Масленікава, Траццякоўскай галерэі ў Маскве, музейных зборах і прыватных калекцыях аматараў мастацтва ў Расіі, Украіне, Казахстане, Амерыцы, Японіі, Венгрыі, Балгарыі і іншых краінах.