Творчасць заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Аляксандры Ануфрыеўны Паслядовіч належыць да лепшых узораў класічнай беларускай станковай графікі другой паловы ХХ ст.
Нарадзілася яна ў Мінску ў сям’і чыгуначніка. Яшчэ ў час вучобы ў школе праявіліся здольнасці да малявання і А. Паслядовіч пачала наведваць прыватную студыю мастака В. Волкава. У 1938 г. паступіла на жывапіснае аддзяленне Віцебскага мастацкага вучылішча, дзе выкладчыкамі былі такія выдатныя мастакі і педагогі, як І. Ахрэмчык, Ф. Фогт, Л. Лейтман, Х. Гутэрман. У час Вялікай Айчыннай вайны яна эвакуіравалася спачатку ў Куйбышаўскую вобласць, потым у Казань, Уфу. Працавала ў калгасе, на аўтазаводзе, у мастацкім музеі экскурсаводам. У 1943 г. А. Паслядовіч паступіла на першы курс жывапіснага факультэта Ленінградскага інстытута жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Рэпіна, які быў эвакуіраваны ў Самарканд. У 1944 г. вярнулася ў Ленінград, дзе і працягнула вучобу. Спачатку А. Паслядовіч займалася жывапісам пад кіраўніцтвам мастакоў-педагогаў А. Асьмёркіна і Г. Савінава, але пазней перайшла на аддзяленне графікі. У 1950 г. яна закончыла вучобу і засталася ў Ленінградзе. Працавала ў галіне кніжнай графікі. Выканала ілюстрацыі да твораў Д. Грыгаровіча і І. Ганчарова. Прымала актыўны ўдзел у мастацкіх выстаўках. У 1954 г. стала членам Ленінградскага Саюза савецкіх мастакоў.
У 1957 г. А. Паслядовіч вярнулася ў Мінск і з гэтага часу назаўсёды звязала лёс і творчасць з Беларуссю. Знайсці свой творчы шлях, асноўную тэму мастачка здолела не адразу. Першыя гады працягвала працаваць у кніжнай графіцы. Стварыла ілюстрацыі да твораў Я. Коласа, Я. Купалы, Т. Шаўчэнкі, але хутка зразумела, што яе сапраўднае прызванне – станковая графіка. Спачатку А. Паслядовіч спрабавала свае сілы ў так званых вольных тэхніках: пастэлі, гуашы, вугалі. У канцы 1950-х гг. яна стварыла цыкл пастэлей «Поры года», што вылучаюцца тонкім лірызмам у падачы роднай прыроды і вобразаў працаўнікоў беларускай вёскі, а ў пачатку 1960-х гг. – серыю партрэтаў, сярод якіх найбольш значнымі былі «Партрэт Марыі Касавец» (1960) і «Беларуска» (1961) з цыкла «Па родным краі». Паездкі па Палессі, яго багатая прырода, традыцыйны сялянскі побыт, самі беларускія жанчыны натхнілі мастачку на стварэнне абаяльных і сціплых вобразаў, што сталі вядучай тэмай на працягу доўгага перыяду творчасці. Жаночыя партрэты А. Паслядовіч заўсёды эмацыянальна стрыманыя, спакойныя. Віртуозна валодаючы тэхнікай афорта, літаграфіі, акварэлі, мастачка зрабіла вялікі ўклад у развіццё эстампа ў Беларусі. Спачатку яна ўжывала тэхніку гравюры ў жанры кніжнай ілюстрацыі (лінагравюры да кніг «Рыбакова хата»
Я. Коласа (1962) і «Кацярына» Т. Шаўчэнкі (1964), выкананыя разам з В. Сахненкам), а затым у вялікіх цыклах станковых прац «Па Балгарыі», «Па Італіі», «На Палессі» (усе 1965 г.). Першыя значныя дасягненні ў галіне эстампа былі дасягнуты ў серыі літаграфій «Па матывах беларускіх народных песень» (1967). У работах з гэтага цыкла «Ой, рана на Івана», «У садзе зязюля кукуе», «Пайду па лужку», «Наказалі на вайну» выявілася імкненне А. Паслядовіч перайсці ад канкрэтных вобразаў да абагульненых. У пачатку 1970-х гг. усё часцей звярталася да каляровай гравюры. Яна адна з першых беларускіх мастакоў-графікаў зрабіла колер асноўным выразным сродкам, надала яму інтэнсіўнасць, насычанасць і эмацыянальную выразнасць. Вялікую ролю адыграў колер у серыі літаграфій «Беларускія народныя святы» (1969), сярод іх «Музыкі», «Хор», «Свята». Пэўнай выразнасці колерных суадносін мастачка дасягнула ў серыі «Беларускія жанчыны» (1971). У найбольш значных работах «Гаспадыня» і «Рабіна» праблема колеру вырашана ўжо выключна графічнымі сродкамі. Каларыстычная ўраўнаважанасць, суадносіны тонаў, стрыманы, лаканічны колер характэрны для твораў А. Паслядовіч. Вяршыняй творчасці стала серыя літаграфій «Народныя майстры» (1973). У работах «Ганчары», «Залатыя коні», «Ткачыхі» найбольш яскрава выяўляецца пластычнасць твораў. Персанажы пададзены фрагментарна, буйным планам, максімальна набліжаны да гледача, ім уласцівы строгая сіметрыя, статычная нерухомасць. У другой палове 1970-х – пачатку 1980-х гг. мастачка ўсё часцей звярталася да партрэта, пейзажа, нацюрморта. Яе прываблівала магчымасць паглыбленага сузірання асяроддзя, выяўленне эмацыянальнай і філасофскай сутнасці. У «Вясковым нацюрморце» (1975) набор прадметаў невялікі, яны старанна адабраны. Гэта звычайныя рэчы, якімі карысталіся сяляне ў паўсядзённым жыцці, але кожная з іх набыла ў літаграфіі шматзначнасць сімвала непахіснасці, устойлівасць народнага побыту, непарушнасці быцця. Цікавыя нацюрморты аўтара з сухімі раслінамі і нежывымі істотамі («Рыба і сеці» (1976), «Нацюрморт са званочкамі» і «Нацюрморт са снапом» (1977), «Нацюрморт з макамі» (1980)), якія выкананы ў тэхніцы сухой іголкі. Галоўная ўвага ўдзялялася выразнасці штрыхоўкі, кантрастам чорнага і белага, падачы эфектаў асвятлення, мяккім ці кантрастным перападам святла і ценю.
Фальклорныя матывы, духоўная спадчына народа арганічна ўвайшлі ў творчасць А. Паслядовіч. Метадам пазнання рэальнасці для мастачкі было эпічнае абагульненне, дзе кожны герой і атрыбут набывалі ў вобразным свеце манументальнае гучанне, надаючы яе майстэрству асаблівую значнасць і творчую самастойнасць. Нацыянальны каларыт работ А. Паслядовіч абапіраўся на духоўныя і эстэтычныя каштоўнасці беларускага народа. Яна імкнулася спалучаць фальклорную аснову сваіх прац з сучасным светаадчуваннем. Творы А. Паслядовіч можна параўноўваць з узорамі еўрапейскай графікі розных стагоддзяў, і ад гэтага яны яшчэ больш выяўляюць сваю мастацкую вартасць. Яе работы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў і Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі, Дзяржаўным музеі выяўленчых мастацтваў імя А. С. Пушкіна ў Маскве і інш. У 1988 г. А. Паслядовіч узнагароджана Дзяржаўнай прэміяй БССР.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.