Дата нараджэння: 01.11.1873
Дата смерці: 25.05.1942
Кароткая даведка: расійскі і беларускі літаратуразнавец, крытык, даследчык гісторыі рускай і беларускай літаратуры, крытыкі і журналістыкі, акадэмік НАН Беларусі, член-карэспандэнт АН СССР
Імёны на іншых мовах: Замотин Иван Иванович (руская);
Іван Іванавіч Замоцін, даследчык рускай і беларускай літаратуры, нарадзіўся ў в. Крывуліна Бежацкага павета Цвярской губерні (Расія) у сялянскай сям’і. Бацька рана памёр, і маці пераехала ў Санкт-Пецярбург, дзе працавала служанкай. Спачатку хлопчык выхоўваўся ў Громаўскім прытулку для дзяцей-сірот; потым вучыўся ў Пскоўскай гімназіі, якую скончыў з залатым медалём. У 1893 г. паступіў у Санкт-Пецярбургскі гісторыка-філалагічны інстытут. У 1897 г. атрымаў дыплом па спецыяльнасці «гісторык літаратуры». Каля сямі гадоў І. І. Замоцін працаваў выкладчыкам старажытных моў, рускай філалогіі, гісторыі і геаграфіі ў гімназіях Варшавы і Санкт-Пецярбурга. Педагагічную працу сумяшчаў з навуковай дзейнасцю. Яго першая работа «Ранние романтические веяния в русской литературе» была апублікавана ў 1900 г. у Варшаве. Затым з’явіліся манаграфія «Предание о Вадиме Новгородском в русской литературе» (1901), брашуры «Три романтических мотива в произведениях Гоголя» (1901), «Голубой цветок в поэзии Жуковского» (1902), першы том аднаго з самых значных даследаванняў «Романтизм двадцатых годов ХІХ ст. в русской литературе» (1903). У 1904 г. І. І. Замоцін стаў прыват-дацэнтам Варшаўскага, потым Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэтаў. Ён чытаў лекцыі па гісторыі рускай літаратуры ХІХ ст., вёў семінары па эстэтыцы і паэтыцы рамантызму. У 1908 г. атрымаў званне прафесара Варшаўскага ўніверсітэта, які, пасля акупацыі ў 1915 г. сталіцы Польшчы нямецкімі войскамі, эвакуіравалі ў Растоў-на-Доне і перайменавалі ў Данскі. У час пераезду І. І. Замоцін з’яўляўся дэканам гісторыка-філалагічнага факультэта, праз некаторы час па ўласнай просьбе быў вызвалены з гэтай пасады, але працягваў працаваць ва ўніверсітэце. У 1922 г. ён пераехаў у Мінск. Чытаў курс методыкі выкладання літаратуры ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (БДУ), з’яўляўся першым загадчыкам кафедры беларускай літаратуры і этнаграфіі. Па сумяшчальніцтве працаваў у Інстытуце беларускай культуры (з 1925 г.). У 1928 г. стаў акадэмікам Беларускай акадэміі навук, у 1929 г. – членам-карэспандэнтам АН СССР. З 1931 г. І. І. Замоцін выкладаў у Беларускім дзяржаўным вышэйшым педагагічным інстытуце. У 1931–1933 гг. з’яўляўся дырэктарам Інстытута літаратуры і мастацтва АН БССР, у 1934 г. стаў доктарам філалагічных навук.
У Мінску І. І. Замоцін плённа працаваў у галіне беларускага літаратуразнаўства. Ужо з 1923 г. у часопісах «Узвышша», «Полымя», у «Працах Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта» і іншых выданнях пачалі з’яўляцца артыкулы і крытычныя нарысы вучонага, прысвечаныя гісторыі і тэорыі беларускай літаратуры. Найбольш значнымі сярод работ з’яўляюцца «Пуціны беларускай літаратуры (Якуб Колас – “Новая зямля”)» (1924), «Паэма Якуба Коласа “Сымон-музыка” як аўтахарактарыстыка» (1926), «Беларуская драматургія. Драматычныя творы Янкі Купалы» і «М. Багдановіч: крытыка-біяграфічны нарыс» (1927), «Чарговыя задачы вывучэння гісторыі беларускае літаратуры» (1928), а таксама публікацыі пра творы Ц. Гартнага, К. Крапівы, П. Глебкі і інш. У сваіх работах І. І. Замоцін спрабаваў звязаць разнастайныя жывыя біяграфічныя факты з творчасцю пісьменнікаў. Пад кіраўніцтвам вучонага ўпершыню ў беларускім літаратуразнаўстве пачалася праца па выданні твораў беларускіх пісьменнікаў. Па ініцыятыве І. І. Замоціна і з яго прадмовай у 1927–1928 гг. быў выдадзены ў двух тамах збор твораў М. Багдановіча, у 1929 г. – зборнік А. Гаруна «Матчын дар», у 1934 г. – творы Цёткі (Алаізы Пашкевіч) і П. Труса. Галоўным у падрыхтоўцы гэтых і іншых кніг І. І. Замоцін лічыў наступныя прынцыпы: паўней сабраць спадчыну пісьменніка, захаваць асаблівасці мовы аўтара, забяспечыць выданне адпаведным даведачным матэрыялам. Значнае месца ў навуковай дзейнасці вучонага належала методыцы выкладання беларускай літаратуры ў школе. Ён чытаў курс па гэтай дысцыпліне ў БДУ, актыўна выступаў з публічнымі лекцыямі. Сярод настаўнікаў-філолагаў асабліва папулярнымі былі два выпускі метадычных нарысаў «Мастацкая літаратура ў школьным выкладанні» (1927–1928). Гэта першы падручнік для вышэйшых навучальных устаноў, па якім рыхтавалі педагогаў-славеснікаў.
4 красавіка 1938 г. І. І. Замоціна арыштавалі і асудзілі на восем гадоў зняволення. Пакаранне адбываў у Комі АССР. Памёр у турэмнай бальніцы 25 мая 1942 г. Рэабілітаваны 18 красавіка 1956 г. У гонар І. І. Замоціна ў 1985 г. на будынку Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута была ўстаноўлена мемарыяльная дошка.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.