Дата нараджэння:
30.01.1895 Мышкавічы, аг., Кіраўскі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерці:
13.01.1968 Мышкавічы, аг., Кіраўскі раён, Магілёўская вобласць
Кароткая даведка:
удзельнік Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў, вайны ў Іспаніі 1936–1939 гг., адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху ў Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну, Герой Савецкага Саюза (1943), гаспадарчы дзеяч, кіраўнік легендарнага калгаса "Рассвет" (1944–1967), Герой Сацыялістычнай Працы (1958), узнагароджаны пяццю ордэнамі Леніна, ордэнамі Чырвонага Сцяга, Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі
Псеўданімы:
Аршинов; Аршынаў; Ваня; Муха-Михальский; Муха-Міхальскі
Імёны на іншых мовах:
Орловский Кирилл Прокофьевич (руская);
3530 сімвалаў
Даведка
Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху ў Беларусі ў гады грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў Кірыла Пракопавіч Арлоўскі нарадзіўся ў в. Мышкавічы (цяпер Кіраўскі раён Магілёўскай вобласці) у сялянскай сям’і. Першапачатковую адукацыю атрымаў у царкоўнапрыходскай школе, якую скончыў у 1910 г., затым вучыўся на курсах па садоўніцтве і агародніцтве, працаваў у сялянскай гаспадарцы бацькі. У час Першай сусветнай вайны, вясной 1915 г., быў прызваны ў армію. Каля двух гадоў знаходзіўся ў 251-м запасным пяхотным палку каля Масквы. У 1917 г. служыў у сапёрным узводзе 65-га пяхотнага палка Заходняга фронту ў званні малодшага ўнтэр-афіцэра.
Пасля дэмабілізацыі ў 1917 г. вярнуўся ў Мышкавічы. З 1918 г. і да заканчэння Вялікай Айчыннай вайны дзейнасць К.П. Арлоўскага была звязана з разведкай, органамі ВЧК, НКУС БССР і НКДБ БССР. У маі 1918 г. яго прынялі на службу ў Аршанскую надзвычайную камісію. У чэрвені 1918 г. у час акупацыі Беларусі германскімі войскамі па заданні Бабруйскага падпольнага раённага камітэта РКП(б) арганізаваў і ўзначаліў партызанскі атрад. Са снежня 1918 г. працаваў у Бабруйскай надзвычайнай камісіі. У 1919–1920 гг. вучыўся на курсах каманднага саставу ў Мінску, Магілёве, Маскве. У 1922–1925 гг. быў камандзірам партызанскага атрада ў заходнебеларускім Палессі (вядомы пад падпольнымі псеўданімамі Аршынаў і Муха-Міхальскі).
У 1930 г. К.П. Арлоўскі скончыў Камуністычны ўніверсітэт нацыянальных меншасцей Захаду імя Мархлеўскага ў Маскве. Вучобу сумяшчаў з працай на заводах. У маі 1930 г. вярнуўся ў Мінск і да 1936 г. служыў у органах ДПУ – НКУС БССР.
Кірыла Пракопавіч удзельнічаў у нацыянальна-рэвалюцыйнай вайне іспанскага народа (1936–1939), выконваў баявыя заданні, быў саветнікам у 14-ым корпусе рэспубліканскай арміі.
У 1940–1942 гг. К.П. Арлоўскі знаходзіўся ў спецкамандзіроўцы ў Заходнім Кітаі. Па сваёй ініцыятыве з дазволу кіраўніцтва вярнуўся на Радзіму, каб прыняць удзел у абароне Айчыны. У чэрвені 1942 г. сфарміраваў і ўзначаліў разведвальна-дыверсійную групу НКДБ, якая 26 кастрычніка 1942 г. была закінута на акупіраваную нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыю Беларусі і вырасла ў партызанскі атрад «Сокалы». У красавіку – маі 1943 г. на яго базе створаны тры партызанскія атрады. 17 лютага 1943 г. група партызан на чале з К.П. Арлоўскім знішчыла з засады некалькі высокапастаўленых чыноўнікаў фашысцкай адміністрацыі, у тым ліку галоўнага камісара Баранавічаў. У гэтым баі Кірыла Пракопавіч быў цяжка паранены, страціў правую руку і чатыры пальцы левай. Увосень 1943 г. яму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
У ліпені 1944 г. К.П. Арлоўскі ўзначаліў калгас «Рассвет» Кіраўскага раёна, які хутка вырас у буйную шматгаліновую гаспадарку, адну з лепшых у СССР. У 1947–1951 гг. старшыня калгаса "Рассвет" быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, з 1950 г. – дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР. У 1958 г. К.П. Арлоўскі атрымаў званне Героя Сацыялістычнай Працы. Ён стаў першым Героем Савецкага Саюза, удастоеным вышэйшай дзяржаўнай узнагароды за працоўны подзвіг. Быў узнагароджаны пяццю ордэнамі Леніна, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і шматлікімі медалямі.
Памёр К.П. Арлоўскі 13 студзеня 1968 г., пахаваны ў в. Мышкавічы.
Яго імем названы адкрытае акцыянернае таварыства «Рассвет», школа і санаторый ў Кіраўску, вуліцы ў Магілёве, Бабруйску, Клецку, Ганцавічах, Кіраўску, Ляхавічах, у цэнтры Мышкавіч устаноўлены бронзавы бюст К.П. Арлоўскаму. У 1969 г. пра Героя зняты фільм “У агні жыцця”.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г., актуалізаваны ў 2025 г.