Дата нараджэння: 23.09.1914 Украіна
Дата смерці: 30.03.2007 Мінск, г.
Кароткая даведка: жывапісец, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі
Імёны на іншых мовах: Dmukhaila Ivan Syamionavitch (англійская); Дмухайло Иван Семёнович (руская);
Дмухайла Іван Сямёнавіч – прызнаны майстар пейзажнага жывапісу. Яго карціны нагадваюць застылую музыку фарбаў, уражваюць лаканічнасцю, гармоніяй, дораць пяшчоту і радасць.
Мастак нарадзіўся ў с. Топчына Днепрапятроўскай вобласці (Украіна). Здольнасці да малявання праявіліся рана, і гэтаму паспрыялі дзед (вядомы на сяле іканапісец), а таксама маці (яна сама клала печы і размалёўвала іх). У 1934 г. І. Дмухайла паступіў у Днепрапятроўскае мастацкае вучылішча, якое скончыў у 1939 г. Вучыўся ў М. Паніна, В. Коранева. Мірнае жыццё абарвала Вялікая Айчынная вайна, удзельнікам якой ён быў з 1943 г. Пасля дэмабілізацыі ў 1945 г. І. Дмухайла застаўся ў Беларусі. У разбураным гітлераўцамі Брэсце пачалася яго творчая біяграфія, у старажытным Гродне на поўную моц раскрыўся талент, у Мінску мастак стаў прызнаным майстрам. У 1958 г. ён быў прыняты ў Беларускі саюз мастакоў, у 1996 г. атрымаў званне “Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь”.
Больш за 60 гадоў пражыў І. Дмухайла ў Беларусі. Першыя карціны “Сажалка” (1947), “Дарога” (1952), “Зіма” (1957) праўдзіва і пераканальна адлюстравалі хараство і прыгажосць зямлі, якая стала для мастака роднай. Ён шчыра любіў Беларусь і імкнуўся перадаць свае пачуцці на палотнах. Карціны “Веснавое сонца” (1957), “На ўзлессі” (1965), “Світае” (1970) і іншыя сталі сапраўднымі жывапіснымі гімнамі сінявокай краіне. Мастака называлі беларускім Левітанам. Карціны І. Дмухайлы “Травень (Белая квецень)” (1971), “Прыцемкі”, “Песня жыцця” (абедзве 1975), “Восеньскі эцюд” (1976), трыпціх “Сказ пра Белавежскую пушчу” (1978), “Песня пра мой край” (1985), “Вясна і рака” (1991), “Залатая восень” (1993), “Нёман” (2002), “Восеньская пара” (2003) і іншыя здзіўляюць тонкай жывапіснай мелодыкай, адметным колерам. Мастак маляваў не толькі пейзажы. У яго творчым набытку ёсць палотны гістарычнага жанру – “Вызваленне Заходняй Беларусі” (1949), “Першая баразна” (1950), “Вызваленне” (1951) і інш. Іван Дмухайла цікавіўся паэзіяй Я. Купалы і, захоплены асобай народнага паэта Беларусі, напісаў карціну “Абуджэнне. Я. Купала з жонкай” (1982), а таксама нізку краявідаў, прысвечаных купалаўскім мясцінам. Мастак шмат працаваў на пленэры. Тое, што замалёўваў непасрэдна з натуры, вылучалася выразнасцю, адпрацаванай перспектывай, ураўнаважанасцю фігур, каларыту, ліній, абагульненасцю вобразаў. Усе карціны, нават розныя па тэматыцы, аб’ядноўваюцца любоўю да прыроды.
Іван Дмухайла пакінуў багатую творчую спадчыну – сотні краявідаў, некаторыя з якіх увайшлі ў залаты фонд беларускага жывапісу. Яго творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, фондах Беларускага саюза мастакоў, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В. Масленікава, Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі, у музеях, галерэях і прыватных калекцыях у Беларусі і за яе межамі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г.