Чорны Кузьма (сапраўднае імя Раманоўскі Мікалай Карлавіч)
Дата нараджэння:
24.06.1900 Жабчава, в., Капыльскі раён, Мінская вобласць
Дата смерці:
22.11.1944
Кароткая даведка:
пісьменнік, перакладчык, імем якога названы вуліцы ў Мінску, Нясвіжы, Бабруйску, Слуцку
Псеўданімы:
Алешнік Максім; Біруля М.; Вясёлы; Игнат Булава из-под Турова; Ігнат Булава з-пад Турава; Сідарэўскі М.; Сусед-Вясёлы; Талапіла Раман; Чамярыца Арцём; Чарапкевіч Сымон; Чорны А.; Чорны К.; Чорны Кузьма; Чорный Кузьма
Імёны на іншых мовах:
Романовский Николай Карлович (руская);
Крыптанімы:
К.Ч.; М.Р-скі; М.Р.Р-скі (?); Р.М.
5582 сімвалы
Даведка
Класік беларускай літаратуры Кузьма Чорны (Мікалай Карлавіч Раманоўскі) наблізіў мастацкую прозу да чалавечых перажыванняў і пакут, раскрыў характар беларуса – працаўніка, філосафа, шукальніка.
Нарадзіўся будучы пісьменнік на Случчыне, у маёнтку Боркі, у сям’і парабка, але самым дарагім месцам на зямлі стала для яго мястэчка Цімкавічы, адкуль паходзілі бацькі і куды сям’я пераехала ў 1908 г. Гэта мястэчка пад назвай Сумлічы пісьменнік узгадвае потым у многіх сваіх творах. У 1916 г. юнак закончыў у Цімкавічах народнае вучылішча і паступіў у дэмакратычную на той час навучальную ўстанову – Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, якую ў 1919 г. польскія ўлады закрылі. Нясвіж апынуўся за межамі Савецкай Беларусі. Некаторы час ён працаваў у ваенным аддзеле Цімкавіцкага валаснога рэўкома, служыў у Слуцкім павятовым ваенкамаце, настаўнічаў у Цімкавічах. У 1923 г. паступіў у Беларускі дзяржаўны універсітэт у Мінску на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта. Але стыпендыі яму не прызначылі, да таго ж дабавілася хвароба і вучобу давялося пакінуць. Першыя апавяданні, падпісаныя псеўданімам Кузьма Чорны, малады пісьменнік надрукаваў у газеце “Савецкая Беларусь” у 1923 г. У гэты ж час уступіў у літаратурнае аб’яднанне “Маладняк”. З 1924 г. ён пачаў працаваць у газеце “Беларуская вёска”. У 1926 г. стаў на чале літаратурна-мастацкага аб’яднання “Узвышша”. У 1930-я гг. яго, як і многіх беларускіх творцаў, не абмінулі сталінскія рэпрэсіі. У мінскай турме правёў амаль восем месяцаў.
