Дата нараджэння:
30.11.1899 Зазыбы, в., Віцебскі раён
Дата смерці:
21.09.1975
Кароткая даведка:
пісьменнік, літаратуразнавец, народны пісьменнік Беларусі, акадэмік НАН Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа (1968), узнагароджаны ордэнамі Леніна (1949, 1955, 1969), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1939, 1959, 1967), Чырвонай Зоркі (1943), Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1974), медалямі
Псеўданімы:
Васілёк; Васілёк Міхась; Міхал; Міхась; Міхась Л.
Варыянты імя:
Лынькоў Міхаіл Ціханавіч
Імёны на іншых мовах:
Лыньков Михаил Тихонович (руская);
5390 сімвалаў
Даведка
Міхась Лынькоў – адзін з найбольш вядомых беларускіх пісьменнікаў сярэдзіны ХХ ст. Таленавіты мастак слова, аўтар раманаў, аповесцей, твораў для дзяцей і крытычных артыкулаў, ён унёс значны ўклад у беларускую літаратуру.
Нарадзіўся М. Лынькоў у в. Зазыбы Віцебскага павета Віцебскай губерні (цяпер Віцебскі раён Віцебскай вобласці) у сям’і чыгуначніка. Вучыўся ў двухласнай школе пры Рагачоўскай настаўніцкай семінарыі. Працаваў на падсобных работах на чыгунцы, нафтаскладзе, даваў прыватныя ўрокі. Пасля заканчэння семінарыі (1917 г.) настаўнічаў у Ліпініцкай земскай школе. Прымаў актыўны ўдзел у працы сельсавета, камітэта ўзаемадапамогі, арганізацыі першага кааператыва. У 1918 г., калі нямецкія акупанты захапілі частку Беларусі, уступіў у партызанскі атрад, дзе актыўна змагаўся з ворагам. Летам 1919 г. М. Лынькоў быў прызваны ў Чырвоную армію. Ён удзельнічаў у паходзе на Варшаву, разгроме атрадаў Булак-Балаховіча на Палессі ў 1920 г. Пасля дэмабілізацыі (1922) працаваў настаўнікам у мястэчку Свержань Рагачоўскага раёна. Быў актыўным селькорам бабруйскай акруговай газеты «Камуніст», куды дасылаў свае нататкі, першыя вершы, фельетоны. У 1925 г. стаў яе супрацоўнікам: з’яўляўся адказным сакратаром, намеснікам рэдактара, у 1928–1930 гг. – рэдактарам. Пісьменнік шмат зрабіў для таго, каб аб’яднаць вакол газеты таленавітую моладзь: арганізаваў Бабруйскую філію «Маладняка», кіраваў яе дзейнасцю. У 1930 г. М. Лынькоў пераехаў у Мінск і пачаў працаваць у дзяржаўным выдавецтве БССР. З 1933 па 1941 г. ён з’яўляецца галоўным рэдактарам часопіса «Полымя рэвалюцыі». З моманту заснавання ў 1934 г. Саюза пісьменнікаў БССР актыўна ўдзельнічаў у яго рабоце (з 1938 па 1948 г. быў старшынёй праўлення). У 1939 г. М. Лынькоў прымаў удзел у паходзе Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь (рэдагаваў вайсковую газету «Беларуская звязда»). З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў дзеючай арміі: з’яўляўся рэдактарам франтавой газеты «За Савецкую Беларусь», якая выходзіла на Заходнім, Цэнтральным і Бранскім франтах.
Адразу пасля вызвалення Беларусі пісьменнік вярнуўся ў Мінск. Ён працягваў працаваць у Саюзе пісьменнікаў БССР, займаўся навуковай работай. У 1943–1946 і 1949–1952 гг. быў дырэктарам Інстытута літаратуры, мовы і мастацтва АН БССР, у 1953 г. стаў акадэмікам. У пасляваенныя гады актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю. Разам з Я. Коласам з’яўляўся членам камісіі па расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Мінску. Удзельнічаў у руху абароны міру і рабоце Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. У 1962 г. М. Лынькову было прысвоена ганаровае званне народнага пісьменніка БССР. Ён узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1939, 1959, 1967), Чырвонай Зоркі (1943), Леніна (1949, 1955, 1969), Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1974), медалямі.
Творчай дзейнасцю М. Лынькоў пачаў займацца ў час вучобы ў семінарыі. Пісаў прыпеўкі, сатырычныя куплеты, эпіграмы. Першы верш быў надрукаваны ў смаленскай газеце «Борьба» у 1919 г. (не выяўлены). У газеце «Камуніст» публікаваў нататкі, сатырычныя фельетоны, публіцыстычныя вершы. Там жа было змешчана апавяданне «З пражытых год» (1926). Раннія творы М. Лынькова, якія ўвайшлі ў зборнікі «Апавяданні» (1927), «Гой» (1929), «Андрэй Лятун» (1930), атрымалі шырокі грамадскі рэзанас і вылучылі іх аўтара ў шэрагі лепшых беларускіх празаікаў таго часу. Асабліва папулярнымі былі апавяданні пра грамадзянскую вайну, барацьбу чырвонаармейцаў і партызан, якія М. Лынькоў напісаў на аснове асабістых уражанняў.
Рэалістычны паказ беларускай вёскі дакастрычніцкай пары складае асноўны змест няскончанага рамана «На чырвоных лядах», першая частка якога была напісана ў 1934 г. Жыццё працоўных Заходняй Беларусі ва ўмовах буржуазнай Польшчы, іх барацьбу за аб’яднанне з Савецкай Беларуссю пісьменнік адлюстраваў у зборніку апавяданняў «Сустрэчы» (1940). Асобае месца ў літаратурнай дзейнасці М. Лынькова адведзена Вялікай Айчыннай вайне. Апавяданні, што склалі зборнік «Астап» (1944), напоўнены драматызмам і трагедыйнасцю, прасякнуты нянавісцю да ворага, заклікамі да барацьбы з ім. У многіх з іх гучыць тэма знявечанага фашысцкай акупацыяй дзяцінства («Васількі», «Ірына», «Дзіцячы башмачок», «Недапетыя песні», «Пацалунак» і інш.). У час вайны М. Лынькоў пачаў збіраць матэрыялы, якія пазней сталі асновай рамана-эпапеі «Векапомныя дні» (поўнае выданне 1958; Дзяржаўная прэмія БССР імя Якуба Коласа, 1968). Гэта быў першы буйны твор пра народную барацьбу з фашыстамі і партызанскі рух – велічная панарама ўсяго, што адбывалася на тэрыторыі Беларусі на працягу амаль чатырох гадоў акупацыі.
У творчай спадчыне пісьменніка ёсць і творы для дзяцей, у якіх найбольш ярка праявілася шматграннасць яго таленту. Сярод іх – аповесці «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» (1935), «Міколка-паравоз» (1936, экранізавана ў 1957), апавяданні «Янка-парашутыст» (1937), «Ядвісін дуб» (1940) і інш.
Міхасю Лынькову належаць літаратуразнаўчыя працы «Беларуская літаратура за 30 год» (1948, на беларускай і рускай мовах), «Якуб Колас» (1952), «Летапіс эпохі: беларускай савецкай літаратуры пяцьдзесят год» (1968), зборнік артыкулаў «Літаратура і жыццё» (1978), кніга «Публіцыстыка» (1980) Ён пісаў пра жыццё і творчасць А. Пушкіна, М. Гогаля, М. Някрасава, Л. Талстога, Ф. Дастаеўскага і інш. Перакладаў творы М. Горкага, М. Ціханава і іншых пісьменнікаў.