Дата нараджэння:
08.01.1924 Полацк, г., Віцебская вобласць
Дата смерці:
кастрычнік 2015 Мінск, г.
Кароткая даведка:
пісьменнік, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1970), Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа (2002), літаратурнай прэміі Расіі "Прохараўскае поле" (2010), удзельнік вызвалення Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну, кавалер ордэнаў Айчыннай вайны І ст., Славы ІІІ ст., Чырвонай Зоркі, "Знак Пашаны" і Ф. Скарыны, ганаровы грамадзянін Полацка
Варыянты імя:
Савіцкі Аляксандр Ануфрыевіч
Імёны на іншых мовах:
Савицкий Александр Онуфриевич (руская); Савицкий Алесь (руская);
4323 сімвалы
Даведка
Выдатнаму пісьменніку Алесю (Аляксандру Ануфрыевічу) Савіцкаму, творчая дзейнасць якога займае асобнае месца ў сучаснай беларускай літаратуры, выпала на долю няпростае, але цікавае на падзеі жыццё.
Нарадзіўся будучы пісьменнік у Полацку ў сям’і рабочага. У 1939 г. сям’я пераехала ў Гродна, таму што бацька ў той час быў ваеннаслужачым. Да Вялікай Айчыннай вайны А. Савіцкі вучыўся ў сярэдняй школе. У 1942–1944 гг. быў партызанам на Віцебшчыне. Пасля вызвалення Беларусі знаходзіўся ў дзеючай арміі, удзельнічаў у вызваленні Літвы, Польшчы, баях за ўзяцце Берліна. Быў тройчы паранены. Дэмабілізаваўшыся ў канцы 1945 г., працаваў у рэдакцыі полацкай абласной газеты “Бальшавіцкі сцяг”, адначасова з’яўляўся старшынёй літаратурнага аб’яднання “Наддзвінне”. У 1958 г. А. Савіцкі скончыў Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве, у 1961 г. аспірантуру гэтай навучальнай установы. У 1961–1962 гг. быў загадчыкам рэдакцыі выдавецтва “Ураджай”, у 1962–1969 гг. вучоным сакратаром Літаратурнага музея Я. Коласа. У 1969–1973 гг. загадваў сектарам мастацкай літаратуры аддзела культуры ЦК КПБ. З 1973 г. займаўся творчасцю.
Літаратурную дзейнасць А. Савіцкі пачаў яшчэ ў партызанскім атрадзе. У 1943 г. напісаў свой першы верш “На смерць сябра”, а апавяданне “Рыбацкае шчасце” было апублікавана ў полацкай абласной газеце “Бальшавіцкі сцяг” у 1948 г. Пазней аматары беларускай прозы пазнаёміліся з аповесцямі “Кедры глядзяць на мора” (1960), “Пасля паводкі” (1962), “Самы высокі паверх” (1965–1967; прэмія Ленінскага камсамола Беларусі, 1972) і раманам “Жанчына” (1963), якія аб’яднаны адной агульнай праблемай – імкненнем герояў знайсці сваё сапраўднае шчасце. Тэма выпраўлення чалавека, яго маральнага і духоўнага станаўлення як асобы ў складанасцях паўсядзённага быцця, узнятая ў гэтых творах, стане вызначальнай для ўсёй творчасці А. Савіцкага. Асэнсаванне асабіста перажытага ў гады вайны, тых выпрабаванняў, што выпалі на долю чалавека, з пазіцыі сённяшняга дня дазволілі пісьменніку стварыць шэраг твораў аб вайне, у тым ліку трылогію “Верай і праўдай” (“Верай і праўдай”, 1976; “Літасці не чакай”, 1982; “Памерці заўсёды паспееш”, 1983). Гэта шырокае мастацкае палатно, дзе глыбока і пераканаўча ўзнаўляецца гістарычная панарама партызанскай барацьбы ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Алесь Савіцкі стварыў праўдзівую карціну ваеннага ліхалецця. Адметнай рысай трылогіі з’яўляецца тое, што пісьменнікам удала падкрэсліваецца важная асаблівасць: якія б беды ні сустракаліся на шляху людзей, большасць з іх імкнулася захаваць у сабе лепшыя маральныя якасці – чалавечнасць, дабрату, душэўную цеплыню і шчодрасць. Па тэматычнай накіраванасці да трылогіі А. Савіцкага блізка стаяць раманы “Зямля не раскажа” (1980), “Верасы” (1987), “Обаль” (1989), аповесць “Белая знічка” (1984) і інш. У сваіх творах пісьменнік уздымаў праблемы пасляваеннай вёскі (раман “Палын – зелле горкае” (1967), апавяданні “Вёска была за лесам”, “Мітуліца”), пісаў пра духоўны свет сучасніка (аповесць “І нічога ўзамен” (1973)), даследаваў ўзаемаадносіны паміж людзьмі, іх адказнасць за свае дзеянні, учынкі (раман “Толькі аднойчы” (1979), апавяданні “Сезоннік”, “Волька прыехала” і інш.). Апошнія дзесяцігоддзі А. Савіцкі пакутліва разважаў над праблемай страты грамадствам спрадвечных каштоўнасцей. Вынікам стаў раман-споведзь “Пісьмо ў Рай” (2012), прысвечаны памяці бацькі. Не пакідаў пісьменнік без увагі і юных чытачоў. З друку выйшлі зборнікі апавяданняў для дзяцей “Белы гарлачык” (1965), “Шкляная нітка” (1970), аповесці-казкі “Радасці і нягоды залацістага карасіка Бубліка”(1993), “Прыгоды Муркі” (1997), “Дзівосы Лысай гары” (1999; Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь, 2002) і інш.
За баявыя і працоўныя заслугі Алесь Ануфрыевіч быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Славы III ступені, Айчыннай вайны I ступені, “Знак Пашаны”, Францыска Скарыны і шматлікімі медалямі, удастоены звання “Ганаровы грамадзянін Полацка” (1987). У 2010 г. за раман “Верасы” і аповесць-казку “Дзівосы Лысай гары” атрымаў Усерасійскую літаратурна-патрыятычную прэмію “Прохараўскае поле”. Раманы, аповесці, публіцыстыка, кнігі для дзяцей папоўнілі творчы набытак пісьменніка, знайшлі ўдзячнага чытача. Яго творы выходзяць у перакладах на рускую, украінскую, узбекскую, армянскую, чэшскую мовы.