Семяжон Язэп (сапраўднае імя Семяжонаў Іосіф Ігнатавіч)
Дата нараджэння:
16.11.1914 Пятровічы, в., Ігуменскі павет, Мінская губерня (цяпер Смалявіцкі раён, Мінская вобласць)
Дата смерці:
16.08.1990 Мінск, г.
Кароткая даведка:
перакладчык, пісьменнік, крытык, заслужаны работнік культуры Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы (1982), удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, медалямі
Псеўданімы:
Семежон Язеп; Семяжон Язэп; Сяміжон Язэп; Яз. Азім
Імёны на іншых мовах:
Семежонов Иосиф Игнатьевич (руская);
3337 сімвалаў
Даведка
Беларускі мастацкі пераклад вылучаецца цэлай плеядай выдатных творцаў, да ліку якіх адносіцца і Язэп Семяжон (сапраўднае імя Іосіф Ігнатавіч Семяжонаў). Дзякуючы яго карпатлівай працы беларускі чытач пазнаёміўся з шэрагам выдатных твораў замежнай паэзіі.
Нарадзіўся Я. Семяжон у в. Пятровічы Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Смалявіцкі раён Мінскай вобласці) у сям’і лесніка. Пасля заканчэння Смілавіцкай сярэдняй школы працаваў рахункаводам у калгасе “Перамога”. У 1931 г. паступіў на драматургічныя курсы ў Мінску, і праз некаторы час стаў акцёрам Трэцяга беларускага дзяржаўнага тэатра (БДТ-3). У 1934–1938 гг. вучыўся ў Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце. Далейшы свой лёс звязаў з ваеннай справай: быў курсантам афіцэрскай школы ў Маскве, камандзірам узвода разведвальнага палка. Удзельнічаў у паходзе ў Заходнюю Беларусь, савецка-фінлядскай вайне, дзе атрымаў раненне. Да сакавіка 1942 г. ваяваў на Заходнім фронце, у 1942–1945 гг. быў ваенным перакладчыкам, меў баявыя ўзнагароды. Пасля вайны – перакладчык, рэферэнт разведаддзела штаба Беларускай ваеннай акругі. З 1953 г. Я. Семяжон выкладаў замежныя мовы ў Мінскім сувораўскім ваенным вучылішчы (да 1960 г.), потым у Беларускім дзяржаўным універсітэце імя У.І. Леніна (да 1975 г.), адначасова працаваў у рэдакцыі часопіса “Беларусь”.
Першы вершаваны твор Я. Семяжона “Ударная камсамолак” пад псеўданімам “Яз. Азім” быў надрукаваны ў 1931 г. у шаснаццатым нумары часопіса “Беларуская работніца і сялянка”.
У 1938 г. быў надрукаваны верш “Змрок на душы маёй” і ўрывак “Развітанне Чайльд-Гарольда” з паэмы “Паломніцтва Чайльд-Гарольда” Д. Байрана.
Большую частку спадчыны Я. Семяжона складаюць пераклады з заходне-еўрапейскіх моў (творы Б. Брэхта, Г. Гейнэ, Дантэ Аліг’еры, Д. Радары, Ш. Пецёфі) і іншых, аднак найбольш вялікую каштоўнасць уяўляюць пераклады з англійскай мовы (творы Д. Байрана, У. Блейка, У. Уітмена, Д. Кітса). Асаблівае значэнне мела ўзнаўленне паэзіі Р. Бёрнса (песні, вершы, эпіграмы) і драматургіі У. Шэкспіра (камедыі “Утаймаванне наравістай”, “Дванаццатая ноч, альбо Чаго пажадаеце”, трагедыя “Кароль Лір”).
Значнае месца ў дзейнасці Я. Семяжона займалі пераклады твораў рускіх, украінскіх і польскіх пісьменнікаў (М. Лермантава, М. Някрасава, М. Святлова, К. Сіманава, Р. Братуня, Д. Паўлычкі, М. Прыгары, У. Сасюры, П. Тычыны, Л. Украінкі, Я. Івашкевіча, Л. Падгорскага-Аколава, Ю. Славацкага і інш.).
Шмат увагі аддаў Я. Семяжон перакладам паэтычных твораў А. Міцкевіча. Дзякуючы яго намаганям па-беларуску загучалі вершы і санеты славутага паэта, паэма “Пан Тадэвуш”. Сапраўднай падзеяй культурнага жыцця Беларусі стаў пераклад лацінамоўнай паэмы М. Гусоўскага “Песня пра зубра” (Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я. Купалы, 1982).
Сапраўды ўражвае колькасць замежных аўтараў, творы якіх былі перакладзены Я. Семяжонам. Толькі ў зборнік “Сем цудаў свету” (1977) увайшлі творы 69 паэтаў, якія пісалі на 13 мовах. Трэба адзначыць, што ўсе яго пераклады адзначаюцца дакладным адлюстраваннем сэнсава-вобразнай структуры арыгінала, умелым выкарыстаннем скарбаў роднай мовы.
Літаратурныя поспехі Я. Семяжона былі адзначаны званнем заслужанага работніка культуры Беларусі, Дзяржаўнай прэміяй Беларусі, ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і Дружбы народаў, медалямі
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г., перапрацаваны ў 2024 г.