Кароткая даведка:
вучоны ў галіне фізіялогіі раслін, заснавальнік навуковай школы па біясінтэзе хларафілу, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, лаўрэат прэміі імя К.А. Ціміразева АН СССР (1967), кавалер ордэнаў Леніна (1951, 1961), "Знак Пашаны"
Імёны на іншых мовах:
Годнев Тихон Николаевич (руская);
3197 сімвалаў
Даведка
Імя Ціхана Мікалаевіча Годнева, аднаго з буйнейшых спецыялістаў у галіне фотасінтэзу, заснавальніка навуковай школы па біясінтэзе хларафілу, вядома не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі.
Нарадзіўся ён у г. Задонску (Расія) у сям’і настаўніка. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Яраслаўскай гімназіі. У 1911 г. паступіў на прыродазнаўчае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта. Пасля заканчэння навучання (1916) застаўся працаваць выкладчыкам ва ўніверсітэце на кафедры фізіялогіі раслін. У гэты перыяд у Ц.М. Годнева сфарміраваліся асноўныя ідэі і гіпотэзы. Ён працягнуў пачатыя яшчэ ў час студэнцтва даследаванні ў галіне хіміі хларафілу пад кіраўніцтвам аднаго з вядомых батанікаў і фізіёлагаў раслін Ф.М. Крашаніннікава. У далейшым працаваў у Астраханскім універсітэце (з 1919 г.) і Іванава-Вазнясенскім політэхнічным інстытуце (з 1923 г.).
З 1927 г. жыццё вучонага было звязана з Беларуссю. Ён быў запрошаны ўзначаліць кафедру фізіялогіі раслін Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі (г. Горкі, Магілёўская вобласць). У 1935 г. атрымаў навуковую ступень доктара біялагічных навук і перайшоў на працу ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (БДУ). У наступным годзе выбраны членам-карэспандэнтам АН БССР. У 1940 г. стаў акадэмікам, у 1946–1948 гг. быў акадэмікам-сакратаром Аддзялення біялагічных, сельскагаспадарчых і медыцынскіх навук АН БССР. У гады Вялікай Айчыннай вайны Ц.М. Годнеў працаваў у Свярдлоўскім сельскагаспадарчым інстытуце над арганізацыяй серыйнай вытворчасці нітрагіну і азотабактару – бактэрыяльных угнаенняў для глебы.
Пасля вяртання з эвакуацыі ў 1944 г. ён працягнуў даследаванні ў галіне біясінтэзу хларафілу на кафедры фізіялогіі раслін біялагічнага факультэта БДУ, узначаліў лабараторыю хларафілу ў Інстытуце эксперыментальнай батанікі АН БССР (1945–1966), быў загадчыкам аддзела хларафілу ў Лабараторыі біяфізікі і ізатопаў АН БССР (1967–1969). Даследчык прапанаваў новую тэорыю ўтварэння хларафілу. Даказаў адзінства протахларафілу ў раслінным свеце і ператварыў яго ў цемнаце ў хларафіл. Даследаваў стан фотасінтэтычных пігментаў у антагенезе ў залежнасці ад светлавых і тэмпературных умоў, механізм утварэння парфірынаў, а таксама змяненні хларапластаў у антагенезе.
Ціхан Мікалаевіч Годнеў – аўтар больш за 300 навуковых прац, у тым ліку 4 манаграфій. Сярод кніг – «Строение хлорофилла и возможные пути его образования в растении» (1947), «Строение хлорофилла и методы его количественного определения» (1952), «Хлорофилл и его роль в природе» (1955), «Фотосинтез» (1961) і інш. Найбольш значнай стала манаграфія «Хлорофилл. Его строение и образование в растении» (1963), за якую ў 1967 г. яму была прысуджана прэмія імя К.А. Ціміразева Акадэміі навук СССР.
Даследаванні ў галіне біясінтэзу хларафілу прынеслі вучонаму сусветнае прызнанне. Навуковая, педагагічная і грамадская дзейнасць Ц.М. Годнева атрымала высокую адзнаку ў краіне. У 1944 г. яму было прысуджана ганаровае званне заслужанага дзеяча навукі Беларусі. Вучоны ўзнагароджаны ордэнамі «Знак Пашаны» (1940), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1944, 1949), Леніна (1951, 1961), шматлікімі медалямі і граматамі.