Дата нараджэння:
25.07.1903 Енцы, в., Кармянскі раён, Гомельская вобласць
Дата смерці:
27.12.1984
Кароткая даведка:
вучоны ў галіне дэндралогіі, аўтар прац па інтрадукцыі і акліматызацыі дрэвавых раслін, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1976), кавалер ордэнаў Леніна (1973, 1979), Кастрычніцкай Рэвалюцыі, "Знак Пашаны", Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны I і ІІ ст.
Імёны на іншых мовах:
Нестерович Николай Дмитриевич (руская);
4507 сімвалаў
Даведка
Выдатны арганізатар навукі, вядомы вучоны ў галіне батанікі, дэндралогіі і інтрадукцыі дрэвавых раслін Мікалай Дзмітрыевіч Несцяровіч унёс значны ўклад ва ўзбагачэнне культурнай флоры Беларусі.
Нарадзіўся ён у в. Енцы Кармянскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1923–1926 гг. вучыўся ў Гомельскім лясным тэхнікуме. Пасля атрымання дыплома працаваў у Хойніцкім лясніцтве памочнікам ляснічага. У 1931 г. скончыў Беларускі лесатэхнічны інстытут і быў прызначаны загадчыкам Ленінскага вучэбна-доследнага лясніцтва пры інстытуце. Адначасова працаваў асістэнтам кафедры лесаводства і лясных культур. У 1935 г. паступіў у аспірантуру пры Акадэміі навук БССР. У гэты перыяд М.Д. Несцяровіч вывучаў біялогію хуткарослых парод, займаўся пытаннямі паскарэння іх вырошчвання селекцыйнымі метадамі. Вынікі гэтых даследаванняў знайшлі адлюстраванне ў кандыдацкай дысертацыі на тэму «Гибридизация тополей». Вучобу сумяшчаў з працай у Батанічным садзе АН БССР, дзе займаў пасады вучонага сакратара, старшага навуковага супрацоўніка, загадчыка аддзела дэндралогіі. Дзякуючы яму вызначыўся агульны напрамак дзейнасці ўстановы ў галіне інтрадукцыі дрэў і кустоў. У час Вялікай Айчыннай вайны М.Д. Несцяровіч удзельнічаў у вызваленчых баях, у бітве за Берлін. Пасля яе заканчэння кіраваў работамі па пасляваенным узнаўленні батанічнага сада. Затым працаваў у Інстытуце біялогіі, дзе ўзначаліў створаны ім аддзел дэндралогіі. Пазней быў намеснікам дырэктара па навуковай рабоце, у 1952–1953 гг. выконваў абавязкі дырэктара інстытута. У 1954 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Плодоношение интродуцированных древесных растений и перспективы их разведения в БССР». З 1956 па 1969 г. узначальваў Аддзяленне біялагічных навук АН БССР. З 1969 па 1973 г. з’яўляўся віцэ-прэзідэнтам АН БССР, з 1975 па 1984 г. загадваў лабараторыяй Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча АН БССР.
Вучоны займаўся аднаўленнем і пашырэннем батанічных калекцый, быў арганізатарам шырокага кола даследаванняў, звязаных з вывучэннем марфалагічных і фізіялагічных асаблівасцей росту і развіцця мясцовых і інтрадуцыраваных дрэвавых раслін у залежнасці ад фактараў знешняга асяроддзя, вёў работы па развіцці тэорыі і практыкі зялёнага і ляснога будаўніцтва. Дзякуючы М.Д. Несцяровічу ўпершыню ў Беларусі вывучаны біялагічныя заканамернасці цвіцення і плоданашэння дрэвавых інтрадуцэнтаў, абгрунтавана прыроднае раяніраванне і выдзяленне пяці інтрадукцыйных раёнаў на тэрыторыі краіны, даследаваны ўплыў фактараў знешняга асяроддзя на рэпрадуктыўны працэс, вырашаны шэраг тэарэтычных і практычных пытанняў у галіне інтрадукцыі і акліматызацыі дрэвавых раслін, вызначаны іх фізіялагічныя асаблівасці. Даследаванні спрыялі ўкараненню новых відаў экзатычных раслін у лясную гаспадарку і зялёнае будаўніцтва, што аказала значны ўплыў на павышэнне разнастайнасці і каштоўнасці флоры Беларусі.
Вучоны з’яўляецца аўтарам больш за 200 навуковых прац, у тым ліку 16 манаграфій, сярод якіх – «Технически-ценные древесные породы, внедряемые в леса БССР» (1949, у суаўтарстве), «Акклиматизация древесных растений в зеленом строительстве и лесном хозяйстве Белорусской ССР» (1950), «Шишки и семена хвойных пород Белорусской ССР» (1953, у суаўтарстве), «Интродуцированные деревья и кустарники в Белорусской ССР» (вып. 1–3, 1959–1961, у суаўтарстве), «Интродукционные районы и древесные растения для зеленого строительства в Белорусской ССР» (1982) і інш.
Мікалай Дзмітрыевіч паспяхова займаўся педагагічнай дзейнасцю і ўнёс значны ўклад у падрыхтоўку навуковых кадраў. У 1948–1953 гг. ён чытаў лекцыі па лясных культурах у Беларускім лесатэхнічным інстытуце імя С.М. Кірава. Пад кіраўніцтвам вучонага абаронена больш за 13 кандыдацкіх дысертацый. У 1965–1969 гг. з’яўляўся галоўным рэдактарам часопіса «Весці АН БССР. Серыя біялагічных навук».
У 1954 г. М.Д. Несцяровічу прысвоена званне прафесара, у 1956 г. ён быў выбраны правадзейным членам АН БССР. У 1967 г. вучоны атрымаў ганаровае званне заслужанага дзеяча навукі БССР. У 1976 г. за цыкл работ па вывучэнні марфалагічных, біялагічных і фізіялагічных асаблівасцей дрэвавых раслін М.Д. Несцяровіч удастоены Дзяржаўнай прэміі БССР. Ён узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі (1943), Айчыннай вайны I (1945) і ІІ (1944) ступеняў, «Знак Пашаны» (1951), Кастрычніцкай рэвалюцыі (1971), Леніна (1973, 1979), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1983), медалямі, ганаровымі граматамі. На будынку дома, дзе жыў М.Д. Несцяровіч, устаноўлена мемарыяльная дошка.