Дата нараджэння:
12.04.1904 Обаль, в., Сенненскі павет, Магілёўская губерня (цяпер Сенненскі раён, Віцебская вобласць)
Дата смерці:
04.09.1980
Кароткая даведка:
жывапісец, аўтар сюжэтна-тэматычных карцін, пейзажаў, нацюрмортаў, заслужаны работнік культуры Беларусі, удзельніца партызанскага руху ў Вялікую Айчынную вайну, узнагароджана ордэнамі Чырвонай Зоркі, "Знак Пашаны", медалямі
Імёны на іншых мовах:
Lee Sofia Dzmitryeuna (англійская); Ли Софья Дмитриевна (руская);
2257 сімвалаў
Даведка
Соф’я Дзмітрыеўна Лі нарадзілася ў пасёлку Обаль Сенненскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Сенненскі раён Віцебскай вобласці). У 1928‒1931 гг. вучылася ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме. Сярод яе настаўнікаў былі М. Эндэ, У. Хрусталёў. З 1929 г. прымала ўдзел у мастацкіх выстаўках. У час Вялікай Айчыннай вайны была партызанскім сувязным і разведчыкам. Пасля вайны жыла і працавала ў Мінску. У 1946 г. стала членам Саюза мастакоў БССР.
Работы Соф’і Лі выкананы ў жанрах пейзажа, нацюрморта, тэматычнай карціны. Сярод іх ‒ пейзажы «Восень» (1949), «Калгасныя агні» (1957), «У пачатку верасня» (1958), «Дубкі» (1962), «Нарач» (1968), «На Браслаўшчыне» (1973), «У лесе» (1974), «Бярозкі» (1975), «Сосны» і «На Лепельшчыне» (1976) і інш.; нацюрморты «Кветкі» (1948), «Гладыёлусы» (1954), «Бэз» (1956), «Півоні» (1958), «Макі» (1965). Творчасці мастачкі характэрны кампазіцыйная дакладнасць, прастата выяўленчых прыёмаў, шчырасць, глыбокая эмацыянальнасць. Цікавасць прадстаўляюць сюжэтна-тэматычныя карціны «Буслы» (1953), «Вечная слава» (1963), «На вучэнні» (1968), «Кубак чэмпіёна» (1971), «Ураджай» (1973), «Высокае напружанне» (1974). Асаблівае месца займаюць палотны на тэмы партызанскага жыцця, якія напісаны пад уражаннямі ад перажытага ў гады вайны ‒ «За баявой вучобай», «Партызанскі лагер», «Партызанская прысяга» (усе 1943‒1944), «Партызаны ў вёсцы» (1946), «Партызанка ў дазоры» (1947), «У тыле ворага» (1967), «Партызанская зямлянка» (1968), «У дазоры» (1972), «Ой, бярозы ды сосны, партызанскія сёстры» (1975), «Тэрміновае данясенне» (1979) і інш. Карціны прасякнуты высакароднасцю, любоўю да роднай зямлі і людзей, якія праявілі гераізм у гады Вялікай Айчыннай вайны, і з’яўляюцца сапраўднымі мастацка-дакументальнымі матэрыяламі. Мірнае жыццё і плённая праца людзей адлюстраваны ў палотнах «Лесасплаў» і «Лесанарыхтоўкі» (1948), «Электрычнасць у калгасе» (1952). У 1949 г. мастачка падарожнічала па Сібіры і стварыла больш за 30 карцін.
У 1975 г. Соф’я Лі атрымала званне «Заслужаны работнік культуры БССР». Яе творы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Беларускім музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, Гомельскім і Столінскім краязнаўчых музеях.