Дата нараджэння: 28.10.1884 Мінск, г.
Дата смерці: 22.10.1937 Расія
Кароткая даведка: тэатральны дзеяч, акцёр, рэжысёр, адзін з заснавальнікаў беларускага прафесійнага тэатра
Імёны на іншых мовах: Жданович Флориан Павлович (руская);
Яркую старонку ў гісторыю беларускай тэатральнай культуры ўпісаў адзін з самых адметных дзеячаў прафесійнага нацыянальнага сцэнічнага мастацтва, выдатны рэжысёр Фларыян Паўлавіч Ждановіч.
Нарадзіўся ён у Мінску ў сям’і служачага банка. Вучыўся ў Мінскім рэальным вучылішчы. Захапіўшыся тэатрам, паступіў у драматычную школу ў Варшаве, якую скончыў у 1902 г. Некаторы час Ф. Ждановіч працаваў акцёрам у Мінску ў польскай трупе (пры спартыўным таварыстве «Сокал»). 6 студзеня 1907 г. пасля заканчэння спектакля выступіў з публічнай дэкламацыяй вершаў Я. Купалы і Я. Коласа. Яго звольнілі з трупы, аднак Ф. Ждановiч працягваў сваю справу і разам з сябрамі падрыхтаваў і правёў вечарыну «Беларускі кірмаш», дзе гучалі на беларускай мове вершы і песнi. Летам 1907 г. ён арганізаваў драматычны гурток, удзельнікамі якога была пастаўлена п’еса М. Крапiўнiцкага «Па рэвiзii». Спектакль адбыўся ў в. Старое Сяло Мінскага павета. У канцы чэрвеня 1911 г. у Мінску выступала Першая беларуская трупа І. Буйніцкага, гастролі якой зрабілі моцнае ўражанне на Ф. Ждановіча. Пасля сустрэчы з яе кіраўніком было прынята рашэнне арганізаваць новы драматычны калектыў у Мінску. Падрыхтоўку рэпертуару даручылі Ф. Ждановiчу. Ён зрабіў iнсцэнiроўкі твораў Э. Ажэшкі «Хам» і «У зiмовы вечар» (ставілася пад назвай «Рысь»). Вялікую ўвагу рэжысёр надаваў фарміраванню калектыву, аснову якога склалі лепшыя ўдзельнікі яго драматычнага гуртка і трупы І. Буйніцкага. З польскага тэатра былі запрошаны акцёры-беларусы П. Акулiч, Т. Русецкая, А. Лiпнiчанка i iнш. Летам 1913 г. трупа канчаткова сфарміравалася, і яе ўдзельнікі пачалі рэпеціраваць п’есу Я. Купалы «Паўлiнка». Прэм’ера спектакля адбылася 15 жнiўня 1913 г. у мястэчку Радашковiчы. Прадстаўленне мела поспех, на iм прысутнiчаў аўтар п’есы. Адразу пасля вяртання ў Мінск артысты правялі сход, на якім кіраўніком трупы выбралі Ф. Ждановіча. Ён пачаў актыўную дзейнасць, аднак у хуткім часе пакінуў Беларусь. Працаваў у Ялце ў рускiм тэатры. У жнiўнi 1914 г. быў прызваны ў армiю.
У пачатку красавіка 1917 г. Ф. Ждановіч вярнуўся ў Мінск. Сабраў артыстаў, якія пачыналі з ім працаваць у 1913 г., запрасіў новых выканаўцаў. 23 красавіка 1917 г. у памяшканні Мінскага гарадскога тэатра былі паказаны пастаноўкі «Паўлiнка» i «Рысь». Затым прайшлі спектаклі ў клубе «Беларуская хатка»: 27 красавіка сыгралі «Сягонняшнія і даўнейшыя» К. Буйло, 28 красавіка – «Пашыліся ў дурні» М. Крапіўніцкага. У маі 1917 г. Ф. Ждановіч быў выбраны мастацкім кіраўніком і рэжысёрам Першага таварыства беларускай драмы i камедыi, у якое ўвайшлі ўдзельнікі драматычных гурткоў, хор (кіраўнік У. Тэраўскі), танцавальная група (кіраўнік Ч. Родзевіч) і аркестр народных інструментаў (кіраўнік Д. Захар). Значнай падзеяй стала пастаноўка п’есы Я. Купалы «Раскіданае гняздо» (адбылася 10 ліпеня 1917 г.). Як рэжысёр Ф. Ждановіч абапіраўся на практыку папярэднікаў (асабліва І. Буйніцкага) і традыцыі беларускага народнага тэатра, імкнуўся да жыццёвай дакладнасці і праўдзівасці, шырока выкарыстоўваў у пастаноўках народную музыку і спевы. Калектыву таварыства даводзілася працаваць у часы нямецкай і польскай акупацыі, грамадзянскай вайны. Аднак Ф. Ждановіч рабіў усё, каб захаваць яго: быў пашыраны рэпертуар, артысты ігралі спектаклі па творах К. Каганца, Я. Купалы, Я. Коласа, У. Галубка, К. Буйло, М. Чарота, шмат гастраліравалі па Беларусі. Пры іх удзеле быў створаны Беларускі савецкі тэатр (1918–1919) і Мінскае таварыства працаўнікоў мастацтва (1919–1920). У 1920 г. у Мінску адкрыўся Беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ-1), адным з арганізатараў і першым мастацкім кіраўніком якога стаў Ф. Ждановіч. У рэпертуар увайшлі лепшыя спектаклі таварыства (некаторыя дапрацаваныя), былі створаны новыя. Найбольшай папулярнасцю карысталіся пастаноўкі «Прымакі» (1920), «Сон на кургане» і «Адвечная песня» (1921) Я. Купалы, «Ганка», «Апошняе спатканне» і «Бязродны» (1921) У. Галубка і інш.
У 1922 г. Ф. Ждановіч пакінуў рэжысуру і пачаў выступаць на сцэне як акцёр. Выконваў розныя ролі, яго ігра заўжды вызначалася жыццёвай і бытавой дакладнасцю, самабытнасцю. Са сцэнічных вобразаў, якія ўвасобіў Ф. Ждановіч, вылучаюцца Быкоўскі, Сымон («Паўлінка», «Раскіданае гняздо» Я. Купалы), Пекляванаў («Бронепоезд 14-69» У. Іванова), Караваеў («Мяцеж» Д. Фурманава і С. Паліванава), Рычард Даджэн («Вучань д’ябла» Б. Шоу), цётка Чарлея («Цётка з Бразіліі» Б. Томаса) і інш. Фларыяну Ждановiчу як акцёру былi ўласцiвы непасрэднасць, жыццёвая праўдзiвасць у стварэннi сцэнiчнага вобраза. Разам з тым сучаснiкi сцвярджаюць, што гэта быў артыст iнтэлектуальны, якi абдумваў кожную рысу характару, кожную мастацкую дэталь.
У 1929 г. Ф. Ждановiч выехаў у Саратаў. Выкладаў у тэатральным вучылішчы, працаваў рэжысёрам і акцёрам у тэатрах Расіі. У 1930 г. быў арыштаваны і асуджаны на пяць гадоў зняволення без права вяртання на радзіму. Пакаранне адбываў на Беламорканале. 8 ліпеня 1937 г. зноў арыштаваны і 22 кастрычніка расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956 г.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.