Дата нараджэння:
18.06.1913 Вялікія Стралкі, в., Рагачоўскі раён, Гомельская вобласць
Дата смерці:
29.12.1993
Кароткая даведка:
крытык, літаратуразнавец, педагог, даследчык гісторыі рускай літаратуры ХІХ – пачатку ХХ ст., сучаснай беларускай літаратуры
Псеўданімы:
Фёдараў К.; Фёдоров К.; Хведар Вясёлы
Імёны на іншых мовах:
Кулешов Фёдор Иванович (руская);
5235 сімвалаў
Даведка
Фёдар Іванавіч Куляшоў нарадзіўся ў в. Вялікія Стралкі Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Рагачоўскі раён Гомельскай вобласці) у сялянскай сям’і. Ён рана застаўся без бацькоў і з 1925 г. выхоўваўся ў дзіцячых дамах у Бабруйску і Пірэвічах. Пасля заканчэння Гарадзецкай сярэдняй школы (1931) быў літаратурным супрацоўнікам рагачоўскай газеты «Камунар», праз год стаў уласным карэспандэнтам газеты «Савецкая Беларусь». У 1933 г. Ф.І. Куляшоў паступіў на філалагічны факультэт Ленінградскага педага гічнага інстытута імя М.М. Пакроўскага, які скончыў у 1935 г. Працаваў у адной са школ г. Кіраўска выкладчыкам рускай мовы і літаратуры. У 1938 г. быў рэпрэсіраваны (рэабілітаваны ў 1990 г.). Зняволенне адбываў пад Варкутой. Пасля вызвалення ў 1943 г. працаваў настаўнікам у Кундравінскай сярэдняй школе Міяскага раёна Чэлябінскай вобласці. Потым служыў пісарам на ваенна-перасыльным пункце. З лютага 1944 г. выкладаў рускую мову і літаратуру ў Чэлябінскім механіка-машынабудаўнічым інстытуце і завочна вучыўся ў Ленінградскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А.І. Герцэна, які знаходзіўся ў эвакуацыі ў г. Кыштыме. Восенню 1945 г. Ф.І. Куляшоў атрымаў пасаду старшага выкладчыка ў Кустанайскім настаўніцкім інстытуце, дзе самастойна падрыхтаваў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Ранний Куприн», якую абараніў у 1949 г. у Ленінградзе. Адзін навучальны год (1950/1951) загадваў кафедрай рускай літаратуры ў Кзыл-Ардынскім педагагічным інстытуце. У жніўні 1951 г. быў запрошаны ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя У.І. Леніна (БДУ), дзе стаў дацэнтам кафедры рускай і сусветнай літаратуры (па сумяшчальніцтве з’яўляўся старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры Акадэміі навук БССР). У 1955 г. быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў БССР. У гэтым жа годзе Ф.І. Куляшоў разам з сям’ёй пераехаў у Паўднёва-Сахалінск. Чытаў лекцыі ў педагагічным інстытуце, рэдагаваў «Ученые записки». У 1961 г. вярнуўся ў Мінск. Працаваў на філалагічным факультэце БДУ. Праз тры гады абараніў доктарскую дысертацыю па творчасці А. Купрына і ў 1965 г. стаў прафесарам. З 1966 па 1969 г. з’яўляўся загадчыкам кафедры рускай класічнай літаратуры ў БДУ, у 1985–1990 гг. быў пры ёй кансультантам.
Літаратурнай дзейнасцю Ф.І. Куляшоў пачаў займацца з 1932 г., друкавацца – з 1946 г. Ён пісаў рэцэнзіі на манаграфіі і падручнікі; змяшчаў крытычныя артыкулы ў навуковых зборніках, часопісах і газетах; з’яўляўся аўтарам прадмоў і пасляслоўяў да кніг вядомых пісьменнікаў. Першыя літаратуразнаўчыя і крытычныя публікацыі прыцягвалі ўвагу простым, дакладным выказваннем думкі, паслядоўнасцю поглядаў і падыходаў. Асноўны напрамак навукова-літаратурнай дзейнасці Ф. І. Куляшова вызначыўся ўжо на раннім этапе творчасці. Гэта гісторыя рускай літаратуры ХІХ – пачатку ХХ ст. Вучоным былі выдадзены крытыка-біяграфічныя нарысы «Жизнь и творчество Л.Н. Толстого» (1953), «Сатирическая поэзия Н.А. Некрасова» і «Жизнь и творчество А.П. Чехова» (1954), «Антон Павлович Чехов» (1959), «Буревестник революции» (1968); складзены зборнікі «А.П. Чехов о литературе и искусстве» (1954), «Максім Горкі і Беларусь» (1968), «А.И. Куприн о литературе» (1969), «Леў Талстой і Беларусь» (1980). Пад яго рэдакцыяй і з уступным словам у 1970-я гг. у Маскве ў выдавецтве «Художественная литература» выйшаў збор твораў А. Купрына ў 9 т.
У гісторыю беларускай літаратуры Ф.І. Куляшоў увайшоў вопытным даследчыкам і ўдумлівым крытыкам, здольным усебакова раскрыць творчую індывідуальнасць пісьменніка. Карыстаючыся багатым фактычным матэрыялам, ён вывучаў творчасць В. Быкава, І. Шамякіна, М. Лынькова, А. Карпюка, Я. Брыля, У. Караткевіча, М. Стральцова, І. Чыгрынава і інш. Вучоны падрабязна аналізаваў іх працу над словам і вобразам, усебакова разглядаў ідэйна-мастацкія асаблівасці твораў, закранаў важныя пытанні тэарэтычнага характару, звязаныя з далейшым развіццём беларускай літаратуры. У 1964 г. выйшла кніга Ф.І. Куляшова «Эцюды аб прозе», дзе змешчаны арыкулы, прысвечаныя творчасці Я. Брыля, М. Лынькова, І. Навуменкі, І. Мележа і інш. У 1970 г. у Маскве была надрукавана брашура «Современная белорусская проза». Асноўная ўвага ў ёй адведзена аналізу найбольш буйных твораў беларускай прозы, у якіх адлюстравана тэма Вялікай Айчыннай вайны і гісторыі Беларусі. Літаратурна-крытычныя нарысы «Шлях да майстэрства» (пра творчасць М. Лынькова) і «Піліп Пестрак як раманіст» увайшлі ў кнігу «Літаратурныя партрэты» (1983). Асаблівае месца ў творчай спадчыне Ф.І. Куляшова займае кніга «У дарозе» (1988), дзе абагульняецца навуковая дзейнасць даследчыка. У сваіх працах Ф.І. Куляшоў імкнуўся паглыбіцца ва ўнутраны свет пісьменнікаў і іх герояў, усебакова раскрыць індывідуальнасць кожнага.
Вялікі эрудыт, чалавек энцыклапедычных ведаў, Ф.І. Куляшоў больш за 50 гадоў займаўся педагагічнай дзейнасцю. Яго лекцыі аб’яднаны ў дзве грунтоўныя кнігі «Лекции по истории русской литературы конца ХІХ – начала ХХ в.» (ч. 1, 1976; ч. 2, 1980). За час работы ў БДУ прафесар выхаваў шмат высокакваліфікаваных спецыялістаў, падрыхтаваў дзясяткі кандыдатаў і дактароў навук. Вучоны ўзнагароджаны ганаровым знакам «За выдатныя поспехі ў рабоце» ў галіне вышэйшай адукацыі СССР (1982), медалём «Ветэран працы» (1985), некалькімі граматамі.