Дата нараджэння: 18.10.1893
Дата смерці: 24.01.1971
Кароткая даведка: акцёр, народны артыст Беларусі і СССР
Псеўданімы: Владамірскі Уладзімір Іосіфавіч; Владомирский Владимир Иосифович; Уладамірскі Уладзімір Іосіфавіч
Імёны на іншых мовах: Малейко Владимир Иосифович (руская);
Імя Уладзіміра Іосіфавіча Уладамірскага ведалі не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Артыста віталі гледачы Масквы і Томска, Кіева і Варшавы, Лодзі і Харкава, многіх іншых гарадоў, дзе гастраляваў Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы). І дзе б акцёр ні выступаў, створаныя ім вобразы не маглі не выклікаць захаплення.
Нарадзіўся У. Уладамірскі (сапраўднае прозвішча Малейка) у г. Каўнасе (Літва). Першапачатковую адукацыю атрымаў у народным вучылішчы, сярэднюю ў мужчынскай гімназіі. Яму падабаліся фізіка, геаграфія, гісторыя, але самай вялікай любоўю з’яўляўся тэатр. Не было ў гімназіі ніводнага аматарскага спектакля, у якім бы не ўдзельнічаў У. Малейка. Выступленні заўсёды праходзілі з вялікім поспехам. Таму юнак выбраў тэатр, але тады яго марам не давялося збыцца: пачалася Першая сусветная вайна. Ён апынуўся на фронце. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі У. Малейка служыў ужо ў Чырвонай Арміі. І нават сярод цяжкіх баёў знаходзіў час і месца, каб арганізаваць імправізаваны канцэрт, дзе чытаў вершы, спяваў. У 1920 г. быў накіраваны на працу ў Другі паказальны тэатр (Бабруйск). Менавіта там канчаткова зразумеў, што яму, У. Уладамірскаму (пад такім псеўданімам пачаў выступаць на сцэне), няма жыцця без тэатра. Пасля заканчэння грамадзянскай вайны накіраваны на драматычныя курсы ў Ленінград. Сустрэчы з карыфеямі рускай сцэны В. Давыдавым, Ю. Юр’евым, В. Юрэневай сталі вялікай творчай школай для маладога артыста, але родная Беларусь клікала да сябе.
З 1924 г. ён пачаў выступаць на сцэне Беларускага дзяржаўнага тэатра. Прафесійнае майстэрства фарміравалася пад уплывам вопытнага рэжысёра, педагога і драматурга Е. Міровіча. Першая, нязначная роля салдата Маставога ў драме “Кастусь Каліноўскі” Е. Міровіча ператварылася ў выкананні пачынаючага акцёра ў запамінальны вобраз вясёлага гаваруна, спрытнага кавалера, спакусніка дзявочых сэрцаў. Камічная міміка і рухі, усе яго паводзіны на сцэне выклікалі апладысменты гледача. Уладзімір Уладамірскі валодаў багатай творчай фантазіяй, якая дазваляла ствараць разнастайную галерэю вобразаў. Псіхалагічная дакладнасць нюансіроўкі ўнутранага стану персанажа, кантраснасць фарбаў, яркасць вонкавага малюнка, імправізацыйнасць з элементамі эксцэнтрыкі – адзнакі творчай індывідуальнасці акцёра. Сцэнічныя героі па-мастацку завершаныя, абагульненыя, ім уласцівы вострая характарнасць, пластычная выразнасць, дакладная ўнутраная і знешняя абмалёўка; многія сталі здабыткам нацыянальнай культуры. Назаўсёды засталіся ў гісторыі тэатра каларытныя вобразы, створаныя У. Уладамірскім: былы жандар, кар’ерыст і прайдзісвет Брызгалін (“Кар’ера таварыша Брызгаліна” Е. Міровіча), двурушнік-трацкіст Абабурка (“Пагібель воўка” Э. Самуйлёнка), камандзір коннага ўзвода Дыбаў (“Міжбур’е” Д. Курдзіна), п’яніца, гультай, прагульшчык Мухін (“Мост” Я. Рамановіча) і інш. Для творчасці артыста веданне жыцця, асяроддзя, у якім жывуць і дзейнічаюць героі п’ес, мае вялікае значэнне. У вобразе Леапольда Гушкі ў спектаклі “Бацькаўшчына” К. Чорнага паказана адвечная цяга беззямельнага селяніна да зямлі. Гэта пакутлівая барацьба за зямлю набыла трагедыйны змест. Акцёру ўдалося стварыць глыбока псіхалагічны вобраз працавітага селяніна. Сілу пратэсту чалавека супраць сацыяльнай несправядлівасці, яго духоўную веліч раскрыў у вобразах Данілы Дрыля і Гудовіча (“Партызаны” і “З народам” К. Крапівы), Язэпа (“Салавей” З. Бядулі), Блазана (“Каваль-ваявода” Е. Міровіча).
