Дата нараджэння:
09.05.1913 Ляхавічы, в., Дзяржынскі раён, Мінская вобласць
Дата смерці:
07.11.2009
Кароткая даведка:
літаратуразнавец, педагог, акадэмік НАН Беларусі і Акадэміі педагагічных навук СССР, замежны член Расійскай акадэміі адукацыі
Імёны на іншых мовах:
Ivashin Vasily Vladimirovich (не вызначана); Ивашин Василий Владимирович (руская);
5112 сімвалы
Даведка
Вядомы вучоны, педагог, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Акадэміі педагагічных навук СССР, замежны член Расійскай акадэміі адукацыі, доктар філалагічных навук, прафесар Васіль Уладзіміравіч Івашын унёс значны ўклад у развіццё беларускай гуманітарнай навукі і нацыянальнай адукацыі. Зробленае ім вылучаецца грунтоўнасцю, значнасцю вынікаў.
Нарадзіўся В. У. Івашын у в. Ляхавічы Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1933 г. скончыў Мінскі транспартна-эканамічны тэхнікум і год працаваў тэхнікам-эканамістам Белкааппрамсавета. У 1934 г. паступіў на літаратурны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута. Пасля заканчэння ў 1938 г. вучобы В. У. Івашын працаваў выкладчыкам мовы і літаратуры ў Віцебскім педагагічным вучылішчы, але ў хуткім часе мірнае жыццё скончылася: пачалася Вялікая Айчынная вайна. Малады педагог быў мабілізаваны ў армію, ваяваў на фронце.
Пасляваенныя дзесяцігоддзі для В. У. Івашына сталі часам станаўлення яго як вучонага. Выкладчыцкую працу ў Рэспубліканскай партыйнай школе пры ЦК КПБ (1946–1948) паспяхова спалучаў з вучобай у аспірантуры пры Інстытуце літаратуры Акадэміі навук БССР. Пасля яе заканчэння (1949) і абароны кандыдацкай дысертацыі працаваў старшым навуковым супрацоўнікам, потым загадчыкам сектара беларускай савецкай літаратуры гэтага інстытута. У 1965 г. В. У. Івашын стаў доктарам філалагічных навук. Арганізатарскі талент праявіўся ў час кіраўніцтва Навукова-даследчым інстытутам педагогікі Міністэрства адукацыі Беларусі (цяпер Нацыянальны інстытут адукацыі) у 1967–1978 гг. У 1967 г. В. У. Івашын абраны акадэмікам Акадэміі педагагічных навук СССР. Стаў прафесарам у 1973 г. З 1978 г. працаваў старшым навуковым супрацоўнікам-кансультантам, а з 1995 па 2007 г. – галоўным навуковым супрацоўнікам Нацыянальнага інстытута адукацыі.
Займаючы кіруючыя пасады, В. У. Івашын імкнуўся і ўмеў спалучаць адміністрацыйную працу з творчай. Сферай яго навуковых інтарэсаў з’яўляліся станаўленне беларускай літаратуры пачатку XX ст., нацыянальная мастацкая класіка, спадчына такіх вялікіх майстроў слова, як Я. Купала, Я. Колас, М. Багдановіч, праблемы тэорыі і гісторыі літаратуры, пісьменніцкі светапогляд, творчая індывідуальнасць аўтара, літаратурныя ўплывы і сувязі, метадалогія і методыка выкладання літаратуры ў школе. Пяру вучонага належаць працы “Янка Купала – вялікі народны паэт” (1952), “Янка Купала: творчасць перыяду рэвалюцыі 1905–1907 гг.” (1953), “Рэвалюцыя 1905–1907 гг. і развіццё беларускай літаратуры” (1955), “М. Горький и белорусская литература начала XX века” (1956), “У истоков социалистического реализма” (1963), “Да вышынь рэалізму: асноўныя тэндэнцыі развіцця беларускай дакастрычніцкай і савецкай літаратуры” (1983), “Выверанае жыццём” (1988), “З пазіцый гуманізму” (1998). Як навуковы рэдактар прымаў удзел у падрыхтоўцы двухтомнай “Гісторыі беларускай савецкай літаратуры” (1964–1966). Дзейнасць В. У. Івашына супала з працэсамі ўдасканалення, рэфармавання агульнай сярэдняй адукацыі. Ён шмат увагі ўдзяляў мадэрнізацыі літаратурнай адукацыі ў школе з улікам рознаўзроўневага навучання. Удзельнічаў у распарцоўцы канцэпцыі літаратурнай адукацыі, падрыхтоўцы адукацыйных стандартаў і новых вучэбных праграм па беларускай літаратуры. Пад яго рэдакцыяй выпушчаны шэраг выданняў па літаратуразнаўстве і методыцы выкладання літаратуры ў школе. Вучоны апублікаваў больш за 260 навуковых прац, у тым ліку сем манаграфій, якія маюць тэарэтычную каштоўнасць і знайшлі шырокае выкарыстанне ў адукацыйнай практыцы. Ён з’яўляецца аўтарам падручнікаў “Беларуская літаратура” для 8-га класа (19-е выданне 1978, з В. В. Барысенкам; 7-е выданне 1988, з М. А. Лазаруком), для 9-га класа (9-е выданне 1994, з М. А. Лазаруком). Гэтыя навучальныя кнігі на працягу цэлых дзесяцігоддзяў дапамагалі настаўнікам закладваць асновы гісторыка-літаратурных ведаў школьнікаў, фарміраваць іх грамадзянскую і маральную культуру, выхоўваць гуманістычную самасвядомасць, патрэбу ў эстэтычных каштоўнасцях, пачуццё патрыятызму.
Шмат часу В. У. Івашын аддаў падрыхтоўцы кадраў вышэйшай кваліфікацыі. Ён заўсёды падтрымліваў таленавітую моладзь. Васіль Уладзіміравіч кіраваў працай аспірантаў, падрыхтаваў восем кандыдатаў навук, узначальваў камісіі па здачы кандыдацкага мінімуму ў Нацыянальным інстытуце адукацыі, доўгі час працаваў у складзе савета па абароне дысертацый пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы і інш.
Важным аспектам шматграннай дзейнасці В. У. Івашына з’яўлялася паэтычная творчасць. Яму належаць чатыры зборнікі вершаў – “Слова” (1995), “Покліч памяці” (1998), “З надзеяй і верай” (2003), “Прызванне” (2007), – якія прасякнуты разнастайнымі матывамі. Грамадзянска-патрыятычная, філасофская, пейзажная і інтымная лірыка аўтара звернута сваім зместам да народных, агульначалавечых, маральна-этычных і эстэтычных каштоўнасцей жыцця.
Высока ацэнены арганізатарскі талент, навуковыя дасягненні і педагагічная дзейнасць вучонага. Ён узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1976), ордэнам Айчыннай вайны II ступені (1985), медалямі, ганаровымі граматамі.