Дата нараджэння:
01.08.1923 Быцень, аграгарадок, Івацэвіцкі раён, Брэсцкая вобласць
Дата смерці:
12.10.1999
Кароткая даведка:
літаратуразнавец, крытык, фалькларыст, педагог, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, кавалер ордэна Айчыннай вайны І ступені
Варыянты імя:
Грынчык Мікола
Імёны на іншых мовах:
Гринчик Микола (руская); Гринчик Николай Михайлович (руская);
3262 сімвалы
Даведка
Даследчык у галіне літаратуразнаўства і фалькларыстыкі Мікола (Мікалай Міхайлавіч) Грынчык нарадзіўся ў мястэчку Быцень Слонімскага павета Навагрудскага ваяводства (цяпер Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Вучыўся ў мясцовай школе, а пасля аб’яднання ў 1939 г. Заходняй Беларусі з БССР у Слоніме і Косаве. У гады Вялікай Айчыннай вайны быў сувязным партызанскага атрада. У 1944 г. пайшоў на фронт, ваяваў, быў цяжка паранены. За баявыя заслугі ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені, медалямі.
У 1946–1947 гг. М. Грынчык працаваў загадчыкам Быценскага раённага аддзела сацыяльнага забеспячэння. У 1948 г. паступіў на літаратурны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута. Пасля заканчэння настаўнічаў у г. п. Вялікая Бераставіца на Гродзеншчыне. З 1954 г. вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР. У 1957 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «М. Богданович и белорусский фольклор» і стаў навуковым супрацоўнікам інстытута. У гэты час былі падрыхтаваны і апублікаваны працы «Народна-песенныя матывы ў творчасці М. Багдановіча» (1958), «Творчасць А. Куляшова ў гады Вялікай Айчыннай вайны» (1961), «Пятро Глебка» (1963) і інш. У 1963 г. выйшла манаграфія «Максім Багдановіч і народная паэзія», у 1964 г. – крытыка-біяграфічны нарыс «Аркадзь Куляшоў».
У 1970 г. М. Грынчык абараніў дысертацыю на саісканне ступені доктара філалагічных навук на тэму «Фольклорные традиции в белорусской дооктябрьской поэзии». У гэтым жа годзе ўзначаліў кафедру беларускай літаратуры Гомельскага педагагічнага інстытута. Стварыў у ім студэнцкую навуковую лабараторыю па вывучэнні рэгіянальных асаблівасцей нацыянальнай літаратуры і фальклору, падрыхтаваў шэраг высокакваліфікаваных навукоўцаў. Мікола Грынчык даследаваў праблемы бягучага літаратурнага працэсу, народнасці літаратуры, яе ўзаемасувязь з фальклорам, спецыфіку нацыянальнага вершаскладання. У гэты перыяд у навуковых зборніках былі змешчаны артыкулы «З гісторыі беларускай сілабікі» (1973), «Да пытання аб рытмічным ладзе купалаўскага перакладу “Слова аб палку Ігаравым”» (1976), «Вучэбны працэс і творчы пошук студэнта» (1978) і інш. У 1973 г. выдадзена манаграфія «Шляхі беларускага вершаскладання».
З 1980 г. Мікалай Міхайлавіч загадваў кафедрай літаратуры Мінскага інстытута культуры. Акрамя выкладчыцкай дзейнасці шмат пісаў. Сярод публікацый – «Янка Купала і літаратурны працэс 20-х гадоў» (1981), «Рэгіянальныя традыцыі ў творчасці Я. Коласа 30-х гадоў» (1985), «Роля курса беларускай літаратуры ў сістэме падрыхтоўкі работнікаў культуры» (1992) і інш. Падрыхтаваў вялікую колькасць артыкулаў для выданняў «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі» (у 5 т., 1984–1987), «Янка Купала» (1986), «Беларуская вусна-паэтычная творчасць» (1988), «Ішла вайна народная…: беларускія пісьменнікі ў Вялікай Айчыннай вайне» (1991) і інш. Вучоны быў адным з аўтараў акадэмічных выданняў па гісторыі беларускай літаратуры, прымаў удзел у стварэнні падручнікаў для студэнтаў філалагічнага факультэта педагагічных інстытутаў.
У 1977 г. М. Грынчыку прысуджана ганаровае званне заслужанага дзеяча навукі БССР. Яго імя ўвекавечана на мемарыяльнай сцяне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.