Дата нараджэння:
06.08.1923 Ходараўка, в., Горацкі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерці:
29.08.1999
Кароткая даведка:
вучоны-фізік, аўтар прац па фізічнай оптыцы, квантавай электроніцы і фізіцы цвёрдага цела, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1990), кавалер ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны І ступені
Імёны на іншых мовах:
Бойко Борис Борисович (руская);
1808 сімвалаў
Даведка
Шлях у навуку Барыса Барысавіча Бойкі, вядомага вучонага-фізіка, быў няпростым. Ён нарадзіўся ў в. Ходараўка Горацкага раёна Магілёўскай вобласці ў сям'і агранома, марыў стаць лётчыкам. У 1941 г. закончыў спецыяльную школу ваенна-паветраных сіл (ВПС) у Мінску, вучыўся ў авіяцыйнай школе пад Уфой (Расія). У 1944 г. скончыў у Батайску (Расія) школу знішчальнай авіяцыі, служыў у арміі. У 1946 г. паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (БДУ) на фізіка-матэматычны факультэт. Нягледзячы на цяжкія пасляваенныя гады і пяцігадовы перапынак у вучобе, Б.Б. Бойка стаў першым беларускім фізікам, які адначасова атрымаў навуковыя ступені кандыдата і доктара фізіка-матэматычных навук (1965), стаў членам-карэспандэнтам (1969), акадэмікам АН БССР (1974), прафесарам (1976). У 1978 г. атрымаў ганаровае званне «Заслужаны дзеяч навукі Беларусі».
Уся навуковая дзейнасць Б.Б. Бойкі была звязана з фізікай: з 1951 г. працаваў у Фізіка-тэхнічным інстытуце АН БССР, з 1960 г. у Інстытуце фізікі, у 1975–1993 гг. узначальваў Інстытут фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў НАН Беларусі.
Вучоны распрацаваў тэарэтычныя і эксперыментальныя асновы палярызацыйна-аптычнага метаду даследавання працэсаў вязкага цячэння, стварыў шэраг новых варыянтаў квантавых генератараў, вывучаў новыя высокатэмпературныя звышправодныя матэрыялы. Ён з’яўляецца аўтарам шэрагу вынаходніцтваў, надрукаваў больш за 200 навуковых прац па фізічнай оптыцы, квантавай электроніцы і фізіцы цвёрдага цела.
У 1990 г. Б.Б. Бойка стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Заслугі вучонага былі адзначаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1981), Айчыннай вайна І ступені (1985), медалямі, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР.
Матэрыял падрыхтаваны Магілёўскай абласной бібліятэкай імя У.І. Леніна ў 2013 г.