Дата нараджэння:
27.11.1903 Сакоўцы, вёска, Івацэвіцкі раён, Брэсцкая вобласць
Дата смерці:
22.08.1978
Кароткая даведка:
пісьменнік, дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, лаўрэат Літаратурнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа (1964), узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Дружбы народаў, "Знак Пашаны", медалямі
Псеўданімы:
Гайдук П.; Звястун; Звястун П.
Імёны на іншых мовах:
Пестрак Пилип (руская); Пестрак Филипп Семёнович (руская);
4106 сімвалаў
Даведка
Пісьменнік-патрыёт, чыя творчасць звязана з лёсам Заходняй Беларусі, Піліп Пестрак нарадзіўся ў вёсцы Сакоўцы Косаўскага павета (цяпер Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці). У час Першай сусветнай вайны разам з бацькамі жыў у сяле Максімаўка Бузулукскага павета Самарскай губерні. Пасля заканчэння народнага вучылішча працаваў памочнікам рахункавода і бухгалтара, наведваў бібліятэчныя курсы, вучыўся ў гімназіі г. Бузулук. У верасні 1920 – маі 1921 гг. быў студэнтам эканамічнага аддзялення сацыяльна-гістарычнага факультэта Самарскага ўніверсітэта. Цяжкае матэрыяльнае становішча прымусіла сям’ю Пестракоў вярнуцца ў Беларусь.
У 1921–1923 гг. П. Пестрак працаваў лесарубам і лесніком. У 1924 г. спрабаваў уцячы ў БССР, быў затрыманы і накіраваны на вайсковую службу. Увосень 1926 г. стаў членам Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ), быў сакратаром Косаўскага падпольнага райкама, членам Слонімскага акруговага камітэта КПЗБ, інструктарам ЦК КПЗБ. За падпольную дзейнасць яго неаднаразова арыштоўвалі польскія ўлады, амаль 11 гадоў жыцця П. Пестрак правёў у турмах Пінска, Вільні, Гродна. У гэты час ён з’яўляўся членам актыву палітзняволеных, вучыўся сам і дзяліўся ведамі з непісьменнымі сябрамі-рэвалюцыянерамі, складаў вершы.
Пасля аб’яднання Заходняй Беларусі з БССР у верасні 1939 г. П. Пестрак быў абраны дэпутатам Народнага сходу Заходняй Беларусі, у 1940 г. стаў дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, быў прыняты ў Саюз савецкіх пісьменнікаў, кіраваў аддзяленнем Саюза пісьменнікаў БССР у Беластоку. У час Вялікай Айчыннай вайны працаваў у партызанскай газеце. Пасля вызвалення Беларусі П. Пестрак узначальваў Упраўленне па справах мастацтваў пры Саўнаркаме БССР (1943–1945), быў навуковым супрацоўнікам Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР (1945–1947), літкансультантам Саюза пісьменнікаў БССР (1948–1951). З 1951 г. прысвяціў сябе творчай працы.
Першы друкаваны верш П. Пестрака з’явіўся ў часопісе “Родныя гоні” ў 1927 г. Першая кніга вершаў “На варце” пабачыла свет толькі ў 1940 г. і складалася з вершаў, напісаных у зняволенні. У гэты час пісьменніка найбольш хвалявала тэма рэвалюцыйнай барацьбы супраць сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту, яго паэзія адлюстроўвала рост грамадзянскай самасвядомасці беларускага народа, узмацненне рэвалюцыйных настрояў.
У 1946 г. быў выдадзены зборнік вершаў П. Пестрака “За сваю Айчыну”. Паэт пісаў з любоўю да Радзімы, верай у перамогу, у светлае будучае свайго народа.
З часам П. Пестрак стаў пісаць празаічныя творы: апавяданні, аповесці, раманы. У 1950–1960-я гг. былі надрукаваны кнігі апавяданняў “Першыя ўсходы” (1951), “Неспадзяванак” (1957), “Лясная песня” (1958), “Сярод чаротаў” (1964).
Найбольшую вядомасць прынёс пісьменніку раман “Сустрэнемся на барыкадах” (1954), прысвечаны тэме барацьбы жыхароў Заходняй Беларусі за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. Раман П. Пестрака ў значнай ступені аўтабіяграфічны. Праз вобраз галоўнага героя Андрэя Касцевіча пісьменнік паказаў многае ўласна перажытае або бачанае ім самім. Раман быў хутка перакладзены на рускую і ўкраінскую мовы і быў прыязна сустрэты па-за межамі Беларусі.
У пачатку 1960-х гг. пісьменнік звярнуўся да праблем жыцця пасляваеннай калгаснай вёскі. Яго раман “Серадзібор” (1963) быў адзначаны Літаратурнай прэміяй Беларусі імя Я. Коласа. У няскончаным рамане “Лесавічанка” П. Пестрак імкнуўся расказаць аб жыцці заходнебеларускай вёскі ў перадваенны час.
Піліп Пестрак працаваў у розных галінах літаратурнай творчасці: пісаў літаратурна-крытычныя і публіцыстычныя артыкулы, п’есы, кінасцэнарыі, займаўся мастацкім перакладам твораў польскіх, украінскіх, літоўскіх і латышскіх пісьменнікаў. Творы самога Пестрака перакладаліся на балгарскую, польскую, рускую, украінскую і узбекскую мовы. Беларускія кампазітары А. Багатыроў і Я. Цікоцкі паклалі яго вершы на музыку.
Літаратурная і грамадская дзейнасць П. Пестрака адзначана двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Дружбы народаў, “Знак Пашаны”, медалямі. Яго імем названы Івацэвіцкая цэнтральная бібліятэка, вуліцы ў Мінску і Гродне.