Дудар Алесь (сапраўднае імя Дайлідовіч Аляксандр Аляксандравіч), пісьменнік
Дата нараджэння:
24.12.1904 Навасёлкі, в., Петрыкаўскі раён, Гомельская вобласць
Дата смерці:
29.10.1937 Мінск, г.
Кароткая даведка:
паэт, тэатральны крытык, перакладчык, адзін з заснавальнікаў літаратурнага аб'яднання "Маладняк"
Псеўданімы:
Глыбоцкий Тодор; Глыбоцкі Тодар; Дудар Алесь
Імёны на іншых мовах:
Дайлидович Александр Александрович (руская);
3369 сімвалаў
Даведка
Алесь Дудар (Аляксандр Аляксандравіч Дайлідовіч) нарадзіўся ў вёсцы Навасёлкі (цяперашні Петрыкаўскі раён Гомельскай вобласці). Яго бацька паходзіў з сялян, быў арандатарам, паштальёнам, а калі сям’я пераехала ў Мінск, уладкаваўся працаваць чыгуначнікам. Алесь пачаў вучобу ў гімназіі Фальковіча, працягваць жа яе давялося ў Казлове Тамбоўскай губерні, дзе бацькі жылі як бежанцы з канца 1915 г. На пачатку 1917 г. сям’я вярнулася на Беларусь. Прыкладна ў гэты ж час Алесь Дайлідовіч пазнаёміўся з беларускай літаратурай, захапіўся ёю і пачаў пісаць сам. У 1920 г. ён закончыў школу ў Мінску і трапіў у тэатральную трупу славутага У. Галубка, праз якую прайшлі і некаторыя іншыя вядомыя пазней пісьменнікі: М. Зарэцкі, В. Сташэўскі, М. Чарот. Непасрэднае далучэнне да беларускай мастацкай творчасці, да беларускай стыхіі не магло не паўплываць на станаўленне літаратурнага таленту будучага пісьменніка.
У 1921 г. Алесь Дудар пачаў друкавацца. У “Савецкай Беларусі” з’явіліся яго першыя вершы – “Прэч з дарогі”, “Зарубежным братам”, “Гэй, да працы”, “Я – мужык”, “Новы шлях”, “Брату-беларусу”, “Паўстаўшым” і інш. Па словах даследчыкаў беларускай літаратуры (С. Баркоўскі, М. Яраш, В. Бечык), галоўнае месца ў ранніх вершах Дудара займалі матывы рэвалюцыйнай барацьбы і сацыялістычнага будаўніцтва. У 1923 г. ён разам з іншымі літаратарамі прыняў удзел у арганізацыі літаратурнага аб’яднання “Маладняк”. Паэт выязджаў у вобласці, наладжваў літаратурную работу ў Полацку, Магілёве, іншых гарадах. У 1925 г. А. Дудар стаў аўтарам дзвюх кніг паэзіі “Беларусь бунтарская” і “Сонечнымі сцежкамі”. Першы зборнік уяўляў сабой класічны ўзор маладнякоўскага светаўспрыняцця: радасны, дзёрзкі, напоўнены маладой энергіяй погляд на жыццё. Другі – быў больш складаным, ён, на думку літаратуразнаўцы І. Багдановіч, сведчыў, што ў “маладнякоўца” А. Дудара галоўнае месца пачала займаць не рэвалюцыйна-пралетарская, а нацыянальна-культурная дамінанта, якая ўзмацнялася на працягу 20-х гадоў і ў творчасці іншых беларускіх пісьменнікаў. У 1926 г. А. Дудар выдаў трэцюю кнігу вершаў “І залацісцей і сталёвей”. Гэты год стаў для паэта часам развітання з ілюзіямі, часам раскрыцця рэчаіснасці.
У 1927 г. Дудар паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педфака БДУ, але хутка пакінуў вучобу. А праз год выйшаў яшчэ адзін паэтычны зборнік “Вежа”, прасякнуты вялікай любоўю да радзімы. Праўда, туды не былі ўключаны вершы, дзе выказвалася самае набалелае, а яны былі і чыталіся ў рукапісах. Легендарным стаў верш “Пасеклі край наш папалам”. За гэты ненадрукаваны твор паэт у 1928 г. быў арыштаваны і высланы на тры гады ў Смаленск. Толькі 23 ліпеня 1931 г. Дудару дазволілі вярнуцца ў Мінск, дзе ён зноў уключыўся ў літаратурнае жыццё: напісаў паэму “Вайна і мір” (1932), некалькі вершаў (у сааўтарстве з Т. Кляшторным і В. Мараковым) і нарысаў (разам з А. Вольным і В. Кавалём), займаўся перакладамі, у тым ліку лібрэта оперы “Яўген Анегін” для Дзяржаўнага тэатра оперы і балета, стварыў нізку вершаў “Палескія ночы”. У 1934 г. Алесь Дудар быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. У 1935 г. выйшла апошняя прыжыццёвая кніжка паэта “Слуцак”. У кастрычніку 1936 г. ён быў зноў арыштаваны, а праз год 29.10.1937 г. расстраляны. 21 верасня 1957 г. ваенная калегія Вярхоўнага суда СССР рэабілітавала А. Дудара па прыгаворы 1937 г. з-за адсутнасці складу злачынства.