Дата нараджэння:
24.11.1913 Шкілякі, в., Полацкі раён, Віцебская вобласць
Дата смерці:
08.08.1986
Кароткая даведка:
пісьменнік, заслужаны работнік культуры Беларусі
Імёны на іншых мовах:
Горбук Виссарион Степанович (руская);
3988 сімвалаў
Даведка
Вісарыён Сцяпанавіч Гарбук нарадзіўся ў в. Шкілякі Полацкага павета Віцебскай губерні (цяпер Полацкі раён Віцебскай вобласці) у сям’і селяніна. Пасля заканчэння школы ў Чашніках паступіў у 1930 г. у Лепельскі педагагічны тэхнікум. З 1933 г. працаваў настаўнікам Дварэцкай сямігодкі і вучыўся завочна на літаратурным факультэце Беларускага дзяржаўнага вышэйшага педагагічнага інстытута. У 1935 г. В. Гарбук перавёўся на дзённае аддзяленне. У час вучобы пісаў вершы, займаўся ў секцыі пачынаючых паэтаў пры Саюзе пісьменнікаў БССР. У красавіку 1936 г. ён быў арыштаваны і асуджаны на тры гады. Адбываў пакаранне на Калыме (рэабілітаваны ў 1961 г.). У пачатку 1940 г. В. Гарбук вярнуўся на Віцебшчыну. Выкладаў рускую і беларускую літаратуру ў Мехаўскай сярэдняй школе (Гарадоцкі раён), некаторы час быў завучам. Працуючы настаўнікам падрыхтаваў да выдання першую кнігу сваіх твораў. У чэрвені 1941 г. яго прызвалі ў армію. Служыў у інжынерных войсках 23-га Упраўлення ваенна-палявога будаўніцтва, дзе атрымаў прафесіі тапографа, будаўніка, сапёра. Займаўся ўзвядзеннем камандных пунктаў, мастоў, перапраў, дотаў, размініраваннем розных аб’ектаў. Удзельнічаў у абароне Масквы, вызваленні Беларусі і Варшавы, фарсіраванні Віслы і Одэра, узяцці Берліна. Яго баявы шлях адзначаны медалямі «За абарону Масквы», «За баявыя заслугі», «За ўзяцце Берліна», «За Перамогу над Германіяй» і трыма падзякамі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага.
У пачатку 1946 г. В. Гарбук захварэў на поліартрыт. Да студзеня 1960 г. (з невялікімі перапынкамі) знаходзіўся ў шпіталях, клініках і іншых лячэбных установах. У бальнічных палатах пісаў апавяданні, вершы, вёў дзённік. Друкаваўся ў перыядычных выданнях, у тым ліку ў газеце «Віцебскі рабочы», у альманаху «Ставрополье». У 1957 г. у часопісе «Семья и школа» была апублікавана сатырычная замалёўка «Прогулка в будущее». У 1960 г. пісьменнік вярнуўся на радзіму. Па стане здароўя В. Гарбук пераехаў у Пяцігорск. Працаваў літаратурным кансультантам у рэдакцыі краявой газеты «Кавказская здравница», прымаў удзел у рабоце мясцовага літаб’яднання, займаўся творчай дзейнасцю. Ён падтрымліваў цесныя сувязі з беларускімі літаратарамі, вёў перапіску з М. Танкам, П. Пестраком, С. Грахоўскім, Я. Казекам, П. Броўкам, В. Віткам і інш. У беларускіх газетах і часопісах друкаваліся творы В. Гарбука. Гераізм народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, надзённыя праблемы і з’явы жыцця савецкага грамадства – асноўныя тэмы яго творчасці. У 1963 г. у Мінску выйшаў першы зборнік апавяданняў «Не шукаю спакою». У гэтым жа годзе В. Гарбук стаў членам Саюза пісьменнікаў БССР. У 1979 г. атрымаў званне заслужанага работніка культуры БССР.
Вісарыён Гарбук з’яўляецца аўтарам апавяданняў, празаічных мініяцюр, гумарэсак. Пісаў на рускай і беларускай мовах. Асобнай старонкай літаратурнай дзейнасці пісьменніка сталі творы для дзяцей і пра дзяцей, казкі, вершы. Ён аўтар кніг «На маім акне. Таніны апавяданні» (1966), «Лицо в полоску» (1967, па аднайменным апавяданні ў 1971 г. зняты тэлефільм), «Хто такія мы» (1973), «Мышки и мишки» (1974), «Са мной здарылася неверагоднае» (1977) і інш. Лепшыя апавяданні («Незнарок і знарок», «Такіх кветак не бывае», «Не было б і сонца», «Алачка-забывалачка», «Горад без папугайчыкаў») уключаны ў «Хрэстаматыю па беларускай дзіцячай літаратуры» (выдадзена ў Мінску ў 1984 г.). Яны напоўнены добрымі парадамі і вучаць дзяцей сяброўству, узаемаразуменню, павазе да старэйшых. На беларускую мову В. Гарбук пераклаў і апрацаваў казкі народаў Паўночнага Каўказа, якія выйшлі ў зборніку «Напітак волатаў» (1969). Пасля смерці архіў пісьменніка быў перададзены ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. У ім налічваецца 540 адзінак захоўвання: рукапісы, творы, лісты, фотаздымкі. Асаблівую каштоўнасць уяўляюць ваенныя дзённікі.
8 жніўня 1986 г. В. Гарбук памёр. Пахаваны ў Пяцігорску. У в. Нача (Полацкі раён) 1 ліпеня 2006 г. быў адкрыты памятны знак землякам-пісьменнікам, на якім выгравіравана і яго імя.