Працуючы над пастаноўкамі рускіх класічных твораў, звяртаў больш увагі на сацыяльную характарыстыку герояў. Так, правінцыяльны акцёр Шмага (“Без віны вінаватыя” А. Астроўскага) выглядае чалавекам, які імкнецца пратэставаць супраць маральных асноў капіталістычнага грамадства. Вобраз Апалона Мурзавецкага (“Ваўкі і авечкі” А. Астроўскага) артыст падаў у плане вострай сатыры, тым самым яшчэ больш падкрэсліваючы бяздушнасць і пустату героя. Этапнай працай у творчасці У. Уладамірскага з’яўляецца стварэнне вобраза адстаўнога унтэра Гразнова ў спектаклі “Праўда добра, а шчасце лепш” А. Астроўскага. Найбольш ярка адметнасць таленту акцёра выявілася ў ролі Івана Каламійцава ў “Апошніх” М. Горкага, у якім сабраны ўсе адмоўныя рысы буржуазнага грамадства. Праз канкрэтную характарыстыку, па-мастацку абгрунтавана паказаў яго маральную дэградацыю і спустошанасць. Каля 20 гадоў гэты спектакль, які атрымаў высокую ацэнку на першай Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве (1940), не сыходзіў са сцэны Купалаўскага тэатра. Працаваў У. Уладамірскі і над вобразамі сусветнай класікі. Сыграў ролі Вурма ў п’есе “Каварства і каханне” Ф. Шылера, гусара ў камедыі “Дамы і гусары” А. Фрэдры, Трыстана ў камедыі “Сабака на сене” Лопэ дэ Вэгі.
Уладзіміра Уладамірскага рэдка здымалі ў кіно, але і ў гэтым відзе мастацтва пакінуў даволі прыкметны след, зняўшыся ў беларускіх кінастужках “Хто смяецца апошнім” (1954), “Палеская легенда” (1957).
За 40 гадоў жыцця, якія выдатны артыст аддаў беларускай сцэне, сыграў больш за 200 значных, глыбокіх і тонка распрацаваных роляў. У Купалаўскім тэатры У. Уладамірскі працаваў і вучыўся, яму аддаў свае душэўныя сілы і майстэрства, тут стаў народным артыстам Беларусі і СССР. Артыст не замыкаўся ў прафесійнай сферы, заўсёды быў у цэнтры грамадскага жыцця. Ён удзельнічаў у мерапрыемствах, дапамагаў самадзейнасці, прысутнічаў на ўсіх сходах калектыву тэатра, заўсёды прымаў самы актыўны ўдзел у абмеркаванні праблем, звязаных з творчым і грамадскім жыццём тэатра, акцёра часта сустракалі сярод студэнтаў, кампазітараў і пісьменнікаў.
Творчая дзейнасць У. Уладамірскага адзначана ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, “Знак Пашаны”, медалямі. У Беларускім дзяржаўным архіве кінафотафонадакументаў захоўваецца шмат цікавых аўдыявізуальных дакументаў, што знаёмяць з жыццём артыста. Гэта гуказапісы ўрыўкаў са спектакляў з удзелам акцёра, мноства радыёпастановак, радыёперадач з цыкла “Майстры беларускай сцэны”, прысвечаных творчасці Уладзіміра Іосіфавіча, запіс успамінаў сяброў, партрэтныя здымкі акцёра розных гадоў. Толькі аддаючы справе ўсё лепшае, чым багата душа чалавека, атрымаеш тую высокую радасць, якую дае праца. Творчая біяграфія У. Уладамірскага – лепшы прыклад гэтага.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.