Кароткая даведка:
скульптар, адзін з арганізатараў і старшыня Усебеларускага аб'яднання мастакоў, народны мастак Беларусі
Варыянты імя:
Грубэ Аляксандр Васілевіч
Імёны на іншых мовах:
Grube Aliaxandr Vasilyevitch (не вызначана); Грубе Александр Васильевич (руская);
5024 сімвалы
Даведка
Аляксандр Васільевіч Грубэ адносіцца да таго пакалення скульптараў, з імёнамі якіх звязана станаўленне і развіццё паслярэвалюцыйнага мастацтва Беларусі.
Нарадзіўся ён у в. Грыгор’еўка Белябееўскага павета Уфімскай губерні (цяпер Башкортастан) у сям'і агранома. Вучыўся ў Пензенскай мужчынскай гімназіі. У 1914 г. паступіў на прыродазнаўчае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта Петраградскага ўніверсітэта. У канцы 1915 г. быў прызваны ў армію. У складзе Сібірскага палка прымаў удзел у ваенных дзеяннях каля Баранавічаў. Пасля дэмабілізацыі прыехаў у мястэчка Краснаполле (Калінінская акруга, цяпер Магілёўская вобласць). З 1918 па 1922 г. выкладаў прыродазнаўства і маляванне ў мясцовай школе і займаўся творчасцю: выканаў у гліне партрэты М. Пірагова, К. Маркса і У. Леніна. У гэты час рыхтавалася першая Усерасійская сельскагаспадарчая і культурна-прамысловая выстаўка, у якой А. Грубэ прымаў удзел. Ён адвёз у Маскву на біржу працы фотаздымкі сваіх работ і некалькіх малюнкаў. Атрымаўшы кваліфікацыю скульптара 4-га рабочага разраду, быў накіраваны камісіяй у брыгаду І. Шадра, які выконваў для выстаўкі кампазіцыю «Барацьба чалавека з зямлёй». Работа ў знакамітага майстра стала для А. Грубэ сапраўднай школай прафесіянальнага майстэрства. Пасля вяртання ў Краснаполле працаваў над праектамі помнікаў А. Астроўскаму і Я. Свярдлову, стварыў у гліне бюст У. Леніна, які ўстанавілі ў клубе імя К. Маркса ў Мінску.
У пачатку 1920-х гг. А. Грубэ прыехаў у Мінск. Працаваў у розных відах і жанрах скульптуры, з 1925 г. удзельнічаў у мастацкіх выстаўках. У станковых і манументальных кампазіцыях імкнуўся да пошуку аўтарскіх рашэнняў, выкарыстоўваў прыёмы стылізацыі, заснаваныя на традыцыях беларускай народнай драўлянай скульптуры. Асабліва ярка гэта праявілася ў работах «Лірнік» (1925) і «Чырвонаармеец» (1929), дзе абагульнена трактаваныя формы перадаюць значнасць вобразаў, ствараюць уражанне эпічнасці. Наступныя творы – «Раб» і «Тачачнік» («Паднявольная праца», 1929 г.) – адметныя экспрэсіўнасцю формы, выразнай дынамікай. Знойдзеныя майстрам прыёмы атрымалі далейшае развіццё ў работах 1930-40-х гг., сярод якіх – «Трактарыстка» (1935) і «Беларус-касец» (1940). У гэты перыяд былі створаны барэльефы «Кастрычнік» для польскага тэатра (у будынку Чырвонага касцёла), дэкаратыўныя рэльефы «Авіямадэліст» і «Фанфарыстка» для Палаца піянераў і школьнікаў у Мінску. У даваенны час А. Грубэ выканаў шэраг партрэтаў, у якіх праявілася здольнасць скульптара да тонкіх псіхалагічна-вобразных характарыстык, уменне пластычнымі сродкамі перадаць падабенства мадэлі. Сярод лепшых партрэтных работ – «Кастусь Каліноўскі» (1926), «М. Багдановіч» (1927). Па праектах скульптара былі ўстаноўлены помнікі Ф. Дзяржынскаму ў Дзяржынску (1933), У. Леніну ў Барысаве (1935). Творы А. Грубэ вылучаюцца выразнасцю пластычнай формы, эмацыянальнацю, глыбокім пранікненнем у народныя традыцыі, уважлівым вывучэннем дасягненняў наватарскіх ідэй у скульптуры.
З 1941 да 1944 г. Аляксандр Васільевіч знаходзіўся ў Маскве. Ён арганізоўваў выстаўкі беларускіх жывапісцаў у Дзяржаўным гістарычным музеі і Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, прымаў удзел у падрыхтоўцы Усесаюзнай выстаўкі «Вялікая Айчынная вайна» (лістапад 1942 г.), дзе экспанаваліся творы і беларускіх мастакоў, якія змагаліся на франтах, у партызанскіх атрадах, а таксама тых, хто знаходзіўся ў эвакуацыі. У Маскве А. Грубэ стварыў бюст Героя Савецкага Саюза генерал-маёра Л. Даватара (1942), выканаў праект помніка «Ахвяра фашысцкіх зверстваў» (1944). Пасля вайны працаваў у аргкамітэце Саюза мастакоў СССР, у 1950-я гг. узначальваў скульптурную секцыю Маскоўскага Саюза мастакоў, працягваў займацца творчай дзейнасцю. Сярод работ, створаных у пасляваенны час, – партрэт і праект помніка К. Заслонаву (1946–1947), помнік-бюст В. Куйбышаву ў г. Какчатаў (1948), партрэт Р. Зорге (1959), скульптурныя кампазіцыі на тэму працы «Першая баразна» (1949), «На будоўлях камунізму» (1951), «Сталявары» (1957), «Доменшчыкі» (1961) і інш.
Творчую работу А. Грубэ сумяшчаў з грамадскай дзейнасцю. У 1926 г. ён уваходзіў у Камісію па гісторыі мастацтва Інстытута беларускай культуры. У гэтым жа годзе стаў членам Усебеларускага таварыства бібліяфілаў, займаўся стварэннем кніжных знакаў. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і сёння экслібрыс мастака можна ўбачыць на выданнях Інстытута беларускай культуры. З 1927 па 1929 г. А. Грубэ з’яўляўся адным з арганізатараў і старшынёй Усебеларускага аб’яднання мастакоў. Пасля заканчэння яго дзейнасці стаў членам Ревалюцыйнай арганізацыі мастакоў Беларусі (1929–1932). У 1940 г. прыняты ў Саюз мастакоў БССР, з 1942 па 1944 г. А. Грубэ з’яўляўся яго старшынёй. У 1944 г. атрымаў званне народнага мастака БССР і быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Творы А. Грубэ знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў Маскве, Дзяржаўным музеі гарадской скульптуры ў Санкт-Пецярбургу, Днепрапятроўскім мастацкім музеі.