Адным з выдатных пачынальнікаў новай беларускай літаратуры з’яўляецца паэт і празаік З. Бядуля (сапраўднае прозвішча Самуіл Яфімавіч Плаўнік).
Нарадзіўся ён у небагатай яўрэйскай сям’і ў мястэчку Пасадзец Лагойскага раёна Мінскай вобласці. Бацька яго быў арандатарам, дробным гандляром, любіў музыку – іграў на скрыпцы. Дзед, адзіны ў мястэчку каваль і меднік, меў уласную бібліятэку. Будучы пісьменнік вучыўся ў навучальных установах яўрэйскай абшчыны. Ведаў іўрыт – старажытнаяўрэйскую мову, ідыш, нямецкую, беларускую, рускую і крыху польскую мовы. Нейкі час працаваў настаўнікам яўрэйскай мовы. Яшчэ хлопчыкам З. Бядуля складаў вершы на старажытнаяўрэйскай мове, але пачаткам яго літаратурнай дзейнасці лічыцца 1907 г., калі ён пачаў пісаць вершы на рускай мове і пасылаць іх у пецярбургскія часопісы. Там вершы хвалілі, але не друкавалі. Першы мастацкі твор будучага пісьменніка ўбачыў свет у газеце “Наша Ніва”. Гэта быў абразок “Пяюць начлежнікі” (1910). У 1912 г. Бядуля пераехаў у Вільню. Працаваў у канторы лесапрамыслоўца, затым – у рэдакцыі “Нашай Нівы”.
У маладосці З. Бядуля быў блізкі да сімвалістаў, але элементы сімвалізму ў яго творчасці грунтаваліся на беларускай глебе, фальклорна-міфалагічных вытоках. У беларускую літаратуру ён прынёс, як падкрэслівае даследчык яго творчасці І. Навуменка, адзнаку інтэлігентнасці, культ пачуцця, замілаванасць да прыгажосці, разлітай у навакольным свеце. Да ранняй лірыкі З. Бядулі прымыкае яго першы зборнік імпрэсіяністычных замалёвак “Абразкі” (1913), якія толькі адсутнасцю рыфмы адрозніваюцца ад вершаў. У большасці сваіх імпрэсій пісьменнік звяртаўся да прыроды, імкнуўся супрацьпаставіць убогаму вясковаму жыццю яе вечна маладую, зменлівую прыгажосць.
Сапраўднай класікай у гісторыі беларускай літаратуры сталі апавяданні З. Бядулі, напісаныя ў гэтыя ж гады: “Пяць лыжак заціркі” (1912), “Маладыя дрывасекі” (1914), “На каляды к сыну” (1913), “Велікодныя яйкі” (1913), “Летапісцы” (1914). У 1923 г. яны ўвайшлі ў першую кнігу апавяданняў З. Бядулі “На зачарованых гонях”. У гэтых апавяданнях пісьменнік малюе вясковае жыццё – цяжкае, невыноснае, без ніякай надзеі на будучае. Героі многіх апавяданняў – дзеці, якія вымушаны галадаць, паміраць, не маюць магчымасці развіваць свае здольнасці і талент.
У 1915 г. З. Бядуля пераехаў у Мінск, дзе працаваў спачатку ў бежанскім камітэце, а пасля супрацоўнічаў у розных газетах, у тым ліку ў “Савецкай Беларусі”, рэдагаваў дзіцячы часопіс “Зоркі”. У 1926 г. ён пачаў працаваць у Інстытуце беларускай культуры, рэдагаваў краязнаўча-этнаграфічны часопіс “Наш край”.
Адначасова З. Бядуля працягваў літаратурную дзейнасць. Сучасным чытачам малавядомы ваяцкія песні і патрыятычныя вершы, уключаныя ў зборнік “Пад родным небам” (1922), якія пазней не друкаваліся. Гэта публіцыстычныя, грамадзянскія вершы-заклікі, санеты патрыятычнага гучання.
У 1920–1930-я гг. З. Бядуля напісаў некалькі паэм: “Беларусь”, “У ясных Крушнях”, “З сказаў буры і віхуры”, “Дзед”, у якіх супрацьпастаўляў цяжкае, беспрасветнае дарэвалюцыйнае жыццё новаму – светламу і шчасліваму. Пісьменніка вабіла вусная народная творчасць, міфалогія, этнаграфія, краязнаўства. Як народная легенда была пазначана яго паэма “Госць”, напісаная на аснове народнага падання і ўключаная ў зборнік “Паэмы” (1927). Цалкам на этнаграфічным і фальклорным матэрыялах створана паэма З. Бядулі “Ярыла”. На багатым фальклоры Палесся напісана паэма “Палескія былі”. Пытанням этнаграфіі і фальклору прысвяціў ён шэраг артыкулаў, а ў 1924 г. выдаў асобную кнігу “Вера, паншчына і воля ў беларускіх народных песнях і казках”.
Адметнай з’явай у беларускай літаратуры стала аповесць З. Бядулі “Салавей” (1927), прысвечаная мінуўшчыне, дзікім часам прыгоннага права. Гэта цікавы, змястоўны, казачны, прыгодніцкі і рамантычны твор. Другога такога ці нават падобнага да яго ў беларускай літаратуры няма. Па матывах аповесці быў пастаўлены балет “Салавей”. Пасля гэтай аповесці і адначасова з ёю выходзілі зборнікі апавяданняў З. Бядулі “Апавяданні” (1926), “Дэлегатка” (1928), “Незвычайныя гісторыі” (1931). Незайздросны лёс выпаў на долю сацыяльна-псіхалагічнага рамана “Язэп Крушынскі” (1929–1932). Тагачасная крытыка папракала аўтара за слабую ідэйнасць твора, недастатковае адлюстраванне класавай барацьбы, калектывізацыі. Сучасныя даследчыкі творчасці З. Бядулі абверглі гэтыя абвінавачванні, але ў той час пісьменнік хваравіта перажываў нападкі крытыкі.
У канцы 30-х гадоў Бядуля напісаў дзве аўтабіяграфічныя аповесці “Набліжэнне” (1935) і “У дрымучых лясах” (1939). Апошнім яго творам стала аповесць-казка “Сярэбраная табакерка” (1940). Упершыню яна цалкам была надрукавана толькі ў 1953 г. і стала любімым творам многіх пакаленняў беларусаў. У аснову сюжэта гэтай цудоўнай аповесці ляглі матывы народнай казкі пра тое, як дудар-паляшук паланіў смерць, запазычаныя з фальклорных запісаў А. Сержпутоўскага. Але з народнай казкі пісьменнік зрабіў філасофска-павучальную прытчу аб барацьбе дабра і зла, жыцця і смерці. Аповесць-казку “Сярэбраная табакерка” можна лічыць духоўным тастаментам пісьменніка нашчадкам.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2006 г., актуалізаваны ў 2010 г.