Іван Міхайлавіч Сталяроў вядомы ў Беларусі і за яе межамі як графік і акварэліст. Ён з’яўляецца заснавальнікам віцебскай школы акварэлі. Дзякуючы педагагічным і творчым намаганням І. Сталярова былі падрыхтаваны і выхаваны дзясяткі беларускіх мастакоў-акварэлістаў.
Нарадзіўся ён у Віцебску. У 1939–1940 гг. вучыўся ў Віцебскім народным мастацкім вучылішчы. У час Вялікай Айчыннай вайны прымаў удзел у вызваленчых баях. Пасля яе заканчэння працягваў вучобу, у 1951 г. скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, у 1960 г. – факультэт графікі Маскоўскага паліграфічнага інстытута. Удзельнічаў у мастацкіх выстаўках з 1954 г. Сярод яго настаўнікаў былі такія выдатныя жывапісцы, як В. Дзежыц, І. Ахрэмчык, А. Бембель, Л. Лейтман, А. Мазалёў, У. Хрусталёў і інш. З 1967 г. з’яўляўся членам Беларускага саюза мастакоў.
У творчасці І. Сталярова знайшлі ўвасабленне традыцыі рэалістычнай акварэльнай класікі. Карцінам уласцівы натурны дакументалізм, апавядальнасць, дынамічнасць сюжэтаў, тонкая нюансіроўка колеру. Працаваў ён у тэхніцы акварэлі, станковай і кніжнай графікі. Палотны выкананы ў эпічных, элегічных, рамантычных, лірычных, сентыментальных жанрах. Ваеннай тэматыцы, партызанскай барацьбе прысвечаны шэраг твораў у стылі мастацкага дакументалізму. Сярод іх – «Партызанская пабыўка» (1960), «Машкоўцы перад заданнем» (1965), «У разведцы» (1976), «Бегства фашыстаў з Віцебска» (1977), «Партызанскі хлеб» (1984), «Выхад з блакады» (1989), «Дзень расплаты» (1992), «Пайсці на заданне» (1997) і інш. Галоўнае месца ў творчасці мастака займае тэма прыродных, сельскіх і гарадскіх краявідаў. Ён з’яўляецца аўтарам акварэльных камерных пейзажаў і кампазіцый, сярод якіх – «Арка палаца Бухарскага хана» (1959), «Стары Полацк» (1966), «Руіны старажытнай крэпасці» і «Від на заліў» (1972), «Суражская зямля» і «Час навальніц» (1980), «Мармашэльскі манастыр» (1981), «Возера Аслепна» (1993), «Месяцовы пейзаж» (1994), «Восеньскі пейзаж» і «Гарадская ўскраіна» (1996), «Від на вёску Буева» і «Від на вёску Бялынавічы» (1998), «Рэчка Ула» (2003), «Летні пейзаж» (2004) і інш. Аптымізмам, святлом, інтанацыйнасцю, танальнай перспектывай вылучаюцца акварэльныя лісты з відамі Віцебска, Браслава, Наваполацка. Сярод іх – «Віцебскае Паазер’е» (1953), «Від на г. Браслаў» (1960), «Браслаўшчына» і «Віцебскія небаскробы» (1969), «Віцебск. Від з ваколіцы» (1982), «Віцебскае ўзвышша» (1985) і інш. Індустрыяльная тэма раскрываецца ў працах «Сэрца нафтабуда» (1957), «Новабудоўлі Віцебска» (1958–1961), «Віцебская ЦЭЦ» (1960), «Будні домабудаўнічага камбіната» (1962), «Сэрца нафтабудоўлі» (1963), «Руба» (1965), «Керамзітавы завод» (1967), «Цагляны завод» (1973) і інш. Іван Міхайлавіч – аўтар ілюстрацый да твораў М. Горкага «Буравеснік» (1982), Я. Купалы «Курган» (1983), М. Гогаля «Страшная помста» (1985) і інш.
Творчасць І. Сталяроў паспяхова сумяшчаў з педагагічнай дзейнасцю. Яшчэ ў гады вучобы ў Мінскім мастацкім вучылішчы ён працаваў настаўнікам у чыгуначнай школе. Затым працягваў выкладчыцкую дзейнасць у Віцебскім мастацка-графічным педагагічным вучылішчы (1951–1958), на мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С.М. Кірава (1959–1985), з 1979 г. быў дацэнтам кафедры малюнка і жывапісу. Ён унёс значныя змены ў навучальны працэс, распрацоўваў праграмы дысцыплін прафесійнага цыкла, арганізоўваў дадатковыя заняткі па акварэльным жывапісе. Мастак з’яўляецца аўтарам падручніка «Акварель: материалы и способы письма» (1980).
За плённую творчую і педагагічную дзейнасць І. Сталяроў узнагароджаны медалём «За заслугі ў выяўленчым мастацтве», нагрудным знакам «Выдатнік асветы СССР», ганаровымі граматамі. У 1993 г. яму прысвоена званне заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі. Творы мастака захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, Віцебскім абласным музеі Героя Савецкага Саюза М.Ф. Шмырова, прыватных калекцыях у Беларусі і за мяжой.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.