Дата нараджэння: 31.03.1923
Дата смерці: 08.07.2007
Кароткая даведка: артыст оперы (драматычны барытон), педагог, народны артыст Беларусі, удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны ордэнамі Пашаны, Айчыннай вайны ІІ ст., медалямі
Імёны на іншых мовах: Генералов Анатолий Михайлович (руская);
Анатоль Міхайлавіч Генералаў нарадзіўся ў станіцы Пацёмкінскай Кацельнікаўскага раёна Валгаградскай вобласці (Расія) у сям'і, дзе вельмі любілі музыку. Яго бацька валодаў моцным голасам, ведаў і выконваў мноства народных песень. У сям'і збіралі і захоўвалі пласцінкі і грамзапісы, так што раннія музычныя ўражанні будучага артыста спалучалі ў сабе і народную музыку, і рускі раманс, і папулярныя оперныя арыі. Музыка закладвала ў душы юнага Анатоля тую аснову, што дапамагала фарміраваць яго як чалавека, музыканта, спевака.
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, будучы спявак вучыўся ў 10 класе. Адразу пасля заканчэння школы ён пайшоў на фронт. Учарашняга школьніка вызначалі воінская адвага і рашучасць. У адным з баёў ён быў цяжка паранены, але пасля шпіталя зноў вярнуўся ў строй. Дзень Перамогі сустрэў пад Прагай. За ваенныя заслугі А. Генералаў быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «За ўзяцце Вены», «За ўзяцце Будапешта», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.» і інш.
У 1949 г. А. Генералаў паступіў на вакальны факультэт Музычна-педагагічнага інстытута імя Гнесіных у Маскве, які скончыў у 1954 г. (клас Г. Адэна). У гэтым жа годзе па запрашэнні мастацкага кіраўніка Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР Л. Александроўскай пачаў працаваць салістам беларускай оперы (1954–1981). Яго сур'ёзная, пераканаўчая праца над вакальна-сцэнічнымі вобразамі звярнула на сябе ўвагу з самага пачатку творчай дзейнасці. Ужо першыя выступленні ў спектаклях (эпізадычныя ролі Старчышчы ў оперы «Садко» М. Рымскага-Корсакава і Князя ў «Чарадзейцы» П. Чайкоўскага) абудзілі цікавасць да спевака і атрымалі пазітыўную ацэнку тэатральнай грамадскасці. Хутка ён становіцца адным з вядучых салістаў тэатра. Анатоль Генералаў выконваў партыі драматычнага барытона, валодаў шырокім дыяпазонам. Адной з першых значных і паспяховых работ маладога саліста была партыя Апанаса ў оперы «Алеся» Я. Цікоцкага, з якой пачалося яго творчае жыццё ў вялікім мастацтве. У гэтай ролі спявак выступаў у час Дэкады беларускага мастацтва і літаратуры ў Маскве ў 1955 г. Уздзеянне вобраза валявога і рашучага героя, створанага артыстам, было вельмі моцным. Пасля дэкады А. Генералаў атрымаў сваю першую творчую ўзнагароду – медаль «За працоўную адзнаку».