Творчае станаўленне К. Чорнага праходзіла вельмі актыўна. У 1925 г. выйшлі два зборнікі апавяданняў “Срэбра жыцця” і “Апавяданні”. У 1926 г. убачылі свет кнігі “Па дарозе”, “Пачуцці”, “Хвоі гавораць”. Раннія апавяданні перадаюць захапленне пісьменніка жыццём, радасцю адкрыцця новага. Змест іх быў традыцыйным для савецкай літаратуры першых паслякастрычніцкіх дзесяцігоддзяў: барацьба новага са старым (“Маё дзела цялячае”), вітанне пераўтварэнняў, якія несла савецкая ўлада (“Свята працы і свету”, “Жалезны крык”), усталяванне новых узаемаадносін паміж людзьмі (“Не хачу гэтак”) і інш. У іх гучыць уласцівы маладнякоўцам прыўзняты паэтычны настрой, лірызм. Але ўжо ў гэты перыяд у творчасці пісьменніка абазначылася тэма, якая ў далейшым стане вызначальнай, – тэма чалавечага спачування, цікавасці да разумення розных праяў жыцця чалавека. Апавяданні К. Чорнага 1920-х гг. істотна ўзмацнілі псіхалагічны напрамак у беларускай літаратуры. Але ў яе гісторыю пісьменнік увайшоў больш як майстар буйных празаічных твораў. У даваенныя гады быў апублікаваны яго раман “Сястра” (1927–1928). Выдатным дасягненнем беларускай прозы лічыцца раман “Зямля” (1928) – твор пра непарыўную сувязь чалавека з зямлёй. Аўтар апісвае жыццё адной вёсачкі, яе жыхароў, тыя здарэнні, якія адбываюцца штодня з імі. Пафас гэтага твора сам пісьменнік вызначыў як “замілаванне да роднай зямлі, да прыроды, хараство народных звычаяў і вобразаў, хараство беларускіх простых людзей”. Культ зямлі, што прагучаў у гэтым творы, увогуле паказальны для беларускай літаратуры. Тэме вёскі прысвечана і аповесць К. Чорнага “Лявон Бушмар” (1929), якая вызначаецца высокай мастацкай дасканаласцю. Галоўны герой намаляваны пісьменнікам з такой глыбінёй і выразнасцю, што са змястоўнага вобраза ператвараецца ў яскравы мастацкі тып.
У пачатку 1930-х гг. пісьменнік пачаў пісаць цыкл мастацкіх твораў пра гісторыю беларусаў на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. Першай спробай у гэтым кірунку стаў раман “Ідзі, ідзі” (1930), што, на жаль, так і застаўся незавершаным. Як частка цыкла ўсведамляецца і раман К. Чорнага “Бацькаўшчына” (1931), галоўны героя якога Леапольд Гушка – вобраз эпічнага маштабу. Дзеянне ў творы разгортваецца на шырокім грамадскім фоне: дарэвалюцыйны час, Першая сусветная вайна, дзве рэвалюцыі, белапольская акупацыя, усталяванне савецкай улады. У вызначаны цыкл уваходзяць таксама раманы “Трыццаць год” (няскончаны, 1934), “Трэцяе пакаленне” (1935), аповесць “Люба Лук’янская” (1936). Творы невялікія па аб’ёму, але з вялікім ахопам гістарычных падзей.
У гады Вялікай Айчыннай вайны К. Чорны жыў у Маскве, пісаў артыкулы, выступленні на радыё, адозвы да народа. Нягледзячы на тое, што здароўе значна пагоршылася (пісьменнік быў хворы на сухоты), ён актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці. У вайну, якую пісьменнік успрыняў як новы драматычны этап у гісторыі народа, з’явіліся такія яго мастацкія творы, як раманы “Вялікі дзень”, “Млечны шлях”, “Пошукі будучыні”, дзе пісьменнік зрабіў спробу філасофскага асэнсавання сваёй эпохі. У іх на першы план вылучыліся агульначалавечыя праблемы – дабро і зло, праўда і мана, чалавечнасць і жорсткасць, вайна і смерць і інш. Пісьменнік не апісвае вялікія баі, а перадае адчуванні чалавека на гэтай вайне, жудаснасць ваеннай рэчаіснасці. Творы прасякнуты бязмежнай любоўю да роднай Бацькаўшчыны, болем за пакуты чалавека на зямлі. Асобныя эпізоды вайны пісьменнік узнаўляў і ў апавяданнях, што склалі зборнік “Вялікае сэрца” (1945), сярод якіх і такое апавяданне, як “Маленькая жанчына”, – твор з ліку шэдэўраў малой прозы.
“Кузьма Чорны – выдатны мастак, – гаворыць даследчык яго творчасці М. Мішчанчук. – У складаны, драматычны, поўны ідэалагічных забаронаў час ён здолеў узняць агульначалавечыя праблемы, паказаць тое, што трывожыла простых людзей, паспачуваць ім і па магчымасці абараніць… Кузьма Чорны – гонар і сумленне беларускага народа, яго прарок і абаронца”*.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2010 г.
* Мішчанчук, М. І. Беларуская літаратура XX ст. / М. І. Мішчанчук, І. С. Шпакоўскі. Мінск, 2001. С. 150.