Дата нараджэння:
24.12.1913 Кулакі, в., Салігорскі раён, Мінская вобласць
Дата смерці:
09.04.1986
Кароткая даведка:
пісьменнік, заслужаны работнік культуры Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1986)
Імёны на іншых мовах:
Кулаковский Алексей Николаевич (руская);
4170 сімвалаў
Даведка
Яркім прадстаўніком рэалістычнай літаратуры XX ст. з’яўляецца Аляксей Мікалаевіч Кулакоўскі. У яго творчасці арганічна спалучаюцца маральна-этычныя, грамадска-палітычныя і філасофскія праблемы.
Нарадзіўся ён у в. Кулакі Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер Салігорскі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і. У 1931 г. скончыў Рагачоўскую прафтэхшколу бондараў, затым загадваў бандарнай арцеллю ў Касцюковіцкім раёне. З 1931 па 1934 г. быў адказным сакратаром клімавіцкай раённай газеты «Камуна», публікаваў замалёўкі. У 1934 г. пераехаў у Мінск, працаваў у газеце «Чырвоная змена». У 1936‒1939 гг. вучыўся ў Мінскім настаўніцкім інстытуце, Вышэйшых курсах мовы і літаратуры. Потым выкладаў у Цяцерынскай сярэдняй школе на Магілёўшчыне. У 1939 г. прызваны ў армію. У час Вялікай Айчыннай вайны быў камандзірам узвода, камандзірам роты, удзельнічаў у баях на Сталінградскім і 1-ым Украінскім франтах, атрымаў тры раненні. Пасля дэмабілізацыі працаваў загадчыкам аддзела ў газеце «Сталинская молодежь», часопісе «Беларусь», адказным сакратаром газеты «Літаратура і мастацтва». У 1953‒1958 гг. быў галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць». З 1965 па 1976 г. з’яўляўся намеснікам адказнага сакратара, адказным сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. З 1977 па 1986 г. працаваў дырэктарам Літаратурнага музея Янкі Купалы.
Аляксей Кулакоўскі пачаў друкавацца ў 1932 г. Асноўныя тэмы творчасці пісьменніка ‒ гераічны подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, жыццё пасляваеннай вёскі, яе складаныя гаспадарчыя і духоўныя праблемы. Для творчай манеры А. Кулакоўскага характэрна ўзмацненне мастацкай нагрузкі на бытавыя дэталі, набліжанасць да жыццёвай праўды. Героі яго твораў ‒ звычайныя, простыя людзі. Аляксей Кулакоўскі пісаў раманы, аповесці, апавяданні, эцюды, нарысы, гумарэскі. Першы зборнік апавяданняў «Сад» (1947) прысвечаны тэме вайны і цяжкаму пасляваеннаму жыццю. Паглыбленай цікавасцю да быту людзей, іх паўсядзённых клопатаў вызначаюцца зборнікі «Хораша ўзыходзіць сонца» (1952), «Незабыўнае рэха» (1956), аповесць «Тры зоркі» (1963). Філасофскія і палітычныя праблемы асвятляюцца ў апавяданні «Нямко» (1946). Утылітарны падыход да чалавека асуджаецца ў апавяданнях «Кватаранты» (1952), «Дванаццаты, жорсткі» (1956), аповесці «Нявестка» (1956). Сатырычна апісана псіхалогія дэмагогаў і кар’ерыстаў у аповесці «Дабрасельцы» (1958). Самым значным творам, галоўнай працай А. Кулакоўскага з’яўляецца яго дылогія ‒ раманы «Расстаёмся ненадоўга» (1955) і «Сустрэчы на ростанях» (1962), у якіх падрабязна адлюстравана жыццё ваеннага пакалення, асэнсоўваецца роля інтэлігенцыі ў грамадстве. У рамане «Сцежкі зведаныя і нязведаныя» (1974) паказана беларуская вёска ў час калектывізацыі і першыя дні вайны. У шэрагу твораў выкарыстаны дакументальныя матэрыялы, раскрываецца мужнасць народа, разглядаецца сувязь гераізму і працоўнага ўкладу людзей. Сярод іх ‒ «Да ўсходу сонца» (1957), «Твой шлях перад табою» (1964), «Дзе каму жыць» (1971), «Маршрут ад Клічава» і «Хлебарэз» (1983). У цыкле апавяданняў «Салігорскія эцюды» (1963), аповесцях «Тут я жыву» (1960), «Расце мята пад акном» (1966) асвятляюцца праблемы суадносін урбанізацыі і традыцыйных маральных каштоўнасцей. У рамане «Васількі» (1981) характарызуецца жыццё горада ў пасляваенны час, абагульнены шматлікія пытанні маральна-этычнай праблематыкі. Аляксей Мікалаевіч выдаў для дзяцей зборнік апавяданняў «На возеры» (1950), кнігу аповесцей «Белы сокал» (1985; Дзяржаўная прэмія БССР, 1986). Творы пісьменніка перакладаліся на многія замежныя мовы. На беларускую мову А. Кулакоўскі перакладаў творы рускіх, узбекскіх, украінскіх пісьменнікаў. Сярод іх ‒ раманы Ш. Рашыдава «Мацней за буру» (з П. Кавалёвым, 1963) і Р. Файзі «Яго вялікасць Чалавек» (1978). Пісьменнік зрабіў літаратурны запіс кнігі В. Казлова «Людзі асобага складу» (1952). Па матывах аповесці «Нявестка» А. Макаёнкам напісаны сцэнарый мастацкага фільма «Шчасце трэба берагчы» (зняты ў 1958 г.).
Аляксей Кулакоўскі ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі «Знак Пашаны», Дружбы народаў, медалямі. У 1974 г. атрымаў званне заслужанага работніка культуры БССР.