У беларускім рэпертуары А. Генералаў стварыў такія каларытныя і пераканаўчыя вобразы, як Змітрок («Міхась Падгорны» Я. Цікоцкага), Сцяпан («Яснае світанне» А. Туранкова), Дзяніс Давыдаў («Надзея Дурава» А. Багатырова). На беларускай сцэне ён стаў спеваком менавіта нацыянальным і сапраўды народным. Высокае выканальніцкае майстэрства, мастацкая выразнасць вызначалі ролі артыста ў творах опернай класікі – князь Ігар («Князь Ігар» А. Барадзіна), Гразной, Ведзянецкі госць («Царская нявеста», «Садко» М. Рымскага-Корсакава), Томскі («Пікавая дама» П. Чайкоўскага), Шаклавіты («Хаваншчына» М. Мусаргскага), Дэман («Дэман» А. Рубінштэйна), Аманасра, граф ды Луна, Жэрмон, Рэната («Аіда», «Трубадур», «Травіята», «Баль-маскарад» Дж. Вердзі), Скарпія («Тоска» Дж. Пучыні). Адна з лепшых і любімых партый А. Генералава – Рыгалета ў аднайменнай оперы Дж. Вердзі. Артыст уражваў унутранай сілай, якая надавала музычна-сцэнічнаму дзеянню эмацыянальную насычанасць, праўдзівасць і драматызм. Вельмі складаны і супярэчлівы вобраз Яга ў спектаклі «Атэла» Дж. Вердзі з'явіўся праверкай творчага майстэрства спевака. Многа роздуму, сумненняў, знаходак і расчараванняў было звязана ў яго з гэтай роляй. Дзякуючы таленту пранікнення ў душу чалавека артыст ярка і пераканаўча паказаў каварства, двудушнасць і хітрасць свайго персанажа.
Як на опернай сцэне, так і ў канцэртным рэпертуары А. Генералаў быў вельмі разнастайны. У яго камерныя праграмы ўваходзілі творы рускіх, беларускіх і замежных кампазітараў, народныя песні. Спявак прымаў удзел у многіх канцэртах савецкіх майстроў мастацтваў за межамі краіны (Польшча, Балгарыя, Венгрыя). Сваю любімую партыю Рыгалета ён выконваў і ў Румыніі, на оперных сцэнах Бухарэста, Клужа, Брашова. У Бухарэсце А. Генералаў выступаў таксама ў партыі Аманасры з оперы «Аіда» Дж. Вердзі.
Анатоль Генералаў валодаў голасам вялікага напаўнення, мяккага аксамітнага тэмбру, бездакорнай вакальнай тэхнікай, блізкай да італьянскай школы, што дазваляла спеваку ствараць пераканаўчыя вобразы. Творчай манеры артыста характэрна высакароднасць сцэнічных паводзін, глыбіня пранікнення ва ўнутраную сутнасць музычна-сцэнічных вобразаў пры стрыманасці, лаканізме выразных сродкаў.
У 1976 г. А. Генералаў быў запрошаны выкладчыкам у Беларускую дзяржаўную кансерваторыю на кафедру спеваў. З 1981 г., пасля завяршэння творчай дзейнасці ў тэатры, педагогіка становіцца яго асноўнай працай. У 1990 г. ён атрымаў званне прафесара. Сярод вучняў А. Генералава такія выдатныя спевакі, як: лаўрэат Міжнароднага конкурсу вакалістаў імя М. Глінкі, дыпламант Міжнароднага конкурсу «Новыя галасы» (г. Гютэрсла, Германія) М. Грыгорчык; лаўрэат міжнародных конкурсаў, саліст Марыінскага тэатра У. Мароз; лаўрэат Міжнароднага конкурсу «Італія-2000» А. Марозаў; лаўрэат Міжнароднага конкурсу імя Ф. Шаляпіна А. Гардынец; лаўрэат Міжнароднага конкурсу імя А. Дворжака А. Кавалеўскі; лаўрэат Міжрэспубліканскага конкурсу (Кішынёў, Малдова) Р. Палішчук; лаўрэат Нацыянальнага конкурсу імя Л. Александроўскай М. Гулегін; артыст эстрады, уладальнік Гран-пры Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Славянскі базар у Віцебску» – 2004 П. Ялфімаў.
У педагагічнай дзейнасці А. Генералаў прытрымліваўся прынцыпаў спалучэння навуковых метадычных ведаў, перадавых даследаванняў з асабістым вопытам педагога, практычныя веды якога іграюць рашаючую ролю. Свае погляды на праблемы вакальнага мастацтва і адукацыі А. Генералаў выказаў у шэрагу публікацый, якія былі аб'яднаны ў кнізе «Мои размышления о вокале» (2006).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.