Кобец Рыгор Якаўлевіч (сапраўднае імя Драч Міхаіл)
Дата нараджэння:
20.07.1900 Украіна
Дата смерці:
09.09.1990 Мінск, г.
Кароткая даведка:
пісьменнік, драматург, сцэнарыст, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі
Псеўданімы:
Кобец Григорий Яковлевич; Кобец Рыгор Якаўлевіч; Лахматы Грыша; Лахматы Грышка; Лахматы Рыгор; Лохматый Гриша
Варыянты імя:
Драч Міхаіл; Сандыга Міхаіл Мусіевіч
Імёны на іншых мовах:
Сандыга Михаил Мусиевич (руская);
3252 сімвалы
Даведка
Беларускі драматург, празаік, сцэнарыст Рыгор Якаўлевіч Кобец (сапраўднае прозвішча Міхаіл Драч) нарадзіўся на Украіне. Вучыўся ў царкоўнапрыходскай школе, потым у народным рамесным і рэальным вучылішчах. Быў удзельнікам Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў. З 1921 г. жыў у Мінску. Скончыў тры курсы Мінскага вячэрняга рабочага тэхнікума. З 1925 г. уваходзіў у рускую секцыю «Звенья» літаратурнага аб'яднання «Маладняк», з 1929 г. – у «Маладняк». Працаваў у рэдакцыі газеты «Рабочий» (1929–1930). У 1935 г. ён стаў членам Саюза пісьменнікаў БССР, заслужаным дзеячам мастацтваў БССР. У 1931–1937 гг. Р. Кобец быў кансультантам, загадчыкам сцэнарнага аддзела кінастудыі «Савецкая Беларусь» у Ленінградзе. У 1933, 1935, 1937 гг. ездзіў у творчыя камандзіроўкі ў Бірабіджан. Супрацоўнічаў у газетах «Биробиджанская правда», «Тихоокеанская звезда» (Бірабіджан). У 1938 г. Р. Кобец быў рэпрэсіраваны, у 1939 г. апраўданы. Потым Р. Кобец пераехаў у Хабараўск, дзе працаваў рэдактарам студыі кінахронікі. У 1941 г. быў зноў арыштаваны і ў 1942 г. сасланы на 10 гадоў у сібірскія лагеры. Адбываў пакаранне на будоўлях чыгункі Тайшэт-Лена, ад станцыі Наушка да Улан-Батара. Потым знаходзіўся ў лагеры ў Заярску. З 1951 г. на пажыццёвым пасяленні ў Кіргізіі. У 1958 г. вярнуўся ў Мінск. Рэабілітаваны ў 1960 г.
Друкавацца Р. Кобец пачаў у 1918 г. Адной з першых публікацый быў верш-фельетон «Лавочка» (газета «Друг народа», 1918). У беларускім друку выступіў у 1923 г. з вершамі, фельетонамі, нарысымі і апавяданнямі. Пісаў на рускай і беларускай мовах пад псеўданімамі Грыша Лахматы, Рыгор Лахматы і інш. Яго творы змяшчаліся ў газетах «Рабочий», «Чырвоная змена», «Звязда», «Савецкая Беларусь», часопісах «Маладняк», «Чырвоная Беларусь», «Напагатове», «Полымя рэвалюцыі», у маскоўскіх газетах «Гудок», «Рабочая газета». У 1929 г. Р. Кобец напісаў першую п'есу аб рабочым класе Беларусі «Гута» (пастаўлена ў 1930 г. БДТ-1). Перакладзеная на іншыя мовы, яна ішла ў многіх тэатрах СССР, а таксама ў Чэхаславакіі (1931). Сярод іншых п'ес «А ўсё ж заспяваю» (1932), «На заставе» (1935), «Мигрень» (1940), «Цяжкі выпадак» (1961), «Піражкі з чырвонцамі» (1965) і інш. Таксама Р. Кобец з'яўляецца аўтарам музычнай камедыі «Счастливый берег» (пастаўлена ў 1940 г.), успамінаў пра Я. Купалу «Купалава ноч» (1959, апублікаваны ў 1998 г.). У 1967 г. напісаў «Аўтабіяграфію» (друкавалася ў Беларусі ў 1973 г. са скарачэннямі) – шчырую споведзь чалавека вельмі цяжкага і складанага лёсу. Аўтабіяграфічную тэму працягнуў у аповесці «Ноеў каўчэг» (1964, апублікавана ў 1989 г.), дзе расказаў аб пакутах і мужнасці рэпрэсіраваных у сібірскіх лагерах.
Рыгор Кобец зрабіў значны ўклад у станаўленне беларускай кінематаграфіі. Ён аўтар сцэнарыяў кінафільмаў «Ураган» (1931, з Б. Брадзянскім), «Двойчы народжаны» (1933, першы гукавы фільм на беларускай мове), «Шукальнікі шчасця» (1936, з І. Зэльцарам, апублікаваны ў 1988 г., у 1987 г. выпушчаны відэафільм), «Дняпро ў агні» (1937, з І. Барашкам) і інш. У 1967 г. Р. Кобец стаў членам Саюза кінематаграфістаў Беларусі. Многія кінафільмы, створаныя па яго сцэнарыях, з вялікім поспехам ішлі па ўсёй краіне і за рубяжом, увайшлі ў залаты фонд савецкай кінематаграфіі.