Уладзімір Ільіч Дадзіёмаў нарадзіўся ў в. Навабеліца (цяпер у межах Гомеля) у сям’і рабочага. Яго бацька працаваў гарбаром, сартыроўшчыкам, тэхнаруком, дырэктарам гарбарных прадпрыемстваў, узначальваў Дзяржаўную інспекцыю БССР па якасці сыравіны. Пасля заканчэння сярэдняй школы У. Дадзіёмаў паступіў у Мінскі Камуністычны інстытут журналістыкі, аднак паспеў скончыць толькі адзін курс. Пачалася вайна. У 1941 г. ён быў мабілізаваны ў Чырвоную армію. Служыў радавым у пяхоце, карэкціроўшчыкам мінамётнай батарэі. Удзельнічаў у баях на Доне, Курскай дузе, фарсіраваў Днепр, вызваляў Польшчу, Румынію, Балгарыю, Аўстрыю, Югаславію. Каля возера Балатон (Венгрыя) быў паранены. За баявыя заслугі ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі. У канцы 1943 г. У. Дадзіёмава накіравалі на працу ў дывізіённую газету “Гвардейский натиск”. У маі 1944 г. ён прымаў удзел у нарадзе пісьменнікаў-франтавікоў 1-га Украінскага фронту. Пасля дэмабілізацыі з’яўляўся карэспандэнтам астраханскай газеты “Волга” (1946–1947), потым – “Чырвонай змены” па Гомельскай вобласці (1947–1951). У 1950 г. У. Дадзіёмаў завочна скончыў чатыры курсы Гродзенскага педагагічнага інстытута. Працаваў на Беларускім радыё (1951–1954), некаторы час у часопісе “Калгаснік Беларусі”. У 1955 г. стаў членам Саюза пісьменнікаў БССР. У 1956–1958 гг. з’яўляўся слухачом Вышэйшых літаратурных курсаў у Маскве. З 1959 па 1964 г. ён уласны карэспандэнт “Литературной газеты” па Беларускай ССР.
Творчай дзейнасцю У. Дадзіёмаў займаўся з 1938 г. Яго першы артыкул “Баявыя задачы камсамольскіх арганізацый” быў надрукаваны ў газеце “Гомельская праўда” ў жніўні 1940 г. У 1943 г. у франтавым друку з’явіліся нарысы і апавяданні. У 1950 г. выйшла кніга “Жлобінскія маладагвардзейцы”. У 1955 г. у часопісе “Полымя” апублікаваны раман “Над Нёманам”, які прысвечаны рабочым-тэкстыльшчыкам тонкасуконнага камбіната аднаго з гарадоў Беларусі (асобнай кнігай выдадзены ў 1957 г.). Уладзімір Дадзіёмаў з’яўляецца аўтарам дакументальнай аповесці пра будаўнікоў буйнейшай у рэспубліцы Бярозаўскай ДРЭС “Белазерскі дзённік” (1963), напісаў шмат нарысаў, якія друкаваліся ў рэспубліканскіх часопісах і газетах.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.