Актрыса разнастайнага і шчодрага таленту, Алена Паўлаўна Радзялоўская, займае пачэснае месца ў гісторыі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.
Нарадзілася яна ў Варшаве. У 1924 г. паступіла ў Беларускую драматычную студыю ў Маскве. Вучылася ў прызнаных майстроў рускай сцэны В. Громава, Б. Афоніна, В. Смышляева, С. Гіяцынтавай і інш. На працягу двух гадоў слухала лекцыі па гісторыі тэатра, займалася мастацкім словам, пастаноўкай голасу і дыхання, грымам, пластыкай, рытмікай і біямеханікай, станком і танцам, фехтаваннем і музыкай. Алена Радзялоўская паспяхова працавала над эцюдамі і ўрыўкамі з п’ес, пачала прымаць удзел у спектаклях, у вольны час наведвала маскоўскія тэатры, музеі і карцінныя галерэі. Усё гэта дазволіла пачынаючай актрысе развіць прыродныя здольнасці, засвоіць лепшыя традыцыі рускага тэатральнага мастацтва.
Пасля заканчэння навучання А. Радзялоўская пачала прафесійную кар’еру ў БДТ-2, які быў створаны ў 1926 г. у Віцебску з выпускнікоў тэатральнай студыі. Першыя гады выконвала ў тэатры эпізадычныя ролі. Яе творчая індывідуальнасць упершыню раскрылася ў пастаноўцы канца 1920-х гг. «Разлом» Б. Лаўранёва. Невялікая, амаль без слоў роля Мэры стала прыкметнай, гледачы ацанілі музычнасць і пластычнасць маладой актрысы. Сярод іншых вобразаў пачатковага перыяду – артыстка-акрабатка («Простыя сэрцы» С. Заяіцкага, С. Розанава і М. Міцкевіча), жонка нэпмана і армянская жанчына з дзіцем («Рэйкі гудуць» і «Горад вятроў» У. Кіршона), Эльф («Сон у летнюю ноч» У. Шэкспіра). Першай значнай работай, па меркаванні крытыкаў, стала роля Лянчыцкай у п’есе Б. Рамашова «Байцы», у якой актрыса стварыла яркі вобраз, выявіла ўнутраную сутнасць характару гераіні.
З ростам майстэрства ў сярэдзіне 1930-х гг. прыйшла і вядомасць. Як адна з вядучых актрыс А. Радзялоўская ў далейшым працавала з тэатрам і ў эвакуацыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і ў франтавой тэатральнай брыгадзе, і ў пасляваенны мірны час. За сваё творчае жыццё Алена Радзялоўская ўвасобіла цэлую галерэю цудоўных вобразаў у сучасным і класічным рэпертуары. Сярод роляў, якія ўдаваліся ёй больш за ўсё, – вобразы валявых і мужных жанчын з драматычным лёсам: Наталля Мікалаеўна, Алена Сцяпанаўна («Проба агнём», «Людзі і д’яблы» К. Крапівы), Юзэфа Тамашэўская («Ірынка» К. Чорнага), Клаўдзія Сухадол («Сэрца на далоні» паводле І. Шамякіна), Панова («Любоў Яравая» К. Транёва) і інш. У класічным рэпертуары творча асэнсавала і ўвасобіла вобразы Гертруды («Гамлет» У. Шэкспіра), Агудалавай, Гурмыжскай, Барабошавай, Кругловай («Беспасажніца», «Лес», «Праўда добра, а шчасце лепш», «Мінулася кату масленіца» А. Астроўскага), Вольгі («Тры сястры» А. Чэхава), Глафіры, Таццяны Лугавой, Алены («Ягор Булычоў і іншыя», «Ворагі», «Мяшчане» М. Горкага). З вялікім майстэрствам адлюстравала жыццёва праўдзівыя сатырычныя характары Дульскай («Мараль пані Дульскай» Г. Запольскай), Ганны Андрэеўны («Рэвізор» М. Гогаля), пані Аргановай («Дамы і гусары» А. Фрэдры).
Творчую працу А. Радзялоўская спалучала з грамадскай: яе выбіралі дэпутатам гарадскога і раённага Саветаў дэпутатаў, народным засядацелем у судзе, членам мастацкага савета тэатра. У 1953 г. актрыса стала народнай артысткай БССР. Алена Радзялоўская ўзнагароджана ордэнам «Знак Пашаны».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.