Дата нараджэння:
25.11.1884 Чавусы, г., Магілёўская вобласць
Дата смерці:
04.01.1957
Кароткая даведка:
жывапісец-пейзажыст, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, кавалер ордэна "Знак Пашаны"
Імёны на іншых мовах:
Kudrevitch Uladzimir Mikalaevitch (англійская); Кудревич Владимир Николаевич (руская);
4331 сімвал
Даведка
Уладзімір Мікалаевіч Кудрэвіч належыць да плеяды старэйшых беларускіх мастакоў ХХ стагоддзя. Ён стаяў ля вытокаў савецкага пейзажнага жывапісу.
Нарадзіўся У. Кудрэвіч у Чавусах Магілёўскай губерні ў сям’і служачага. У два гады застаўся сіратою і выхоўваўся ў чужой сям’і. Пасля заканчэння павятовага вучылішча ў 1902 г. некаторы час працаваў на Лібава-Роменскай чыгунцы тэлеграфістам. У 1903 – 1906 гг. вучыўся ў мастацкім вучылішчы ў Лібаве (цяпер Ліепая, Латвія). У 1906 г. У. Кудрэвіч наведаў Траццякоўскую галерэю, пазнаёміўся з творамі вялікіх мастакоў-пейзажыстаў. З 1915 г. мастак жыў у Мінску. Ён працаваў загадчыкам клуба імя У. І. Леніна Заходняй чыгункі, кіраваў мастацкай студыяй, выступаў на сцэне клуба акцёрам, быў дэкаратарам і рэжысёрам. У сферы выяўленчага мастацтва гэты перыяд у творчасці У. Кудрэвіча адзначаны ўплывам імпрэсіянізму, захапленне якім пачыналася яшчэ падчас вучобы ў вучылішчы. Ім напісаны работы “Восень”, “Туман над Сожам”, “Бярозкі”, “Рака Сож” і многія іншыя, якія, на жаль, не захаваліся. Большасць з іх была знішчана пажарам, а частку мастак сам спаліў пасля хвалі крытыкі з боку мастакоў-сучаснікаў. Уцалела адна з іх – “Раніца вясны” (1924), якая захоўваецца цяпер у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. На палатне – бярозавы гай з россыпам па зямлі першых веснавых кветак. Пры стварэнні пейзажа мастак карыстаўся прыёмам пуантылізму, адным з напрамкаў імпрэсіянізму, які і прыдаў гэтаму твору непаўторнае эстэтычнае гучанне. Карціна лічыцца самай адметнай у творчай спадчыне У. Кудрэвіча. Мастацтвазнаўца Г. Фатыхава адзначае: “І калі б мастак напісаў толькі адну работу – “Раніца вясны”, яго імя засталося б вядомым для нашчадкаў”*. Сяргей Харэўскі прысвяціў мастаку і менавіта гэтай яго рабоце лірычнае эсэ ў знакамітай кнізе “Сто твораў ХХ стагоддзя”, у якой пад адной вокладкай сабраны самыя выдатныя творы беларускага мастацтва ХХ ст.
У 1930-я гады У. Кудрэвіч адышоў ад імпрэсіянісцкіх тэндэнцый і поўнасцю перайшоў на пазіцыі рэалістычнага мастацтва. Ён напісаў індустрыяльныя пейзажы “Паглыбленне Арэсы” (1934), “Экскаватар на асушцы” (1938–1939) і інш. На дэкаднай выстаўцы беларускага мастацтва ў 1940 г. у Маскве ў ліку другіх былі паказаны яго пейзажы “Паром на Дзвіне” (1934), “Набліжэнне навальніцы” (1939), “Зіма на Мінскім возеры” (1940), карціна “БелДРЭС” (1940).
Уладзімір Кудрэвіч стаў удзельнікам мастацкіх выставак з 1921 г. Ён уваходзіў у склад выставачных камітэтаў І, ІІ, ІІІ Усебеларускіх мастацкіх выставак і сам удзельнічаў у іх.
У гады Вялікай Айчыннай вайны У. Кудрэвіч жыў у эвакуацыі ў Кемерава. Быў абраны першым старшынёй Кемераўскага аддзялення Саюза мастакоў СССР. Тут ён стварыў серыі акварэляў аб жыцці Сібіры. Яго пейзажы, выкананыя ў 1941–1942 гг., перадаюць характэрныя рысы індустрыяльнага Кузбаса, Кемерава (лісты “Вечар”, “Ручай”, “Стагі”, “На рацэ”, “Туман”, “Шэры дзень”, “Перад навальніцай”, “Вясёлка”і інш.). Да 1943–1944 гг. адносяцца акварэлі “Дождж”, “Раніца”, “Індустрыяльны пейзаж”, “Сталеліцейныя і коксахімічныя заводы”, серыя пейзажаў “Рака Том” і інш. У гэты перыяд ён пісаў шматлікія пейзажы, прысвечаныя краявідам роднай Беларусі.
Восенню 1944 г. мастак вярнуўся ў Мінск. Прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, займаўся творчай працай. Паводле ўражанняў ваенных гадоў напісаў карціну “Па дарогах вайны” (1945–1946), якая экспанавалася на выстаўцы, прысвечанай 30-годдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі. Імкнуўся адлюстраваць аблічча Радзімы, якая паўставала з руін, раскрываў прывабнасць беларускай прыроды. Сярод работ гэтага перыяду – “На рацэ Сож” (1945), “Раніца на Дняпры” (1945), “Бярозкі” (1948), “Беларускі пейзаж” (1949), “Свіслач” (1952), “Вечар на возеры Палік” (1953), “Жыта”, “Раніца”, “Лясная рэчка”(усе 1956) і інш.
За нястомную працу і актыўны ўдзел у развіцці беларускага мастацтва У. Кудрэвіч атрымаў у 1944 г. ганаровае званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР. Двойчы ўзнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны” (1944, 1949). У 1945 г. мастак быў узнагароджаны медалём “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне”.
Творы У. Караткевіча знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў.