Кароткая даведка:
пісьменнік, публіцыст, перакладчык, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры (крытычны рэалізм)
Псеўданімы:
Dem; Demos; Huszіcz; Tamten; Ten; Бурачок Мацей; Сымон Рэўка з-пад Барысава
Імёны на іншых мовах:
Богушевич Франтишек Бенедикт Казимирович (руская);
Крыптанімы:
A.D.; H-cz
5390 сімвалаў
Даведка
Немагчыма пераацаніць уклад у гісторыю беларускай літаратуры самага яркага нацыянальнага паэта XIX ст., празаіка і публіцыста Францішка Бенядзікта Багушэвіча, вядомага пад псеўданімамі Мацей Бурачок, Сымон Рэўка з-пад Барысава, Demos, Ten, А. Д., Tamten і інш. Яго невялікая, але адметная спадчына сведчыць, што беларуская літаратура была, ёсць і заўсёды будзе мець годны працяг.
Францішак Багушэвіч нарадзіўся ў фальварку Свіраны пад Вільняй у сям’і дробнага шляхціца. Неўзабаве бацькі перабраліся ў спадчынны маёнтак Кушляны Ашмянскага павета. У 1852 г. Францішак паступіў у Віленскую гімназію, якую скончыў у ліку найлепшых вучняў у 1861 г. У гэтым жа годзе ён стаў студэнтам Пецярбургскага ўніверсітэта, адкуль звольніўся нібы з-за хваробы ўжо праз два месяцы, але лічыцца, што сапраўднай прычынай быў яго ўдзел у студэнцкіх хваляваннях. Некаторы час настаўнічаў у прыватнай школе ў Доцішках Лідскага павета, дзе пазнаёміўся з лінгвістам, этнографам і музыказнаўцам Янам Карловічам, які потым паўплываў на лёс пісьменніка. У 1863 г. сям’я Багушэвічаў прыняла ўдзел у паўстанні К. Каліноўскага. У баях у Аўгустоўскіх лясах Ф. Багушэвіч быў паранены. Ратуючыся ад рэпрэсій, пераехаў на Украіну. Ян Карловіч дапамог яму грашыма, і ў 1865 г. Ф. Багушэвіч паступіў у Нежынскі юрыдычны ліцэй. У першыя гады жыцця на чужыне ён часта пераязджаў: Чарнігаў, Кралявец, Старадуб… На дзесяць гадоў па сямейных прычынах затрымаўся ў Канатопе. Толькі ў 1884 г., праз дваццаць гадоў пасля вымушанага расстання, Ф. Багушэвіч вярнуўся на радзіму. Быў адвакатам судовай палаты ў Вільні. Браўся за самыя складаныя і цяжкія судовыя справы, якія датычыліся сялян і дзяцей. Прычым займаўся своеасаблівай адвакацкай дабрачыннасцю: спачувальна ставіўся да клопатаў сялян, абараняў іх бясплатна. І ўсё гэта на фоне таго, што грошай у сям’і не хапала. У 1896 г. Ф. Багушэвіч атрымаў спадчыну ад сваяка і змог адмовіцца ад працы. Ён назаўсёды вярнуўся ў Кушляны.
Першымі творамі пачынаючага пісьменніка былі журналісцкія допісы, якія ён пасылаў у польскі часопіс “Kraj”. Супрацоўніцтва з гэтым выданнем стала выдатнай школай для Багушэвіча-публіцыста. У 1891 г. у Кракаве пад псеўданімам Мацей Бурачок выйшаў яго першы паэтычны зборнік “Дудка беларуская”, які адкрыўся, як прынята лічыць, праграмным вершам паэта “Мая дудка”, дзе ішла размова пра характар творчасці, прызначэнне мастацтва і паэта. У яго ўвайшлі творы аб штодзённым побыце сялянства, напоўненыя горкімі скаргамі і прасякнутыя бязвыхаднымі трагічнымі інтанацыямі, а таксама гумарыстычныя вершы. Другі паэтычны зборнік Ф. Багушэвіча “Смык беларускі” быў надрукаваны паэтам пад псеўданімам Сымон Рэўка з-пад Барысава ў Познані ў 1894 г. (па іншых звестках у нейкай літоўскай друкарні ва Усходняй Прусіі). “Смык беларускі” стаў кнігай больш антыпрыгонніцкай, антыпанскай, чым “Дудка беларуская”. Лірычны герой твораў Ф. Багушэвіча – працоўны селянін. Ён не толькі пакутнік, якога абдзялілі пры скасаванні прыгону, якога абдзірае казна, крыўдзіць суд і царскія чыноўнікі, але і праўдашукальнік, асоба з развітым пачуццём чалавечай годнасці. Такім ён паўстае ў вершах “Дурны мужык, як варона”, “Як праўды шукаюць”, “Бог не роўна дзеле”, “Праўда”, “Хрэсьбіны Мацюка”, “У астрозе”, “Не цурайся” і інш. Паэма-прытча “Кепска будзе!” – твор, у якім паэт не проста адлюстроўвае неардынарны выпадак з жыцця героя, а ўзнімаецца да абагульнення. У літаратуразнаўстве існуе думка, што герой паэмы Аліндарка – персаніфікаваны вобраз Беларусі. Выкарыстоўваў у сваёй творчасці Ф. Багушэвіч і фальклорныя матывы (цыкл “Песні”, балады “Хцівец і скарб на святога Яна”, “Балада”, байка “Дзе чорт не можа, там бабу пашле”). Асаблівую цікавасць выклікаюць прадмовы да абодвух паэтычных зборнікаў, у якіх паэт абараняе сацыяльныя і нацыянальныя правы беларусаў, права на існаванне і развіццё беларускай мовы і культуры. “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі”, – заклікае ў прадмове да паэтычнага зборніка “Дудка беларуская” Мацей Бурачок.
Францішак Багушэвіч добра вядомы не толькі як паэт, але і як празаік, які стаяў ля вытокаў беларускай мастацкай прозы. Праўда, празаічная спадчына яго значна меншая, чым паэтычная. У 1892 г. у Кракаве асобнай кнігай выйшла яго апавяданне “Тралялёначка”, у якім пісьменнік яскрава ўвасобіў расслаенне беларускай вёскі. Твор гэты невялікі, але створаныя ў ім вобразы вельмі каларытныя. У 1899 г. пісьменнік здаў у Віленскую губернскую друкарню рукапіс зборніка “Беларускія апавяданні Бурачка”, які цэнзура не прапусціла. У 1907 г. пасля смерці пісьменніка на старонках газеты “Наша ніва” былі апублікаваны яго навелы “Сведка”, “Палясоўшчык”, “Дзядзіна”. Яго творам апошніх гадоў пашчасціла менш.
Багушэвіч не толькі ўзбагаціў беларускую літаратуру як паэт, празаік, публіцыст. Ён зрабіў вялікі ўклад у развіццё і станаўленне беларускай літаратурнай мовы. Нягледзячы на тое, што свае творы ён пісаў лацінкай, беларуская мова гучала ў яго натуральна, гнутка, афарыстычна і прыгожа.
Памяць пра славутага беларускага паэта, аднаго з буйнейшых прадстаўнікоў грамадскай думкі другой паловы XIX ст., свята ўшаноўваецца на Беларусі. Яго імя носіць Ашмянскі раённы краязнаўчы музей. На радзіме паэта створаны літаратурна-мемарыяльны Музей-сядзіба Ф. Багушэвіча ў Кушлянах. У Смаргоні і Жупранах адкрыты помнікі паэту.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2010 г., актуалізаваны ў 2011 г.