Кароткая даведка:
тэатральны мастак, які аформіў больш за 200 спектакляў, народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1968)
Варыянты імя:
Нікалаеў Яўгені Дзмітрыевіч
Імёны на іншых мовах:
Nikalaeu Yaughen Dzmitryevitch (англійская); Николаев Евгений Дмитриевич (руская);
3744 сімвалы
Даведка
У гісторыі тэатральна-дэкарацыйнага мастацтва Беларусі вылучаецца творчасць Яўгена Дзмітрыевіча Нікалаева, які шмат увагі ўдзяляў развіццю сцэнаграфіі, стварэнню вобразнай сістэмы спектакляў.
Нарадзіўся ён у Мінску ў сям’і служачага. Адукацыю атрымаў у Віцебскім мастацкім тэхнікуме (1933). Сярод яго настаўнікаў былі І. Ахрэмчык, У. Хрусталёў, М. Эндэ. З 1933 па 1978 г. працаваў у Беларускім тэатры імя Я. Коласа, з 1944 г. з’яўляўся яго галоўным мастаком. У 1953 г. стаў членам Беларускага саюза мастакоў.
Творчасці Я. Нікалаева характэрны вобразнасць мастацкага мыслення, арыгінальнасць формы, драматызм, рэжысёрскае бачанне сцэнічнай пляцоўкі, адлюстраванне нацыянальнай спецыфікі, пачуццё сучаснасці. Ён афармляў спектаклі па творах беларускай, рускай і замежнай драматургіі (больш за 200). Сярод іх ‒ «Пінская шляхта» В. Дуніна-Марцінкевіча (1936), «Хаціна дзядзькі Тома» паводле Г. Бічэр-Стоу і «Вочная стаўка» Л. Шэйніна (1937), «Мінулася кату масленіца» (1939) і «Лес» (1940) А. Астроўскага, «Атэстат сталасці» У. Фадора (1940), «Рэвізор» М. Гогаля (1945) і інш. Канец 1930-х ‒ пачатак 1940-х гг. быў перыядам творчых дасягненняў. Этапнай работай Я. Нікалаева сталі дэкарацыі да спектакля «Пагібель воўка» Э. Самуйлёнка (1939), дзе ён прадэманстраваў жыццё і працу калгаснікаў, мужнасць і сумленнасць простых людзей. Пра поспехі мастака сведчаць дэкарацыі да спектакляў «Павел Грэкаў» Б. Войцехава і Л. Ленча (1939), «Нашы дні» С. Герасімава (1940), «Хлопец з нашага горада» К. Сіманава (1941).
Ва Уральску (Казахстан), затым у Арэхава-Зуева (Расія) Яўген Нікалаеў разам з калектывам тэатра працаваў над сцэнічным увасабленнем твораў на тэму гераізму савецкіх людзей у Вялікую Айчынную вайну. Сярод аформленых спектакляў ‒ «Партызаны ў стэпах Украіны» А. Карнейчука і «Рускія людзі» К. Сіманава (1942), «Той, каго шукалі» А. Раскіна і М. Слабадскога (1943), «Плошча кветак» В. Ільенкава (1944). Плённа працаваў Я. Нікалаеў у пасляваенныя гады, ствараў дэкарацыі да пастановак па творах дарэвалюцыйнай рускай і савецкай драматургіі. Сярод іх ‒ «Калінавы гай» А. Карнейчука (1950), «Тры сястры» А. Чэхава (1951), «Васа Жалязнова» М. Горкага (1953) і інш. У дэкарацыях да спектакляў «Пяюць жаваранкі» К. Крапівы (1950), «Алазанская даліна» К. Губарэвіча і І. Дорскага (1949), «Простая дзяўчына» (1952) К. Губарэвіча мастак паказаў прыгажосць вёскі. Праўдай жыцця адметна сцэнаграфія спектакляў «Раскіданае гняздо» Я. Купалы (1951), «Навальніца будзе» паводле трылогіі Я. Коласа «На ростанях» (1958), «Лявоніха» П. Данілава (1960). Яркія выяўленчыя прыёмы выкарыстаны ў афармленні спектакляў «Крэпасць над Бугам» С. Смірнова (1956), «Крыніцы» (1961) і «Сэрца на далоні» (1966) паводле І. Шамякіна, «Вайна пад стрэхамі» паводле А. Адамовіча (1967), «Шостага ліпеня» М. Шатрова (1967; Дзяржаўная прэмія БССР, 1968), «Трэцяя, патэтычная» М. Пагодзіна (1970). Глыбокім разуменнем сутнасці твораў, выразнасцю кампазіцыйнага вырашэння адметныя дэкарацыі пастановак «Улада цемры» Л. Талстога (1969), «Трыбунал» А. Макаёнка (1970), «Амністыя» М. Матукоўскага (1971), «Не трывожся, мама!» паводле Н. Думбадзе (1972), «Сталявары» Г. Бокарава (1974), «Лёнушка» Л. Лявонава і «Энергічныя людзі» В. Шукшына (1975), «Укралі кодэкс» А. Петрашкевіча і «Апошняя інстанцыя» М. Матукоўскага (1976). З іншых работ вядомасць атрымалі аформленыя мастаком спектаклі «У добры час!» В. Розава (1955), «На крутым павароце» К. Губарэвіча (1956), «Жывы труп» Л. Талстога і «Гаспадар» І. Собалева (1961), «Бацькаўшчына» К. Чорнага (1966), «Зыкавы» М. Горкага (1968), «Прыніжаныя і зняважаныя» Ф. Дастаеўскага (1973). За вялікія дасягненні ў галіне тэатральнага мастацтва ў 1967 г. Я. Нікалаеву прысвоена званне народнага мастака БССР.