Да шэрагу мастакоў першай паловы XX ст., якія заклалі падмурак сучаснага беларускага мастацтва, належыць Іван Восіпавіч Ахрэмчык.
Нарадзіўся ён у Мінску. Скончыў Вышэйшы мастацка-тэхнічны інстытут у Маскве (1930). Вучыўся ў А. Архіпава, К. Істоміна, А. Шаўчэнкі. У 1930 г. вярнуўся ў Мінск. Выкладаў у Віцебскім мастацкім тэхнікуме (1931–1941), Мінскім мастацкім вучылішчы (1948–1952), Беларускім політэхнічным інстытуце (1953–1963), Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (1963–1971). Прымаў удзел у мастацкіх выстаўках.
Працаваў у станковым жывапісе ў жанрах фігуратыўнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта, а таксама ў галіне манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. Творчасці І. Ахрэмчыка, заснаванай на рэалістычных традыцыях, уласцівы грамадзянскасць, глыбокае пранікненне ва ўнутраны свет сучасніка, яснасць і дакладнасць пластычнай формы, цэласнасць каляровага вырашэння. Ён адзін з першых адлюстраваў у беларускім жывапісе тэмы сацыялістычнага будаўніцтва, станаўлення савецкай улады – “Падпісанне маніфеста аб утварэнні БССР” (1929), “Торф для Асінбуда” (1931), “Уступленне Чырвонай Арміі ў Мінск” (1935), “Гідраторф”, “Гідраторф Асінбуд” (абедзве 1937), “Арганізацыя Савецкай улады ў Гомелі” (1940). Гэтыя палотны паклалі пачатак распрацоўцы гісторыка-рэвалюцыйнай тэматыкі ў беларускім выяўленчым мастацтве. У Вялікую Айчынную вайну супрацоўнічаў у газеце-плакаце “Раздавім фашысцкую гадзіну” (1943–1944). Стварыў шэраг тэматычных карцін, прысвечаных трагічным і гераічным падзеям. Моцнае ўражанне амаль дакументальнай дакладнасцю і майстэрствам выканання зрабілі на гледачоў палотны “Твар ворага” (1942), “Пасяджэнне ЦК КП(б) Беларусі 3 ліпеня 1941 г.” (1944). Пасля вайны напісаў адну з лепшых сваіх работ “Абаронцы Брэсцкай крэпасці” (1958).
Найбольш поўна выявіўся талент мастака ў жанры партрэта. Пэндзлю І. Ахрэмчыка належаць дзясяткі партрэтаў, якія прысвечаны людзям творчых прафесій – артыстам, пісьменнікам, кампазітарам. Да іх мастак ставіўся з вялікай сімпатыяй, добра ведаў і з многімі сябраваў. Жывапісная палітра І. Ахрэмчыка прыцягвае тонкім уменнем лаканічна выкарыстаць колер, дакладнай пабудовай малюнка, настроем. У сваіх творах мастак імкнуўся адлюстраваць не толькі знешнія рысы людзей, але праз іх твары выявіць сваё ўяўленне пра час, эпоху. Прыкметы часу, асяроддзя, настрою ваеннай пары нясуць на сабе партрэты, напісаныя ў 1943 г. Яны лаканічныя, стрыманыя. Напрыклад, партрэт балерыны З. Васільевай (1943). На карціне – стройная, прыгожая жанчына, у абліччы якой адчуваецца прыроджаны артыстызм, зграбнасць. Колер адзення, сумны і засяроджаны позірк яе вачэй перадаюць настрой таго суровага часу, цяжкія выпрабаванні, што выпалі на долю жанчыны. Больш эмацыянальна напісаны партрэт паэта П. Глебкі (1943) – дынамічны, псіхалагічна выразны. Твар яго спакойны, адухоўлены, але за гэтым спакоем адчуваецца напружаны роздум. Вялікай творчай удачай стаў партрэт Я. Купалы (1945). Жывапісец напісаў цудоўны твор, які па праву лічыцца адной з лепшых мастацкіх выяў Я. Купалы. Пісьменнік сядзіць у крэсле, злёгку нахіліўшыся наперад, у левай руцэ трымае цыгарэту, правая вольна пакладзена на падлакотнік. Палатно пабудавана на кантрастах святла і ценю: на цёмным фоне як бы высветлена постаць паэта. Увага гледача скіравана на твар. На вуснах – усмешка, якую так добра перадаў мастак. Партрэт напісаны з добрым веданнем характару Я. Купалы, незвычайнай цеплынёй. Твор экспануецца ў Дзяржаўным літаратурным музеі Я. Купалы. У творчасці І. Ахрэмчыка – прыкметная цікавасць да чалавека, яго характару. Адчуваецца, што ён разважаў над такімі глыбокімі праблемамі, як асоба і гісторыя, асоба і сучаснасць. Гэтым роздумам і пазначаны партрэты вядомых беларускіх пісьменнікаў К. Чорнага (1943), П. Пестрака (1968), беларускага рэжысёра і драматурга Е. Міровіча (1952). Пералік гэтых вядомых імёнаў сведчыць пра шырокі дыяпазон творчых інтарэсаў мастака. Партрэты напісаны ўпэўнена, з добрым веданнем псіхалогіі чалавека. Дакладнасць малюнка, рэалістычная манера выканання, высокая жывапісная культура – адметныя рысы творчага почырку І. Ахрэмчыка.
Пейзажы і нацюрморты “Сонечны дзень” (1952), “Каля сажалкі. Паланга” (1957), “Бэз цвіце” (1958), “Раніцай”, “Квітнеючая вясна” (абодва 1963), “Летні пейзаж” (1965), “З акна майстэрні” (1971) блізкія да дэкаратыўнага, пленэрнага жывапісу.
Мастак з’яўляецца аўтарам твораў манументальнага жывапісу – два пано для Усебеларускай выстаўкі сельскай гаспадаркі і прамысловасці (1930), дэкаратыўны фрыз “Свята беларускага народа” для беларускага павільёна Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі ў Маскве (1939), плафон “Дружба народаў” у Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача ў Мінску (1955), пано “Беларускія народныя майстры” ў канферэнц-зале Беларускага таварыства дружбы з замежнымі краінамі (1956, у суаўтарстве з І. Давідовічам). Яны здзіўляюць халаднаватай прыўзнятасцю, насычанасцю паветрам і арганічнай святочнасцю дэкаратыўных матываў. Як тэатральны мастак І. Ахрэмчык аформіў спектаклі “Першы штандарт” (1930, у суаўтарстве з З. Азгурам), “Мой сябар” М. Пагодзіна (1932), “Прарыў у каханні” В. Чуркіна (1933).
Творы жывапісца захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (Мінск), фондзе Беларускага саюза мастакоў, Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Імя І.В. Ахрэмчыка прысвоена гімназіі-каледжу мастацтваў. На доме, дзе ён жыў, устаноўлена мемарыяльная дошка. Шматгадовая плённая творчая і педагагічная дзейнасць прынеслі народнаму мастаку Беларусі заслужаную павагу, удзячнасць яго сучаснікаў і шчырае захапленне нашчадкаў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.